Пошук

03.03.2026 15:55   Тэкст: Вераніка Раманенкава, брат Алег Шэнда OFMCap / Фота: з архіва кустодыі / Catholic.by

3 сакавіка 2026 года намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей Герасіменя ўрачыста ўручыў брату Алегу Шэнду OFMCap, вышэйшаму настаяцелю, Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійнай арганізацыі «Рымска-каталіцкая манаская абшчына "Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў"».

Супольнасць братоў капуцынаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’яўляецца адной з самых маладых, яе прысутнасць на нашай зямлі распачалася ў 1938 годзе ў невялічкай мясцовасці Пералом на Гродзеншчыне. Перыяд ваенных ліхалеццяў і пазнейшых пераследаў вытрывалі толькі двое капуцынаў, якія не былі святарамі. Дзякуючы вернасці свайму пакліканню і рупліваму служэнню ў няпростых акалічнасцях, яны дачакаліся чарговых пакліканняў, якія ў той час нараджаліся яшчэ ва ўмовах «канспірацыі». Далей рост колькасці мясцовых капуцынаў дазволіў Генеральнаму міністру Ордэна ўтварыць у сакавіку 1997 года Віцэправінцыю Беларусі, даручанаю тады апецы Варшаўскай правінцыі капуцынаў, а ў 2013 годзе – рэарганізаваць яе ў Кустодыю Беларусі, якую чарговы найвышэйшы настаяцель перападпарадкаваў непасрэдна сабе ў ліпені 2024 года.

Сёння братоў капуцынаў можна сустрэць у аграгарадку Ліпнішкі Гродзенскай дыяцэзіі, горадзе Докшыцы Віцебскай дыяцэзіі, гарадах Маладзечна і Смалявічы, а таксама вёсцы Копішча Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Ва ўсіх гэтых населеных пунктах братам капуцынам даручана пастырская апека ў мясцовых, а часам і прылеглых каталіцкіх парафіях. У большасці выпадкаў братам Ордэна даводзілася будаваць каталіцкія святыні і манаскія дамы з самага пачатку. Сёлета, з нагоды юбілею смерці святога Францішка, капуцынскія святыні, між іншым, з’яўляюцца месцамі адпустаў. За межамі радзімы з 2017 года капуцынам Кустодыі Беларусі даручана пастырская апека над нашымі суайчыннікамі ў горадзе Вільня, а ад 2024 года капуцыны прынялі пастырскі клопат у горадзе Варонеж.

На рахунку беларускіх капуцынаў ёсць таксама некалькі гадоў місіянерскага служэння ў Габоне і Грузіі.

У каталіцкім асяродзі Беларусі капуцыны праяўляюць сябе не толькі ў пастырскай дзейнасці. Браты Кустодыі спадарожнічалі актывізацыі касцёльных судоў у Віцебскай і Мінска-Магілёўскай дыяцэзіях. Манахі рупліва нясуць адказнасць за дзейнасць дабрачыннай арганізацыі Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Браты Ордэна ўжо некалькі гадоў служаць супрацоўнікамі Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь. Пад асаблівай апекай капуцынаў знаходзіцца цэнтр цвярозасці на Віцебшчыне. Па даручэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі капуцыны садзейнічалі выдавецкай дзейнасці шэрагу патрэбных літургічных кніг і афіцыйных дакументаў Касцёла на беларускай мове. Выключную ролю ў клопаце пра прыгажосць літургіі адыгрывае капуцынская майстэрня па пашыве літургічнай вопраткі Sacris Vestibus, якая размешчана ў горадзе Маладзечна.

Асяроддзем пашырэння айчыннай культуры з’яўляецца капуцынская святыня пад Мінскам, дзе рэгулярна адбываюцца арганныя і харавыя канцэрты з выразным акцэнтам папулярызацыі беларускай музычнай спадчыны.

Там жа, у касцёле святога Францішка, ёсць магчымасць наведаць заняткі па класе аргана для тых, хто хоча падрыхтавацца да музычнага суправаджэння літургіі.

Барадатых манахаў у карычневых габітах з доўгімі каптурамі і падперазаных простай вяроўкай штогод можна сустрэць пры нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай у імправізаванай кавярні і ў асяродзі братоў пачаставацца выключна смачнай кавай. Апошнія гады рэгулярныя трансляцыі галоўных урачыстасцяў з Ватыкана на каналах беларускага тэлебачання часта суправаджаюцца голасам некаторых братоў капуцынаў.

Хочацца выказаць спадзяванне, што адкрыццё новай старонкі прысутнасці братоў капуцынаў у Беларусі дасць яскравы штуршок для далейшага развіцця на карысць  духоўнага, культурнага, сацыяльнага і асветніцкага ўзбагачэння нашай краіны.

Абноўлена 03.03.2026 17:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця