Пошук

05.08.2026 13:17   Тэкст: вернікі парафіі на Залатой Горцы ў Мінску / Фота: з архіва парафіі / catholicminsk.by

З 3 па 4 жніўня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў ўступны экзамен. На падрыхтоўчы курс залічана 6 юнакоў, адным з якіх стаў Ян Літвіновіч з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Пасля заканчэння ўсіх іспытаў мы паразмаўлялі з новым студэнтам семінарыі.

— З 3 па 4 жніўня у семінарыі прайшоў экзамен. Ян, падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі аб гэтай падзеі. 


— Экзамен прайшоў вельмі хутка, хоць нам на напісанне было дадзена ажно дзве гадзіны. Мне было цікава выконваць розныя заданні на тэму катэхізіса і ведаў з жыцця Касцёла, але таксама прыемна было ўсведамляць, што я добра да іх падрыхтаваўся. І хоць падчас экзамену невялічкае хваляванне ўсё ж такі прысутнічала, я лічу, што з усім справіўся добра. Хачу ўдакладніць: 3 жніўня ў семінарыі была падача дакументаў, а 4 жніўня — уступны экзамен.

— Калі Вы адчулі пакліканне да святарства?

— Пакліканне да святарства я адчуў год таму падчас асабістай малітвы. Цяпер я працягваю маліцца, асабліва просячы ў Бога неабходных дароў, каб пакліканне ўзмацнялася. Дзякую таксама нашай парафіі, у якой праводзіцца шмат малітваў аб новых пакліканнях. Я ўпэўнены: тое, што я паступіў у семінарыю, — гэта вынік таксама малітвы парафіян.

— Як Вы рыхтаваліся да паступлення ў семінарыю і ўзрастання ў пакліканні?

— Я штодзённа наведваў святую Імшу як міністрант на працягу навучальнага года, удзельнічаў у жыцці парафіі, хадзіў на катэхэзу і на сустрэчы моладзі ў мінскай архікатэдры.

— Ці Вы былі першы раз у семінарыі ці Вам даводзілася быць там раней?

— У семінарыі перад уступным экзаменам я быў тры разы: восенню, вясной і летам — на рэкалекцыях на тэму распазнання паклікання.

— Ці страшна Вам было адказаць на голас Пана?

— Не сказаў бы, што страшна, але больш хвалююча ў самым пачатку, калі ты яшчэ шмат чаго не ведаеш… Але, нягледзячы на хваляванні, не трэба баяцца адкрываць сваё пакліканне ў супрацоўніцтве з Божым намерам.

Дзякуй за размову. Няхай добры і ласкавы Бог благаслаўляе.

Дарагія вернікі! Мы заахвочваем вас нястомна маліцца за нашых святароў і аб новых пакліканнях.

А кожнаму з вас, дарагая моладзь, кажам: Не бойся адказаць на голас паклікання! Дазволь Богу весці цябе праз жыццё!

Абноўлена 05.08.2026 13:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця