29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, адпустовую ўрачыстасць тытула касцёла адзначылі вернікі парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Магілёўскі дэканат).
Сёлетняя ўрачыстасць — асаблівая: 175 гадоў таму, 12 жніўня 1849 года, тагачасны арцыбіскуп Магілёўскі Казімір Дмахоўскі пасвяціў шклоўскі касцёл у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла.
З тых часоў шмат усяго зведала шклоўская святыня: росквіт і заняпад, павагу і глумленне, але, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, веру мясцовы люд захаваў.
У гэты святочны дзень яшчэ з раніцы да святыні пачалі збірацца вернікі. На парафіяльны фэст прыбыло шмат католікаў са Шклова і наваколля. Завіталі святары і вернікі з Бялынічаў, Горак, Магілёва, Талачына. З нагоды юбілейнай даты шклоўскую святыню наведалі прадстаўнікі абласной улады і грамадскіх арганізацый Магілёўчыны. Такой колькасці вернікаў і гасцей касцёл у Шклове не бачыў ужо даўно, але месца хапіла ўсім.
Цэлебрацыю цэнтральнай урачыстай святой Імшы ўзначаліў адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У прамоўленай гаміліі іерарх заахвоціў вернікаў і надалей па прыкладу святых апосталаў «быць скалою веры ў штодзённым жыцці».
Асаблівую ўрачыстасць парафіяльнаму фэсту надалі прыгожыя спевы і гукі арганнай музыка ў выкананні камернага дуэта, які прыехаў у Шклоў з Масквы.
Пасля Імшы са шчырымі, сардэчнымі словамі да душпастыра шклоўскай парафіі ксяндза Міхала Бубена і ўсіх прысутных звярнуліся супрацоўніца Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Юлія Дзерашава і старшыня Магілёўскага аддзялення Беларускага фонда міру Андрэй Нікіцін, карані якога паходзяць са Шклоўшчыны.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўручыў старшыні касцёльнага камітэта Людміле Мірончык благаслаўленне Папы Францішка для парафіі з нагоды юбілею пасвячэння касцёла.
Свята ў старадаўняй святыні працягнулася канцэртам духоўнай музыкі.
У межах юбілею пасвячэння касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове да канца года тут запланаваныя таксама іншыя святочныя мерапрыемствы.