
Пяць дзён Музычнай майстэрні ў Івянцы сталі не толькі часам інтэнсіўнай музычнай працы, але найперш часам духоўнага росту, супольнай малітвы і паглыблення адносін з Богам. Асаблівым дарам для ўсіх удзельнікаў стала прысутнасць духоўнага кіраўніка Майстэрні — біскупа Алега Буткевіча, ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі.
Кожны дзень распачынаўся супольнай Ютранню, падчас якой біскуп Алег звяртаўся да ўдзельнікаў з кароткім уступным словам, якое дапамагала правільна распачаць дзень, скіроўваючы нашыя думкі і сэрцы да Хрыста. На працягу Майстэрні ўдзельнікі мелі магчымасць слухаць глыбокія і змястоўныя канферэнцыі, напоўненыя жыццёвай мудрасцю, якая нараджаецца з Евангелля. Гэта былі не толькі разважанні над Божым словам, але і канкрэтныя падказкі, як жыць верай у сучасным свеце, як адкрываць багацце вучэння Хрыста і актуалізаваць яго у штодзённым жыцці.
Асаблівае месца ў канферэнцыях займала постаць святога Францішка Асізскага. Біскуп Алег набліжаў удзельнікам духоўную спадчыну Бедняка з Асізі, яго любоў да Бога і чалавека, пакору, радасць, а таксама духоўнасць яго паслядоўнікаў. Гэтыя сустрэчы дапамаглі лепш зразумець францішканскі шлях і яго значэнне для Касцёла сёння.
Не менш важным сведчаннем пастырскай прысутнасці стала пастаянная адкрытасць біскупа. Ён быў разам з удзельнікамі не толькі падчас канферэнцый ці літургіі, але і ў розных пунктах праграмы Музычнай майстэрні.
Быў побач, гатовы да размовы, да сустрэчы, да духоўнага кіраўніцтва. Многія ўдзельнікі скарысталіся магчымасцю споведзі, асабістых размоў і парады. Для кожнага, хто шукаў адказаў, падтрымкі ці суцяшэння, біскуп знаходзіў час, чуласць і словы, якія дапамагалі адшукаць святло нават у складаных жыццёвых сітуацыях.
Кожная Эўхарыстыя, якую ён цэлебраваў, была асаблівым момантам. Біскуп маліўся ў інтэнцыі ўдзельнікаў Музычнай майстэрні, яе заснавальнікаў, арганізатараў, выкладчыкаў, ахвярадаўцаў і ўсіх, хто на працягу многіх гадоў падтрымлівае гэтую ініцыятыву. Адчувалася, што ён не толькі прамаўляе Божае слова, але сапраўды нясе ўсіх у сваёй пастырскай малітве.
Сёлетняя Музычная майстэрня праходзіла ў асаблівы час — у год Юбілею святога Францішка, абвешчаны Папам Львом XIV з нагоды 800-годдзя яго адыходу да Пана.
Івянецкая францішканская святыня стала адным з месцаў, дзе вернікі могуць атрымаць ласку юбілейнага адпусту. Канферэнцыі і духоўнае кіраўніцтва біскупа Алега дапамаглі ўдзельнікам належным чынам падрыхтавацца да перажывання гэтага асаблівага дару Божай міласэрнасці, аднавіць сваю еднасць з Хрыстом і адкрыць сэрца на дзеянне Божай ласкі.
Для ўсіх прысутных вялікім благаслаўленнем было тое, што на працягу ўсіх пяці дзён духоўным кіраўніком Музычнай майстэрні быў менавіта біскуп. Ён вёў удзельнікаў не толькі сваім словам, але перадусім асабістым прыкладам, малітвай, прысутнасцю і пастырскай любоўю. Быў разам на духоўных сцежках Майстэрні, дапамагаючы ўсёй супольнасці яшчэ больш адкрываць Бога, пазнаваць Хрыста і ўзрастаць у веры.
Супольнасць Музычнай майстэрні выказвае Яго Эксцэленцыі біскупу Алегу Буткевічу шчырую падзяку за ахвярнае служэнне, за адкрытае сэрца, за пастаянную малітву і за тое, што гэтыя дні сталі для многіх удзельнікаў сапраўдным часам духоўнага аднаўлення:
«Няхай Пан узнагародзіць Вас за кожнае добрае слова, кожную малітву і кожную хвіліну, прысвечаную ўдзельнікам Музычнай Майстэрні. Абяцаем памятаць у сваіх малітвах і просім Бога, каб Ён адорваў Вас моцай, мудрасцю і радасцю ў далейшым біскупскім служэнні».





















