
11 жніўня Каталіцкі Касцёл ушаноўвае памяць святой Клары з Асізі, вернай паплечніцы святога Францішка, заснавальніцы Ордэна Кларысак і святой апякункі тэлебачання.
Святая Клара, якая нарадзілася ў 1194 годзе ў італьянскім горадзе Асізі, была жанчынай высакароднага паходжання, якая абрала жыццё ў беднасці і прысвячэнні Богу. Глыбока натхнёная вучэннем і прыкладам святога Францішка Асізскага, Клара пакінула сваё забяспечанае жыццё ва ўзросце 18 гадоў, каб прыняць пакорлівае жыццё ў служэнні.
У Пальмовую нядзелю 1212 года Клара пакінула свой дом і адправілася ў Парцыюнкулю, дзе жылі Францішак і яго браты. Там яна адраклася ад свайго багацця і атрымала грубае ваўнянае адзенне, якое сімвалізуе яе новае жыццё. Францішак змясціў яе часова ў бэнэдыктынскі кляштар, але неўзабаве яна перабралася ў Сан-Даміяна, невялікі касцёл, адноўлены Францішкам. Сястра Клары, Агнэса, далучылася да яе, і разам яны заснавалі Ордэн Бедных Паннаў або кларысак (Ordo Sanctae Clarae), манаскі ордэн, які прысвячае сваў жыццё малітве, беднасці і пакоры.
Нягледзячы на дрэннае здароўе, яна была прыкладам сілы і рашучасці, асабліва абараняючы свой кляштар ад захопнікаў.
Адзін вядомы выпадак распавядае, як яна, трымаючы Найсвяцейшы Сакрамэнт перад варожым войскам, прымусіла яго адступіць.
Святая Клара падтрымлівала глыбокія духоўныя адносіны са святым Францішкам і строга прытрымлівалася яго бачання беднасці. Яна напісала першы вядомы манаскі статут, створаны жанчынай, які падкрэсліваў абсалютную беднасць і поўную залежнасць супольнасці ад Божага провіду.
Святая Клара памерла 11 жніўня 1253 года. Яна была кананізаваная ўсяго праз два гады, у 1255 годзе, Папам Аляксандрам IV. Яе спадчына працягвае жыць праз Ордэн Кларысак, якія па ўсім свеце ўвасабляюць яе бачанне прастаты і вернасці Богу.







