18 ліпеня, у суботу — дзень, прысвечаны Марыі, — у санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат), у якім нясуць служэнне айцы кармэліты босыя, вячэрняй святой Імшой на палявым алтары распачаўся чарговы фэст Божай Маці Шкаплернай.
Напачатку кусташ санктуарыя і пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі айцец Аркадзь Куляха OCD прывітаў усіх прысутных: галоўнага цэлебранта — арцыбіскупа эмэрыта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, які сёлета адзначыў сваё 80-годдзе і 45-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння, біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, прысутных святароў і законных асоб, а таксама Уладзіміра Іосіфавіча Барысевіча, старшыню Гудагайскага сельвыканкама. Затым айцец Аркадзь звярнуўся да прысутных іншамоўных удзельнікаў на рускай, літоўскай і польскай мове. Потым арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў да гэтага яшчэ зварот да вернікаў на англійскай мове.
«Сёлетні фэст — гэта час глыбокай удзячнасці за 775 гадоў матчынай апекі Марыі ў знаку святога шкаплера, але таксама за 35 гадоў аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне»,
— нагадаў кусташ.
Айцец Куляха ўспомніў пра біскупа эмэрыта Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, які ў бягучым годзе адзначае 50-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння і 35-годдзе біскупскага пасвячэння, заахвочваючы сабраных на Імшы да малітоўнай памяці пра яго.
Кусташ таксама прывітаў вернікаў, якія прыбылі ў дыяцэзіяльны санктуарый на аўтамабілях, аўтобусах, матацыклах і роварах з розных мясцін Беларусі: Заслаўя, Нарачы, Мінска, Ашмянаў, Воранава, Солаў, Іўя, Стоўбцаў, Барысава, Ліды, Смаргоні, Жлобіна, Нясвіжа, Росі і Брэста. Не застаўся без яго ўвагі і новы музычны калектыў, які ўпрыгожыў літургію. Гэты хор, па словах кусташа, «сабраўся літаральна некалькі тыдняў таму» і атрымаў назву «хор Гудагайскага фэсту». Цікава, што дырыжорам хору з’яўляецца законная сястра Вераніка — кармэлітка ад Дзіцяткі Езуса, якая мае адпаведную музычную адукацыю.
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што, жывучы ў шалёным рытме сучаснасці, сённяшні чалавек мае патрэбу ў далёкіх ад мітусні і шуму штодзённага жыцця месцах, каб знайсці сэнс свайго жыцця. У Гудагайскім санктуарыі, па яго словах, мы вучымся у Марыі, як быць Яе духоўнамі дзецьмі, каб задаволіць духоўны голад сучаснага чалавека.
Арцыпастыр таксама прадставіў гісторыю шкаплера і яго культ ва ўсім свеце і ў Беларусі.
Паводле Марыі, шкаплер з’яўляецца знакам сілы і прывілеем выбаўлення аб пекла. Ён таксама з’яўляецца знакам выратавання ў небяспеках, запаветам міру і вечнага шчасця.
З ордэна кармелітаў, які на працягу стагоддзяў распаўсюджвае шкаплер, выйшлі такія вялікія містыкі як святы Ян ад Крыжа, святая Тэрэза Вялікая, святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса і святая нашага часу — Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа (Эдыта Штайн), мучаніца канцлагера ў Асвенціме. Акрамя таго, арцыбіскуп узгадаў шырока вядомую раней народную рэлігійную прыказку, якая вучыць: «Шкаплер насі, на Ружанцы прасі».
Ён узгадаў таксама словы вялікага прыхільніка шкаплера, святога Яна Паўла ІІ, які казаў, што гэты знак прадстаўляе дзве праўды:
- першая — гэта клопат Найсвяцейшай Панны Марыі пра чалавека як на шляху яго жыцця, так і падчас пераходу ў вечнасць;
- другая — гэта ўсведамленне таго, што адданасць Марыі не абмяжоўваецца малітвай, але павінна вызначаць напрамак хрысціянскага жыцця, заснаванага на малітве, удзеле ў сакрамэнтах і ў справах міласэрнасці для душы і цела.

«Трэба памятаць, што шкаплер аўтаматычна не ратуе і не вызваляе ад намаганняў у барацьбе са злом. Яго эфектыўнасць залежыць ад унутранай прыстасаванасці чалавека, яго жывой веры, стараннасці ў працы над сабой і практыкі любові да блізкіх»,
— папярэдзіў слухачоў прамоўца.
Хоць Беларусь, на яго думку, можна назваць зямлёй Марыі, бо «ў нас ёсць шмат марыйных санктуарыяў», тым не менш, усё часцей сучасная рэлігійная практыка ўздымае вялікую колькасць пытанняў адносна шанавання Найсвяцейшай Багародзіцы і нашай веры.
«Чаму наша марыйная пабожнасць не перакладаецца на штодзённае жыццё? Чаму мы не сведчым аб тым, што Бог на першым месцы? — з нотай дакору ў голасе запытаўся іерарх. — Мы павінны быць соллю зямлі. А ці такімі з'яўляемся? Калі соль выветрыцца, яна ўжо нікому не патрэбна. Калі нашае хрысціянства выпаруе, то яно, замест сведчання, станецца антысведчаннем. Мы павінны быць святлом свету. А ці мы ім з'яўляемся? Святло рассейвае цемру. Святло нашага хрысціянскага жыцця павінна рассейваць грахоўную цемру сучаснасці. Мы павінны быць сведкамі Хрыста і Яго Евангелля ў штодзённым жыцці».
«Дык чаму ж мы слухаем і апладзіруем тым, хто не толькі абыякавы да Бога і Касцёла, але можа нават адкідае праўды веры? — працягваў ён. —
Мы, як вернікі, абавязаны абараняць веру і прысутнасць Бога ў свеце, у якім мы жывем. Калі мы толькі ў касцёле і падчас малітвы з'яўляемся вернікамі, а па-за касцёлам жывём як язычнікі, то Хрыстус і Яго Маці Марыя з'яўляюцца для нас толькі імгненнай прыгодай і прыемнай абалонкай, а не сэнсам нашага існавання».
У той самы час Хрыстус, паводле арцыпастыра, нічога ад нас не забірае, але адорвае ласкай, патрэбнай для збаўлення. Нездарма святы Ян Павел ІІ заклікае не баяцца адкрыць дзверы нашых сэрцаў Хрысту, бо толькі ў Ім чалавек можа пазнаць сябе. «Той, хто верыць, ніколі не будзе самотны — ні пры жыцці, ні пры смерці, бо з ім Хрыстус, Які ёсць дарога, праўда і жыццё», — сцвердзіў прамоўца.
Далей, звяртаючыся да словаў прачытанага ўрыўка Евангелля, ён паставіў чарговае пытанне: «Хто належыць да сям'і Езуса Хрыста?» Гэтае пытанне, нагадаў арцыпастыр, узнікае з Евангелля, якое распавядае, што калі Езус навучаў людзей, атрымаў звестку, што прыйшлі яго маці і браты, якія хочуць пагаварыць з Ім (пар. Мк 3, 31-32). Езус не спыніў навучання і не паспяшыў да іх, але, гледзячы на людзей, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра і маці» (Мк 3, 34-35). Тут Езус не выступае супраць сваёй маці ці сваякоў, але вучыць, што яго сям'я — гэта тыя, хто Яго слухае. Ён кажа, што ў кола яго сваякоў і сяброў можна ўвайсці не праз кроўныя сувязі, а праз выкананне волі нябеснага Айца.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў сваю гамілію наступнім заклікам да Маці Божай Шкаплернай:
«Марыя, Ты — непераўзыдзены прыклад даверу да Бога і вернасці яго слову. Ты абрала Гудагай, каб адсюль выпрошваць патрэбныя людзям Божыя ласкі. Праз малітву святога шкаплера выслухай нас, якія з даверам і верай просім тваёй дапамогі ў складаны час нашай гісторыі. Выпрасі ў свайго Сына Езуса Хрыста ласку быць соллю зямлі і святлом свету, сапраўднымі сведкамі Евангелля і хрысціянства дзеля хвалы Бога і збаўлення свету».
Святкаванне марыйных ўрачыстасцей у Гудагаі прадоўжылася ў касцёле спевам Акафісту да Найсвяцейшай Панны Марыі ў выкананні хору Грэка-каталіцкай Царквы. Затым адтуль жа вырушыў традыцыйны гудагайскі, па словах удзельнікаў, «доўгі і нялёгкі», Крыжовы шлях, які чарговы год запар узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.





















































