З 20 па 22 верасня ў Варшаве (Польшча) прайшоў «Спеўны ўікэнд» для беларусаў-католікоў замежжа.
У парафіяльным доме пры касцёле святой Фаўстыны на Брудне сабраліся аматары касцёльнай харавой музыкі рознага ўзроўню падрыхтоўкі, каб прысвяціць выходныя сумеснай малітве і творчаму развіццю.
У пятніцу ўдзельнікаў з іншых гарадоў гасцінна сустрэлі прадстаўнікі варшаўскага душпастырства.
Прыезджыя маглі пазнаёміцца адзін з адным і расказаць пра сябе. Пры рэгістрацыі кожны мог папрасіць аб арганізацыі начлегу.
У суботу ўдзельнікі з’езда падзяліліся на чатыры групы па галасах і правялі цэлы дзень у рэпетыцыях. Харысты старанна ўдасканальвалі сваё майстэрства. Больш вопытныя спевакі давалі падказкі і парады навічкам.
Заняткі праводзілі Вікторыя Куцько, кіраўнік хору варшаўскага душпастырства, а таксама ўдзельнік хору варшаўскага душпастырства Васіль Рэчкін, тэнар.
У перапынках паміж рэпетыцыямі для харыстаў правялі дзве лекцыі: «Ці можна спяваць на Імшы пад гітару?» і «Як правільна падабраць спевы на Літургію?»
Увечары ўдзельнікі з’езда ўпершыню заспявалі разам падчас святой Імшы, якая адбылася ў капліцы святой Цэцыліі, апякункі спевакоў і музыкаў. Ксёндз Яўген Вінтоў, галоўны арганізатар «Спеўнага ўікэнду», на казанні патлумачыў, як важна карыстацца талентамі, атрыманымі ад Пана Бога.
Напрыканцы дня харысты ў парафіяным дворыку зладзілі грыль. На сустрэчу завітала сузаснавальніца і каардынатарка Школы беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве Наталка Гапановіч. Яна правяла майстар-клас для ўсіх жадаючых павесяліцца і размяцца пасля шматгадзінных рэпетыцый.
У нядзелю новаўтвораны хор удзельнічаў у беларускамоўных Літургіях, якія прайшлі ў гэты дзень у Варшаве.
Спачатку хор упрыгожыў спевамі працэсію перад Імшой у парафіяльным доме пры касцёле святой Фаўстыны на Брудне. Пазней удзельнікі з’езда пераехалі на плошчу Трох Крыжоў. У дольным касцёле парафіі святога Аляксандра падчас Літургіі хрост атрымала маленькая дзяўчынка Агата. Спевы хору дадалі ўрачыстасці гэтаму радаснаму моманту: у Варшаве «нарадзіўся» новы член супольнасці Касцёла.
Уікэнд завяршыўся абедам у парафіяльным доме пры касцёле святога Аляксандра. Удзельнікі адпачывалі, дзяліліся гісторыямі і перажытымі эмоцыямі, выказвалі ідэі наконт новых сустрэч.
Для многіх сямейных людзей «Спеўны ўікэнд» стаў доўгачаканай магчымасцю вырвацца са штодзённай руціны. Яны маглі на час забыцца пра хатнія клопаты і прысвяціць час духоўнаму і творчаму развіццю, патанцаваць, натхніцца і напоўніцца радасцю ад новых знаёмстваў і гутарак з аднадумцамі.
Асабліва значнай падзеяй «Спеўны ўікэнд» стаў для тых, хто шкадуе, што не атрымаў музычную адукацыю. Дзякуючы з’езду іх мары здзейсніліся: яны не толькі змаглі паспяваць, але і адчулі сябе часткай чагосьці большага, дакрануўшыся да прыгажосці каталіцкай харавой музыкі.
Арганізатары запэўніваюць: такі фармат сустрэч знайшоў водгук у людзях, таму такія сустрэчы яшчэ дакладна будуць.
У планах арганізоўваць «Спеўны ўікэнд» перад вялікімі святамі, каб удзельнікі хораў маглі лепш падрыхтавацца да ўрачыстых Літургій.