Пошук

06.01.2025 20:44   Фота: з архіву парафіі ў Ракаве / Catholic.by

6 студзеня, ва ўрачысасць Аб’яўлення Пана, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў касцёле Маці Божай Ружанцовай у Ракаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат).

Падчас цэлебрацыі заслужаны іерарх благаславіў адрэстаўраваны абраз атрымання стыгматаў святым Францішкам, пасля чаго твор сакральнага мастацтва вярнуўся на сваё гістарычнае месца ў ракаўскай святыні.

Сімвалічна, што рэстаўрацыя старадаўняга абраза была праведзена ў 800-ю гадавіну атрымання святым Францішкам стыгматаў — незагойных ранаў на руках і нагах, падобных да ранаў Укрыжаванага Хрыста.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў вернікаў з настойлівасцю і адвагай трох мудрацоў з Усходу, якія прыйшлі пакланіцца Нованароджанаму Хрысту, адкрываць Аб’яўленне Пана ў штодзённым жыцці, у іншым чалавеку і ў знаках часу.

«Стыгматы святога Францішка былі знакам яго любові да Езуса і знакам духоўнай перамены ў новага чалавека, для якога найважнейшым было тое, каб ва ўсім была збаўчая Божая воля. Такімі былі і Тры Каралі, якія <…> шукалі праўды і таму скіраваліся ў невядомы шлях, далёкі і небяспечны», — адзначыў іерарх. Ён дадаў, што мудрацы, якія былі астраномамі, убачылі новую зорку, што, як верылі ў тыя часы, абвяшчала важную падзею.

«Таму да Трох Каралёў можна аднесці словы святога Аўгустына, які казаў, што Бог нам даў две кнігі: створаны свет і Святое Пісанне. Праз гэтыя дзве кнігі Ён прамаўляе да нас: неабходна толькі слухаць Яго голас. Яны слухалі і ў новай зорцы ў святле Святога Пісання распазналі знак нараджэння Збаўцы. Пайшлі за ёй і знайшлі Немаўлятка Езуса», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён нагадаў, што ў Бэтлеем мудрацы прыйшлі з дарамі: золатам, кадзілам і алеем-мірам, заахвоціўшы вернікаў таксама ахвяраваць Езусу золата любві да Яго і бліжняга, кадзіла малітвы і міра пакоры і цярпення.

«Аб’яўленне Пана можна разглядаць як сімвал нашага жыццёвага пілігрымавання да Хрыста, на што варта звярнуць увагу на пачатку Юбілейнага года надзеі, каб быць сапраўднымі пілігрымамі надзеі, як да гэтага заклікае Папа Францішак», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, заахвоціўшы ўдзельнікаў святой Імшы па прыкладу Трох Каралёў і святога Францішка сваім жыццём сведчыць пра любоў да Езуса і такім чынам абвяшчаць у сучасным свеце Добрую Навіну збаўлення.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця