Пошук

10.08.2026 13:27   Тэкст: удзельнікі Музычнай майстэрні / Фота: Дар’я Сцяпанава, Мілана Аксаментава, Яна Оганз / Catholic.by

З 20 па 26 ліпеня 2026 года пры францішканскім кляштары святога Антонія Падуанскага ў Івянцы праходзіла чарговая Музычная майстэрня — сустрэча аматараў сакральнай музыкі і праслаўлення, сёлета асабліва прысвечаная Году святога Францішка, абвешчанаму з нагоды 800-годдзя адыходу Асізскага Бедняка да Пана.

У апошні тыдзень ліпеня ў гарадскім пасёлку Івянец пры парафіі святога Міхала Арханёла (Валожынскі дэканат Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі) традыцыйна прайшла Музычная майстэрня час духоўнага засяроджання і музычнай фармацыі для ўсіх, хто прагне умацоўваць свае адносіны з Богам праз служэнне падчас літургіі і ўдзел у малітоўных практыках, непарыўна звязаных з музыкай і спевам. Сёлетняя сустрэча, якая праходзіла пад дэвізам «Супакой і дабро» (Pax et bonum) сабрала 190 удзельнікаў з розных куткоў Беларусі. Дні, напоўненыя інтэнсіўнай творчай працай, супольнай малітвай і глыбокім духоўным аднаўленнем, ператварылі францішканскае мястэчка ў сапраўдны цэнтр каталіцкай музычнай культуры Беларусі.

Асаблівым дарам для ўсіх прысутных у гэтыя дні стала духоўнае айцоўства біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.

Падчас малітваў, гамілій і штодзённых тэматычных канферэнцый іерарх дапамагаў маладым музыкам скіроўваць свае сэрцы да Хрыста і глыбей перажываць ласку юбілейнага адпусту, дадзенага івянецкай святыні ў Год святога Францішка.

За музычную і метадычную частку сустрэчы адказвалі прафесійныя выкладчыкі і ментары з Беларусі. Дзякуючы іх майстэрству і індывідуальнаму падыходу як пачаткоўцы, так і вопытныя выканаўцы змаглі паглыбіць свае веды і ўдасканаліць навыкі ў галіне літургічнага спеву, вакалу, ігры на музычных інструментах і тэорыі музыкі.

Праграма дзён Майстэрні была прадумана так, каб раскрыць розныя бакі хрысціянскай радасці і супольнасці. Кожную раніцу распачынала супольная спяваная Ютрань, пасля якой надыходзіў час інтэнсіўнай працы ў літургічным хоры, які складаўся з усіх удзельнікаў Майстэрні. У пасляабедзены час удзельнікі наведвалі майстар-класы на выбар, прысвечаныя паасобным музычным інструментам (гітара, фартэпіяна, ударныя інструменты), спеву ў хоры праслаўлення, асновам нотнай граматы, тэатру або сцэнаграфіі. Мэтай і вяршыняй штодзённай праграмы станавілася святая Імша.

А вось вечаровая праграма кожнага дня была ўнікальнай. У аўторак удзельнікаў чакаў яркі вечар народных танцаў з запрошанымі танцорамі і музыкамі, у сераду — вечар талентаў, дзе кожны ахвочы меў магчымасць падзяліцца з супольнасцю сваёй харызмай, інструментальнымі і вакальнымі здольнасцямі. Асаблівым часам цішыні і засяроджанасці стала малітва ў духу супольнасці Тэзэ, што прайшла ў чацвер: пры цьмяным святле свечак, пад гукі медытатыўных спеваў удзельнікі змаглі адпачыць у Божай прысутнасці і даверыць Яму свае інтэнцыі. У пятніцу адбылася адна з самых незвычайных падзей – вечар класічнай музыкі, гарманічна спалучаны з элементамі традыцыйнага францішканскага набажэнства Corda pia. Класічныя творы дапамаглі глыбей адчуць дух супакою і пакоры, уласцівы святому Францішку.

Для тых удзельнікаў, чыё сэрца прагнула музыкі і нештодзённых уражанняў нават пасля вечаровай праграмы, ладзіліся традыцыйныя вечары жывога джазу ў кавярні «У францішканаў». Падчас іх можна было ў спакойнай атмасферы расслабіцца пасля доўгага дня пад гукі і рытмы, хоць і далёкія ад звыклай хрысціянскай музыкі ў нашай частцы свету, але шчырыя настолькі, што не пакідаюць сэрцы слухачоў абыякавымі.

У суботу Музычная майстэрня дасягнула сваёй кульмінацыі. Урачыстую святую Імшу для ўдзельнікаў і шматлікіх гасцей узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Іерарх падзякаваў моладзі за сведчанне веры праз музыку і заахвоціў нягледзячы ні на што заставацца вернымі свайму пакліканню.

Яскравым фіналам усяго тыдня стала традыцыйная суботная малітва праслаўлення. У гэтым годзе сцэнаграфічная група стварыла неймаверна маляўнічую сцэну ў духу райскага саду, упрыгожаную выявамі птушак і жывёл, што адсылала да вядомай любові святога Францішка да ўсяго Божага стварэння. Падчас гэтага вечара, напоўненага велічным і адначасова глыбокім спевам вялікага хору і аркестра, шматлікія госці адзначалі цёплую атмасферу адзінства. Шмат хто прызнаваўся, што змог у поўнай меры далучыцца да супольнай малітвы і па-сапраўднаму перажыць сустрэчу з жывым Богам.

Майстэрня завяршылася ў нядзелю святой Імшой, супольнай сустрэчай і абедам, пасля якога натхнёныя і духоўна ўзбагачаныя ўдзельнікі раз’ехаліся па сваіх парафіях, каб несці супакой і дабро далей у свет.

Нельга не адзначыць, што Музычная майстэрня не змагла б адбыцца без адкрытага сэрца і працавітых рук парафіянаў мясцовага касцёла, дзякуючы якім удзельнікі не заставаліся галоднымі і мелі магчымасць утульнага начлегу. Удзячнасць і захапленне іх ахвотнай дапамогай і падтрымкай гучала на працягу тыдня з многіх вуснаў гасцей Івянца.

Абноўлена 10.08.2026 15:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа