З 4 па 6 лістапада ў Мінску Рэлігійная арганізацыя Caritas Беларусь правяла міжнародны форум «Галасы ў дзеянні — Міжнародны хаб па абароне дзяцей і ўразлівых дарослых». У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі з Бельгіі, Грузіі, Казахстана, Арменіі, Расіі, Аўстрыі і Беларусі.
Апошні форум, прысвечаны абароне дзяцей і ўразлівых дарослых, адбыўся шэсць гадоў таму. Мінулы пасля гэтага час быў перыядам актыўнай работы, рэалізаваны важныя ініцыятывы ва ўмацаванні сістэмы абароны тых, хто мае патрэбу ў асаблівым клопаце і падтрымцы.
У сучасным грамадстве асаблівая ўвага надаецца пытанням абароны правоў і дабрабыту самых уразлівых груп насельніцтва — дзяцей і дарослых, якія знаходзяцца ў складаных жыццёвых абставінах і маюць патрэбу ў асаблівай увазе і спецыяльных мерах абароны. Дзейнасць Caritas абумоўлена не толькі распаўсюджаннем хрысціянскіх каштоўнасцей, але і імкненнем спрыяць бяспецы і годнасці кожнага чалавека.
Сустрэча распачалася святой Імшой, якую цэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, адказны ў беларускім каталіцкім епіскапаце за справы дабрачыннасці, справядлівасці і міру. Іерарх шчыра прывітаў і падзякаваў ўсім ўдзельнікам форума за прысутнасць.
Разам з тым ён заўважыў, што нават малы, але неасцярожны, неабдуманы або неразважлівы жэст можа парушыць рэпутацыю Касцёла. «І якраз ініцыятыва нашага форума і заключаецца ў тым, каб выключыць сітуацыі, якія здольныя разбурыць тое добрае служэнне, якое нясе Каталіцкі Касцёл і Caritas», — адзначыў ён.
Дырэктар Caritas Беларусь ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч, адкрываючы форум, прадставіў усіх удзельнікаў, сярод якіх былі генеральны сакратар Caritas Еўропа Марыя Нюман, каардынатар па гуманітарных пытаннях і ахове Caritas Еўропа Шарэль Крыпс, праектны кіраўнік па праграмах у рэгіёне СНД і адказная за фонд пастаральных праектаў у дыяцэзіі Лінц (Аўстрыя) Зігрыд Шпіндэльбек.
Дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі, кансультант па прававых пытаннях ККББ Андрэй Зноска ў сваім выступленні распавёў аб актуальных праблемах абароны дзяцей і ўразлівых дарослых, якія сёння існуюць у парафіяльных супольнасцях.
У кожнага ўдзельніка форума была магчымасць далучыцца да інтэрактыўных абмеркаванняў, якія засяроджваліся на канкрэтных тэмах, такіх як:
- лічбавая бяспека і ўзаемадзеянне пакаленняў;
- прафілактыка насілля ў сем'ях з алкагольнай залежнасцю;
- сямейная медыяцыя як інавацыйны падыход да падтрымкі дзяцей і сем'яў;
- даступная камунікацыя як інструмент, які дазваляе людзям атрымліваць інфармацыю аб сваіх правах і бяспецы;
- кіраванне стрэсам у асоб, якія ажыццяўляюць догляд за хворымі.
Сумесная праца ў групах дазволіла больш падрабязна разгледзець прадстаўленыя праблемы і знайсці практычныя рашэнні.
На сустрэчы падкрэслівалася, што меры абароны павінны дзейнічаць на ўсіх узроўнях: не толькі нацыянальных і дыяцэзіяльных, але таксама і ў парафіях. Каб убачыць, як пытанні абароны і бяспекі інтэграваны ў працу з дзецьмі і моладдзю, госці наведалі парафію Святога Казіміра ў Маладзечне і супольнасць Святога Дамініка Савіо ў Бараўлянах пад Мінскам.
На заканчэнне форума ксёндз Андрэй Аніскевіч звярнуўся да ўсіх удзельнікаў: «Самае дарагое ў чалавека — гэта жыццё. А ў жыцці самае дарагое — гэта час. Яго нельга ні купіць, ні прадаць, ні вярнуць. Гэта тое, што мы маем толькі тут і цяпер.
І менавіта за гэта я хацеў бы вам падзякаваць: за час, якім вы дзеліцеся з людзьмі, што маюць у вас патрэбу, за вашу любоў і добрыя сэрцы, а таксама за час, які мы з карысцю правялі разам на форуме.
І мы спадзяемся, што наша добрае супрацоўніцтва абавязкова працягнецца і сумеснымі намаганнямі мы зможам дасягнуць яшчэ большых поспехаў у дадзеным накірунку».



























































