Пасля Імшы ўвечары, якой распачалося святкаванне сёлетняга Гудагайскага фэсту, і Акафіста ў гонар Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі прайшоў традыцыйны Крыжовы шлях.
Ён лічыцца самым доўгім у Беларусі, таму што расцягваецца на некалькі кіламетраў. Тым не менш, аказалася шмат ахвотных удзельнічаць у гэтым набажэнстве, каб у малітве даверыць Богу свае справы і справы сваіх блізкіх.
Узначаліў набажэнства біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
У малітоўным засяроджанні удзельнікі Крыжовага шляху прайшлі па маляўнічых узгорках Ашмянскага ўзвышша і пералесках, якія чаргаваліся з імі. Завяршылася набажэнства пад шум моцнага ліўня каля гудагайскіх парафіяльных могілак.















































