Пошук

08.08.2026 16:55   Тэкст: Кацярына Савянок / Фота: Людміла Свойчык, Кацярына Савянок / Catholic.by

1 і 2 жніўня ў «Мястэчку Беззаганнай», у Доме Марыі на тэрыторыі францішканскага кляштара ў вёсцы Удзела (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат), прайшла сустрэча братоў і сясцёр Францішканскага ордэна свецкіх (ФОС).

Браты з Удзела і Глыбокага віталі супольнасці са Шчучына, Ліды, Гродна, Маладзечна, Мінска і Віцебска. Каб зрабіць паўзу сярод штодзённых клопатаў, пабыць разам і глыбей адчуць Божую прысутнасць, некаторыя пераадолелі шлях больш за 300 кіламетраў. 

Падчас канферэнцый і работы ў групах удзельнікі разважалі на тэму братэрства.

Кожны з нас з’яўляецца ўдзельнікам якой-небудзь супольнасці: сям’і, працоўнага калектыва, мясцовай братэрскай супольнасці. І ўсе мы — браты, дзеці Айца.

Братэрства — гэта тое рэвалюцыйнае і прынцыпова новае, што святы Францішак з Асізі унёс у жыццё Каталіцкага Касцёла ХІІІ стагоддзя. Менавіта ён ідэю хрысціянскай еднасці ператварыў з абстрактнага тэалагічнага паняцця ў штодзённы лад жыцця, цалкам змяніўшы тагачасную манаскую традыцыю. Як перажываць братэрства, як прымаць цяжкасці ў адносінах, каб яны мелі станоўчы характар і спрыялі ўласнаму ўзрастанню, еднасці ў супольнасці і больш глыбокаму духоўнаму жыццю сваім досведам дзяліліся браты капуцыны Уладзіслаў Мінько OFMCap і Аляксандр Астраушка OFMCap.

Брат Уладзіслаў заўважыў, што кожны хрысціянін з моманту хросту атрымлівае заданне быць прарокам у Езусе Хрысце: мы пакліканы несці іншаму чалавеку Божае слова, бачыць вачыма Бога тое, што адбываецца ў жыцці бліжняга, а таксама праўдзіва інтэрпрэтаваць і тлумачыць прычыны. Але каб быць здольнымі спаўняць гэтае пакліканне, найперш мы павінны навучыцца слухаць.

Хоць у сучасным свеце людзі імкнуцца быць незалежнымі адзін ад аднаго, Бог хоча, каб у хрысціянскай супольнасці мы жылі адзін для аднаго. У такой цеснай сувязі грэх аднаго аслабляе ўсю супольнасць, таму прарок патрэбны кожнаму. Ці ёсць такі чалавек у нашым жыцці? Братэрская супольнасць, дзе адбываюцца частыя сустрэчы, стварае больш спрыяльныя ўмовы, каб браты маглі стаць адзін для аднаго прарокамі. 

У спаўненні паклікання брат Уладзіслаў звярнуў увагу на небяспеку стаць адзін для аднаго настаўнікамі:

«Адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты» (Мц 23, 8). Прарок — не настаўнік, а сведка Бога: ён дзеліцца тым, што атрымаў. Калі я адчуваю, што я хачу навучыць — значыць стаўлю сябе вышэй за брата. Гэта ўжо нельга лічыць прароцтвам, але хутчэй забойствам, бо сваім узвышэннем я раню брата. Прарок — гэта той, хто служыць, з пакораю прыходзіць перадаць слова і вельмі рызыкуе, што яму могуць адмовіць. Перш чым ісці да чалавека са словам, варта правесці распазнанне: ці я люблю таго чалавека, да каго іду, ці хачу, каб ён быў большы, чым я, свяцейшы, чым я. Калі ёсць такое ў сэрцы, то вельмі верагодна, што Бог мяне да гэтага брата пасылае».Брат Аляксандр падчас канферэнцыі ўзняў пытанне крызісаў у супольнасці. Ён звярнуў увагу на тое, што Бог захацеў стварыць чалавека як мужчыну і жанчыну ад пачатку рознымі менавіта для таго, каб яны ўзаемадзейнічалі. Жанчыны, больш скіраваныя на адносіны і эмпатыю, і мужчыны, якія лепш бачаць мэту і да яе кіруюць, рашаюць тэхнічныя задачы, патрэбныя адзін аднаму. Але чаму для Бога тое, што людзі розныя, не з’яўляецца праблемай, але мы пачынаем нервавацца, калі хтосьці думае і дзейнічае інакш, чым мы? Адна з прычынаў, на якую асабліва звярнуў увагу брат, у тым, што іншасць ставіць пад сумненне наша выхаванне ці жыццёвы досвед. Ці тое, чаму мы навучыліся, не вартае? Ці мы як асобы не вартыя? Пад гэтымі пытаннямі хаваецца іншае грунтоўнае пытанне: «Ці я ёсць тое, чаму я навучыўся? На чым стаіць мая асоба?» Калі мая асоба збудавана толькі на маім жыццёвым досведзе, то гэта слабы фундамент.

«Сёння ўсё больш гаворыцца, што трэба ізалявацца ад таксічных людзей, будаваць свой мікракосмас, дзе добра сябе адчуваеш за вялікай агароджай. Але Бог будзе ў нашым жыцці пастаянна ламаць такія збудаванні.  Паколькі мы створаны на ўзор Святой Тройцы, гэты свет ёсць нібыта палігон, дзе мы трэніруемся выходзіць да іншага чалавека. За кожнага з нас вядзецца барацьба, таму па нас будуць «страляць», і нам будзе балець. На братоў мы можам глядзець як на тых, хто перашкаджае нам «акапацца», застацца там, дзе прыемна. Але ў бачанні хрысціянства, у бачанні святога Францішка браты нам патрэбны, каб перараджацца. Дзякуючы нашай гісторыі мы сфармавалі «слупы», на якіх трымаецца нашае «я», наш вобраз сябе. А браты дапамагаюць нам гэтыя слупы зносіць, каб мы замест сінтэтычнага вобразу сябе, у якім мы прыкладовыя і выглядаем лепш, чым ёсць, мелі магчымасць адбудоўваць нашае праўдзівае «я» з Хрыстом і на Яго фундаменце» адзначыў брат.

Брат Аляксандр заахвоціў дазволіць брату ў супольнасці быць іншым, даць яму прастору, прыняць, што Бог мае на яго план. Гэта не значыць, што прастора належыць толькі яму. Калі ёсць неабходнасць, то можна і заўвагу зрабіць, але з любоўю, напрыклад, праз такую формулу: «пахвала крытыка пахвала».

Пасля канферэнцыі быў час цішыніі, калі можна было паразважаць над ўласным стаўленнем да братоў і да сябе, а таксама адказаць сабе на пытанні, ці я разумею, што я пярліна, што за мяне памёр Хрыстус, ці імкнуся рабіць тое, што хоча Ён, а не будую сябе на меркаванні іншых людзей.

Падчас нешпараў брат Уладзіслаў нагадаў аб тым, як важна ў паўсядзённым жыцці навучыцца сярод дня рабіць паўзы для малітвы, даваць прастору Богу: «На якім бы этапе фармацыі я ні быў, варта затрымацца і паглядзець, дзе я знаходжуся: ці сапраўды здольны адрачыся ад зла, ад свайго старога чалавека, свайго эга; ці гатовы ўстаць і пайсці за Божым словам? Што я выбіраю - волю Бога ці сваю?»

Свой чарговы выбар у духоўным жыцці і першы крок у супольнасці ФОС зрабіла адна сястра ў Хрысце, распачаўшы ў гэты дзень перыяд уводзінаў (пастулат).

2 жніўня свецкія францішкане прынялі ўдзел у парафіяльнай урачыстасці з нагоды свята Маці Божай Анёльскай, якое мае францішканскія карані і звязана з капліцай Парцыюнкулі каля Асізі ў Італіі калыскай францішканскага ордэна. Паводле падання, ў 1226 годзе Францішку з’явіліся Хрыстус і Маці Божая з анёламі. Панна Марыя выпрасіла ў Сына поўны адпуст для кожнага, хто наведае ў гэты дзень гэтую капліцу. Папа Ганорый ІІІ зацвердзіў адпуст. Пазней прывілей распаўсюдзіўся спачатку на ўсе францішканскія, а затым і парафіяльныя, а нават і непарафіяльныя, касцёлы і капліцы.

Разам з пробашчам парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі айцом Яраславам Банасякам OFMConv урачыстую святую Імшу цэлебравалі айцец Віктар Мялешка OFMConv і брат Уладзіслаў, які прамовіў гамілію. У скіраваным да прысутных слове ён найперш звярнуў увагу на наш голад, нашыя прагненні. Ён заўважыў:

«Мы галодныя і сасмаглыя не толькі ў плане ежы. Нам часта не хапае ўвагі, удзячнасці з боку іншых, слоў падтрымкі, разумення, але галоўнае — любові. Нашае сэрца заўсёды шукае чыстай любові. Праблема ў тым, што мы пра гэты ўнутраны голад забываем і больш перажываем пра голад знешні — ежу».

Часта чалавек думае, што калі сам не зробіць, то хто пра яго паклапоціцца? Але гэта не зусім праўда. Як Бог глядзіць на нашыя галодныя сэрцы? «Езус убачыў вялікі натоўп людзей, і злітаваўся над імі» (Мц 14, 14). Слова, якое пераклалі як «злітаваўся», у грэчаскай мове азначае шэраг пачуццяў матулі, калі ў яе ўлонні ўзварушыцца дзіцятка. Езус бачыць натоўп людзей і з матчыным пачуццём жадае даць усё, што ім трэба. І найперш Езус звяртае ўвагу на іх унутраны голад: насычае словам, аздараўляе сэрцы. А ўжо потым Ён дае магчымасць накарміць іх хлебам.

Другое, аб чым разважаў брат Уладзіслаў гэта пакліканне і роля вучняў.

Езус хоча накарміць народ праз вучняў. Ён запрашае людзей, каб забяспечвалі не толькі свой голад, але клапаціліся і аб тых, хто побач. «Калі Бог кліча вучня, Ён кажа: "Мне не трэба ад цябе многа. Але Мне трэба ўсё. Усё, што маеш". Нават, калі табе здаецца, што ты нічога не маеш, ніякіх асаблівых талентаў, аддай тое, што ў цябе ёсць, Езусу. І ты сам не будзеш галодны, і накорміш тых, хто побач  цяпер і нават у перспектыве часу. Калі б 800 гадоў таму адзін хлопец імем Францішак не вырашыў аддаць Богу ўсё, то не мелі б мы францішканскай святыні ў Удзеле і не мелі б магчымасць атрымаць сёння адпуст. Бог заўсёды хоча насыціць наш голад аж так, што яшчэ застанецца вельмі многа астаткаў», падсумаваў брат.

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, напрыканцы якой айцец Віктар распавёў гісторыю з’яўлення Ордэна Братоў Меншых Канвентуальных (францішканаў) у Удзеле, стварэння мястэчка, прысвечанага Беззаганнай. Таксама была магчымасць наведаць вядомую на Беларусі батлейку, якая з моманту стварэння (каля 20 гадоў) працуе без рамонту.

Глыбокія канферэнцыі і гаміліі, малітва, цёплыя размовы і магчымасць узбагаціцца вопытам праз пачутыя сведчанні, Божая прысутнасць, смачная ежа і ветлівасць гаспадароў, спакой і прыгажость, а таксама апека Гаспадыні гэтага мястэчка — Марыі  разам са святым Францішкам за ўсё гэта хвала Богу і падзяка ўсім удзельнікам!

Абноўлена 08.08.2026 17:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.