11 чэрвеня ў Гродне прайшла эўхарыстычная працэсія па вуліцах горада. Працэсія праводзілася на заканчэнне актавы ўрачыстасці Найсвяцейшых Цела і Крыві Хрыста.
У працэсіі ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, духавенства гродзенскіх парафій, вялікая колькасць вернікаў горада, у тым ліку дзеці, якія сёлета прыступілі да Першай Камуніі. Для ўдзельнікаў працэсія была магчымасцю запрасіць Езуса Хрыста заўсёды быць з імі, публічна і без страху пацвердзіць Яго панаванне, успомніць, што вернік павінен станавіцца Яго жывой манстранцыяй.
Працэсіі папярэднічала Імша ў катэдры святога Францішка Ксавэрыя, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі.
У прывітальным слове біскуп сказаў, што актава ўрачыстасці Цела і Крыві Хрыста — «дні асаблівай удзячнасці за найвялікшы дар, які Пан Езус пакінуў свайму Касцёлу перад сваёй мукай і смерцю, дар святой Эўхарыстыі». «Хрыстус, які дзве тысячы гадоў таму сказаў сваім вучням: "Бярыце і ешце, гэта Цела Маё", няспынна здзяйсняе гэтую абяцаную прысутнасць у кожнай святой Імшы і застаецца са сваім народам як Пан, Настаўнік, Сябра і Збаўца, — дадаў іерарх. — Сённяшняя Эўхарыстыя стане вяршыняй нашага святкавання, а пасля яе мы выйдзем у працэсіі на вуліцы горада Гродна, каб даць сведчанне нашай веры, што Езус Хрыстус сапраўды прысутны сярод нас, што Ён і сёння крочыць разам са сваім народам, благаслаўляючы нашыя дамы, сем’і, месцы працы і навучання, радасці і выпрабаванні нашага штодзённага жыцця».
У гаміліі біскуп нагадаў, што ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыста бярэ пачатак у ХІІІ стагоддзі, яе ўстанаўленню папярэднічалі «шматлікія прыватныя аб’яўленні, у якіх Езус рознымі спосабамі і ў розных абставінах нагадваў людзям аб вялікай павазе і пашане, з якімі належыць ставіцца да Найсвяцейшага Сакрамэнту, і, калі ў Касцёле пачынала слабець эўхарыстычная пабожнасць, праз розныя цуды і знакі адкрываў вернікам вочы на Яго праўдзівую прысутнасць у гэтым Сакрамэнце».
«Езус хоча ўвайсці ў нашу штодзённасць, падзяляць з намі ўсе клопаты і непакой, браць на сябе нашы цяжкасці, стомленасць і змучанасць», — адзначыў біскуп. Ён дадаў, што адным з найбольш яскравых знакаў, якія ў Старым Запавеце прадказвалі Эўхарыстыю, быў цуд маны, якой Бог накарміў свой народ, калі той быў вызвалены з егіпецкай няволі і вандраваў праз пустыню.
Іерарх нагадаў, што словы Езуса ў Евангеллі: «Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень» (Ян 6, 53-54) для многіх Яго сучаснікаў былі незразумелымі, быццам межавалі з канібалізмам. Тыя вучні, якія не адышлі ад Езуса, таксама не зразумелі гэтых словаў, але давяралі Яму і крыху лепш зразумелі іх пазней. «Разам з апосталамі мы верым, што Той, хто з любові да нас раз і назаўсёды перамог смерць, стаў для нас хлебам, каб наталіць любы наш голад, а асабліва голад найважнейшы — голад Бога, голад збаўлення, голад вечнага жыцця і шчасця без канца, — сказаў біскуп. —
Сакрамэнт Эўхарыстыі нагадвае нам, што Езус Хрыстус — не далёкая і малазнаёмая постаць з мінулага, а Той, Хто жыве і дзейнічае сярод нас і застаецца з намі».
Іерарх перадаў гісторыю аб тым, як прайшла ўрачыстасць Першай Камуніі нядаўна ў адной польскай парафіі: святар, дзеці і бацькі наведалі ў шпіталі адну дзяўчынку з гэтай парафіі, якая ляжала там з цяжкай хваробай. Такім чынам дзяўчынка, як і іншыя дзеці парафіі, змагла прыняць у той дзень Першую Камунію, а пасля ў шпіталі адбылося свята для іх. «Некаторыя з бацькоў казалі тады, што ўпершыню ў жыцці спазналі і зразумелі, што азначае тое, што Езус Хрыстус — Бог з намі, што Ён застаўся ў Эўхарыстыі, каб падзяляць з намі наш лёс, каб быць блізка да нас, каб ніколі, нават у найцяжэйшых жыццёвых сітуацыях, мы не адчувалі сябе самотнымі і пакінутымі», — падвёў вынік біскуп.
«Сёння Пан Езус, якога ўрачыста нясуць у працэсіі, сімвалічна пройдзе міма нашых дамоў, дзе мы спазнаём не толькі любоў, цеплыню і дабрыню, але і нянавісць, зайздрасць, неразуменне і выключэнне. Пройдзе міма ўстановаў, крамаў і офісаў, дзе мы можам сустрэцца як з цеплынёй, зацікаўленасцю і кампетэнтнай дапамогай, так і з бюракратыяй, грубасцю і халоднай абыякавасцю. Пройдзе міма месцаў працы, дзе людзі ў поце чала працуюць дзеля ўтрымання сябе і сем’яў. Пройдзе міма школ і іншых навучальных установаў, дзе выхоўваюцца розумы і сэрцы дзяцей і моладзі. Пройдзе міма шпіталяў і паліклінік, дзе чалавек апынаецца сам-насам са сваімі пакутамі, адучвае крохкасць і нетрываласць свайго здароўя. Езус хоча быць з намі заўсёды і ўсюды, кожную хвіліну нашага жыцця, і разам з тым вучыць нас станавіцца дарам для бліжніх», — сказаў пастыр дыяцэзіі.
Для працэсіі былі падрыхтаваны алтары каля чатырох касцёлаў: катэдры, Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, Адшукання Святога Крыжа, Маці Божай Анёльскай.
На прыпынках гучалі ўрыўкі з Евангелля. Музычнае суправаджэнне забяспечылі дыяцэзіяльны хор Cantate Domino i духавы аркестр.
Працэсія завяршылася перад касцёлам Маці Божай Анёльскай. Біскуп падзякаваў усім, з чыім удзелам атрымалася яе правесці, у тым ліку мясцовым уладам, міліцыі, службе аховы здароўя і іншым службам.
Усім удзельнікам святкавання ён пажадаў кожны дзень прабываць у атмасферы Божай прысутнасці i жыць Богам.





























































































































































