
12 красавіка ў касцёле святога Арханёла Міхала ў Навагрудку была ўрачыста адкрыта другая старажытная крыпта — капліца адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Адкрыццё крыпты здзейсніў Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, адкрыццю папярэднічала святая Імша, якую ўзначаліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. Перад літургіяй адбылося ўрачыстае ўнясенне і благаслаўленне абразоў святых Пятра і Паўла, якія напісаў і перадаў у дар навагрудскаму касцёлу мастак Сяргей Грыневіч.
У гаміліі Часовы павераны ў справах Святога Пасаду звярнуў увагу на каштоўнасць хрысціянскай надзеі ў кантэксце старазапаветных прароцтваў.
Ён адзначыў, што словы прарока Эзэхіэля вельмі натхнялі народ, стомлены шматгадовай няволяй, і пабуджалі да надзеі. У кантэксце Новага Запавету ў гэтым прароцтве прадказваецца вызваленне ад няволі граху, аб’яднанне праз Хрыста, узнікненне новага Ізраэля пад уладай новага Валадара — Езуса.
Ксёндз прэлат засяродзіў увагу таксама на асобах апосталаў Пятра і Паўла, адзначыўшы іх выключную ролю ў станаўленні супольнасці Касцёла.

Акрамя таго, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы раскрыў сутнасць і прызначэнне крыпт у святынях. Ён нагадаў, што крыпты часта выкарыстоўваліся як месца пахавання святых, мучанікаў і важных касцёльных дзеячаў. У крыптах захоўваліся рэліквіі, а ў раннім хрысціянстве лічылася, што блізкасць да рэліквій набліжае людзей да Бога, таму крыпты станавіліся месцамі пілігрымак і малітвы. Алтары ў касцёлах часта размяшчаліся непасрэдна над крыптамі, каб сімвалізаваць сувязь паміж ахвярай Хрыста і смерцю мучанікаў. Напрыклад, асабліва шанавалася і шануецца крыпта пад катэдрай святога Пятра ў Рыме, дзе, паводле традыцыі, пахаваны гэты апостал.
У крыптах праводзіліся набажэнствы, асабліва ў часы пераследу хрысціянаў. Пазней яны выкарыстоўваліся для прыватных малітваў або адмысловых супольных набажэнстваў.
Такія месцы былі ізаляванымі і ціхімі, каб там можна было засяродзіцца на малітве. Таксама крыпты выкарыстоўваліся як месцы спачыну для духавенства ці фундатараў касцёла. У некаторых выпадках яны служылі сховішчам для касцёльных каштоўных рэчаў, асабліва ў Сярэднявеччы ва ўмовах частых войнаў і нападаў.
У многіх сярэднявечных катэдрах крыпты былі часткай архітэктурнага вырашэння, якое падкрэслівала веліч будынка. Часта крыпты давалі магчымасць узняць алтарную частку святыні, што стварала ўражанне ўзнёсласці, а таксама ўзняць узровень алтара, што было важна для літургічных абрадаў і паляпшала вернікам бачнасць.

У раннім хрысціянстве крыпты часта ўзнікалі на месцы катакомбаў, дзе хавалі мучанікаў. Калі хрысціянства ў Рымскай імперыі атрымала свабоду веравызнання, крыпты пачалі будаваць пад вялікімі базылікамі і катэдрамі, напрыклад, у Равэне, Мілане ці Рыме. У Сярэднявеччы яны сталі неад’емнай часткай раманскай і гатычнай архітэктуры.
Сёння крыпты ў многіх касцёлах захоўваюць гістарычную і духоўную каштоўнасць.
Яны могуць быць месцам правядзення экскурсій, малітваў ці наведвання рэліквій дзеля іх ушанавання. Напрыклад, крыпты ў катэдры Нотр-Дам у Парыжы або ў Ватыкане па-ранейшаму прыцягваюць натоўпы пілігрымаў і турыстаў. Паколькі Беларусь сёння кладзе асаблівы націск на рэлігійны турызм, адкрыццё ў касцёле Навагрудка ўжо другой крыпты мае важнае значэнне для прыцягнення ў гэты старажытны горад вялікай колькасці вернікаў і сведчыць аб багацці духоўнай і культурнай спадчыны беларускага народа ў кантэксце каталіцкай веры.

Прадстаўнік Святога Пасаду выразіў спадзяванне, што адкрыццё крыпты стане важным крокам у духоўна-культурным развіцці «гэтай прыгожай шматпакутнай зямлі», і павіншаваў навагрудскіх парафіянаў на чале з пробашчам ксяндзом Юрыем Жэгарыным, мясцовыя ўлады і ўсіх людзей добрай волі, якія дапамаглі ў рэалізацыі гэтай справы. «Няхай Бог благаславіць усіх вас на новыя ініцыятывы, якія змогуць паслужыць людзям і паспрыяюць пашырэнню Яго хвалы!» — сказаў Часовы павераны.
Пасля літургіі прысутныя спусціліся ў сутарэнне пад касцёлам, дзе было здзейснена адкрыццё і благаслаўленне крыпты.
Мерапрыемства сабрала вялікую колькасць вернікаў і гасцей, сярод якіх былі прадстаўнікі выяўленчага мастацтва і іншых сфер культуры нашай зямлі.

Сяргей Грыневіч, стваральнік абразоў святых Пятра і Паўла, якія ў гэты дзень былі ўнесены ў навагрудскі касцёл, нарадзіўся ў пасёлку Краснасельскі Гродзенскай вобласці. У 1978 годзе скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, у 1983 годзе — Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (аддзяленне манументальнага жывапісу). Працуе з Фрыдрыхам Кістэрсам — мастацтвазнаўцам, крытыкам, спадкаемцам калекцыі старажытнага класічнага мастацтва свайго бацькі Гайнца Кістэрса. Жыве ў Гродне, мае тры майстэрні: у Гродне, у загарадным доме і ў Швейцарыі.
Выставы яго твораў адбываліся ў Беларусі, Расіі, Іспаніі, Польшчы, Літве, ЗША, Швейцарыі, Францыі, Нідэрландах, Украіне, Латвіі. Удзельнік некалькіх мастацкіх пленэраў у Навагрудку.
Манументальнае мастацтва Сяргея Грыневіча адзначаецца дынамізмам, пластычнасцю і глыбінёй задумы, пра што сведчаць яго працы на хрысціянскую тэматыку.







































































