27 чэрвеня ў гродзенскай катэдры святога Францішка Ксавэрыя адзначылі стагоддзе з часу заснавання Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі.
Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў Старшыня ККББ, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У літургіі ўдзельнічала шматлікае духавенства, у тым ліку арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які 36 гадоў таму запрасіў сясцёр Шанштацкага Інстытуту служыць на Беларусі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, пробашчы парафій, дзе служаць сёстры гэтай супольнасці, кансэкраваныя асобы, парафіяне, чыё жыццё звязана з гэтай супольнасцю, удзельнікі Шанштацкага руху — сем’і, моладзь, дзеці, члены колаў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і колаў Маці Божай Тройцы Цудоўнай.
Сёстры Шанштацкага Інстытуту служаць у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах і Гродзенскай дыяцэзіі — гродзенскіх парафіях святога Францішка Ксавэрыя, Маці Божай Анёльскай і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама ў парафіі Маці Божай Тройцы Цудоўнай у Мастах.
Біскуп Гродзенскі ў прывітальным слове сказаў, звяртаючыся да сясцёр гэтай супольнасці: «Праз вас Бог дакранаўся да жыцця незлічонай колькасці людзей. Гэты юбілей асаблівым чынам сугучны з жыццём нашай Гродзенскай дыяцэзіі, якая сёлета адзначае 35-годдзе свайго заснавання. Калі трыццаць пяць гадоў таму на беларускіх землях пачалося новае адраджэнне касцёльнага жыцця і былі створаны неабходныя структуры для развіцця душпастырскай дзейнасці, сёстры Шанштацкага Інстытуту адразу ўключыліся ў гэтае служэнне, дзелячыся сваімі сіламі, талентамі і любоўю да Касцёла. Многія ў нашай дыяцэзіі памятаюць працу сясцёр у катэхізацыі дзяцей і моладзі, у фармацыі свецкіх вернікаў, у служэнні патрабуючым праз дыяцэзіяльнае таварыства “Caritas”, у падтрымцы парафіяльных супольнасцяў і многіх іншых справах».
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі ўзгадаў заснавальніка Шанштацкага руху палатына Ёзафа Кентэніха. «Пасля Першай сусветнай вайны з яе праблемамі і маральным крызісам магчымасць выхаваць новага чалавека, адаптаванага да патрэб новага часу, адзначанага рознымі выпрабаваннямі, ён бачыў у даверы Маці Божай», — адзначыў арцыбіскуп. Такім чынам у 1914 годзе быў заснаваны гэты рух, задача, місія і пакліканне якога заключаюцца ў спалучэнні веры і яе сведчання ў штодзённым жыцці праз любоў да Маці Божай. Па словах арцыбіскупа, дзякуючы гэтаму рух спрыяў росту святасці духавенства і свецкіх католікаў; яго развіццё прывяло да заснавання ў 1926 годзе Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі.
«Гэта былі складаныя і поўныя выклікаў часы. Ва Усходняй Еўропе ваяўнічы атэізм разбураў хрысціянскую веру і традыцыі. На Захадзе падымаў галаву нацызм. У такой сітуацыі сёстры павінны былі прысвяціць сябе фармацыі новага чалавека на прыкладзе Панны Марыі як новай Евы.
Як праз згоду Марыі з Божай воляй у свет увайшоў новы чалавек і адначасова Бог Езус Хрыстус, так праз Шанштацкі Інстытут Сясцёр Марыі нараджаецца новы чалавек, выхаваны на прынцыпах Евангелля і адаптаваны да выклікаў часу»,
— сказаў арцыбіскуп.
Ён нагадаў, што ў Беларусь — у Гродна — сёстры гэтай супольнасці прыбылі ў 1990 годзе, «часы глыбокіх перамен і новых магчымасцяў для Касцёла”. Яны пачалі катэхізацыю дзяцей, моладзі і дарослых, арганізавалі душпастырскую апеку над сем’ямі, дапамагалі бедным, стаялі ля вытокаў заснавання дабрачыннага таварыства “Caritas”, дзякуючы іх старанням у капліцы гродзенскай семінарыі, заснаванай у той час, з’явіліся алтар і стацыі Крыжовага шляху. «Рухаючай сілай іх дзейнасці была харызматычная і прадбачлівая сястра Францішка Ожал, якую можна назваць жывым срэбрам», — сказаў іерарх.
Ён дадаў, што ў 1991 годзе сёстры гэтай супольнасці пачалі служэнне ў Маскве, потым у Санкт-Пецярбургу, Пушкіне, Калінінградзе.
«Папа Леў XIV у энцыкліцы Magnifica Humanitas піша, што Марыя не толькі вучыць нас успрымаць нябачныя Божыя справы, але і накіроўвае наш позірк на праблемы чалавецтва і вучыць глядзець на іх вачыма Божай міласэрнасці, — сказаў арцыбіскуп. — На іконе Шанштацкай Божай Маці Тройчы Цудоўнай напісана: “Нічога без Цябе. Нічога без нас”. Разам з Марыяй сёстры пакліканы быць выбраным начыннем у справе маральнага аднаўлення свету і яго збаўлення, асабліва ў наш час небывалага тэхнічнага прагрэсу, які вядзе да новай рэлігіі — прагрэсівізму. (…)
Інфармацыйныя тэхналогіі робяць чалавека падуладным сабе, і ён страчвае Божы вобраз, паводле якога створаны, што вядзе да цывілізацыйнай катастрофы. Гэта выклік для сясцёр – дапамагаць людзям не страціць дадзенай Богам годнасці. Мы, хрысціяне, пакліканы быць не бяздушнымі нумарамі».
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ад імя беларускага каталіцкага епіскапату падзякаваў сёстрам Шанштацкага Інстытуту за шматгадовае служэнне ў нашай краіне. Па яго словах, гэтае ціхае, але вельмі плённае служэнне і вернасць ідэалам айца Ёзафа Кентэніха з’яўляюцца духоўным упрыгажэннем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Гродзенскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі.
Сястра Марына Толкач ISSM ад імя ўсіх сясцёр Шанштацкага Інстытуту падзякавала прысутным за дар супольнай малітвы і падтрымку.







































































