
11 красавіка студэнты прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне наведалі гродзенскі касцёл Маці Божай Анёльскай, дзе служаць францішкане.
Адзіны ў Беларусі брат францішканін Павел Расілевіч OFMConv пазнаёміў семінарыстаў з гісторыяй касцёла і кляштара, паказаў арган, які знаходзіцца ў касцёле, — найстарэйшы з працуючых арганаў у нашай краіне, распавёў пра святых, абразы якіх змешчаныя ў гэтай святыні, і пра выбітных святароў, якія служылі там раней: найперш пра святога Максіміліяна Кольбэ і слугу Божага Мельхіёра Фардона. Таксама брат Павел падзяліўся гісторыяй свайго паклікання.
Паколькі сёлета адзначаецца Юбілейны год з нагоды 800-й гадавіны смерці святога Францішка Асізскага, семінарысты памаліліся перад яго рэліквіямі.
Выходзячы з гістарычнага францішканскага корпуса, студэнты семінарыі звярнулі ўвагу на дом, які стаў калісьці «першай курыяй» Гродзенскай дыяцэзіі, бо менавіта ў ім нядоўгі час жылі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Гэтае наведванне было для семінарыстаў крыніцай уражанняў і новых ведаў па гісторыі францішканскага ордэна і мясцовага Касцёла.



















