Пошук

07.08.2026 16:23   Тэкст: Жанна Мецеж / Фота: Ганна Статкевіч, кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

6 жніўня парафія Перамянення Пана ў Сцешыцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Вілейскі дэканат) перажыла сапраўднае свята духоўнай еднасці. У гэты дзень вернікі разам адзначылі адпустовую ўрачыстасць, 30-годдзе асвячэння мураванага касцёла і 25-гадовы юбілей манаскага жыцця пробашча — айца Язафата Кунцэвіча OFM.

Нягледзячы на спякотнае надвор’е, якое нечакана абрынулася на Беларусь на свята Перамянення Пана, у сцешыцкім касцёле сабралася так шмат вернікаў, што многім давялося слухаць Імшу на вуліцы. Аднак гарачыня паветра не зацямніла святочнага настрою парафіян і гасцей Сцешыц. Чакаючы пачатку Эўхарыстыі, яны з натхненнем выконвалі касцёльныя спевы, прысвечаныя Езусу Хрысту і Маці Божай, а таксама з ахвотай прыступалі да сакрамэнту паяднання.

Павіншаваць са святам сцешыцкую супольнасць вернікаў завітаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх узначаліў урачыстую Імшу і прамовіў гамілію. Разам з ім малітву ўзнеслі запрошаныя святары: ксёндз канонік Алег Мурзіч (пробашч парафіі ў Канстанцінаве Мядзельскага дэканату), ксёндз канонік Андрэй Яркавец, які некалі быў пробашчам сцешыцкай святыні, а таксама ксёндз Павел Эйсмант, дырэктар партала Catholic.by. На ўрачыстасці прысутнічалі сёстры шарыткі з Мінска; для адной з іх касцёл у родных Сцешыцах быў некалі месцам духоўнага сталення.

Напачатку Імшы пробашч парафіі прывітаў біскупа, духавенства, законных асоб і ўсіх вернікаў. Біскуп Юрый Касабуцкі зазначыў:

«Свята Перамянення Пана заахвочвае нас да перамянення нашага жыцця праз Божую ласку і поўны давер Пан».

Іерарх дадаў, што гэтую Імшу ён ахвяруе «за перамену нашых сэрцаў, за набліжэнне да Бога і памнажэнне веры ўсіх, хто сёння завітаў у Сцешыцы».

Перамяненне сэрца як шлях да Божага Валадарства

Сваю прамову біскуп Юрый Касабуцкі распачаў з разважання, што Перамяненне Пана — гэта асаблівы дзень, калі Бог чакае ад вернікаў больш глыбокага асэнсавання евангельскіх падзей. Узыходжанне на гару Табор не было адзіным выпадкам, калі апосталы бачылі цуды Езуса. «Аднак тут адбылося зусім іншае, — падкрэсліў іерарх. — Калі Езус перамяніўся перад вучнямі і ім з’явіліся Майсей і Ілля, ні ў каго з апосталаў не засталося сумніваў, хто стаіць перад імі. І, нягледзячы на страх і хваляванне, Пётр усклікае: "Пане, як добра нам тут!"» (пар. Мц 17, 4).

Біскуп заўважыў, што Пётр гаворыць пра хвалу Бога, да якой яму давялося далучыцца. Святар працягнуў словамі апостала: «Зробім тры шатры — адзін Табе, адзін Майсею, адзін Іллі». Гэтыя радкі іерарх патлумачыў так: «Вучні, забыўшыся пра сябе, гатовыя былі абысціся без вады і без дому, толькі б быць побач з Езусам назаўжды».

Мэта Перамянення — не столькі дэманстрацыя Боскай велічы Езуса, колькі паказ каштоўнасці Божага Валадарства. «Ён ахвяраваў Сябе, каб брама Неба адчынілася для нас, каб паказаць, што і нам гэтая дарога адкрыта», — сказаў святар. Свята Перамянення сведчыць аб каштоўнасці Нябеснага Валадарства. Іерарх падкрэсліў:

«Усе мы створаны для гэтага Валадарства. Яно — сэнс і мэта нашай веры, малітвы, любові да Бога, удзелу ў сакрамэнтах і кожнай Імшы. Мэта ўсяго — каб чалавек увайшоў у гэтую хвалу, убачыў яе тварам у твар і разам з апосталам Пятром сказаў: як жа добра, што мы тут!».

Згадваючы Эўхарыстычны цуд, біскуп Юрый Касабуцкі нагадаў, што ператварэнне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста адбываецца дзеля нашага збаўлення. Сакрамент паяднання таксама з’яўляецца ласкай, якая ачышчае душу; гэты дар Езус пакінуў хрысціянам, бо ведаў, «што мы слабыя і патрабуем унутранага перамянення». «Ад нас патрабуецца толькі адно — заахвоціцца гэтым, бо кожны мае выбар: жыць з Богам ці без Яго», — дадаў іерарх.

Таксама біскуп прыгадаў, што калі Езуса спыталі пра галоўныя запаведзі сярод 613 дзеючых тады прадпісанняў, Ён сказаў толькі пра дзве: любоў да Бога ўсім сэрцам і любоў да бліжняга.

«Што значыць любіць Бога? — Гэта размова з Ім і сустрэча з Ім у малітве, удзел у Імшы, а таксама выкананне запаведзі любові да бліжняга»

Прыводзячы жыццёвыя прыклады, калі людзі скардзяцца і трымаюць крыўду адзін на аднаго, біскуп нагадаў наказ Езуса прабачаць ворагу ажно 77 разоў, што сімвалізуе бясконцасць: «Так мы выконваем волю Божую! Рабіце дабро і жывіце так, каб не было ніводнага дня без добрага ўчынка». Іерарх заклікаў вернікаў знаходзіць сілы выкідваць з сэрца крыўду і злосць і ісці далей. «Калі Езус Хрыстус убачыць гэта, Ён перамяніць вашае сэрца і жыццё, як калісьці адбылося з апосталамі», — запэўніў святар.

Мастацкі шэдэўр для літургіі

На заканчэнне біскуп Юрый Касабуцкі асабліва павіншаваў сцешыцкую парафію з гадавінай пабудовы касцёла.

«Ужо 30 гадоў тут гучыць Божае слова і здзяйсняюцца сакраменты. Хачу сказаць, што ваша парафія — жывая, бо ў ёй нават ёсць пакліканні»,

— падкрэсліў іерарх, узгадваючы святароў і кансэкраваных асоб, чый лёс быў звязаны са Сцешыцамі. Ён заклікаў вернікаў працягваць малітву ў гэтай інтэнцыі, бо «зерне ёсць».

Таксама іерарх заахвоціў маліцца за спачылых святароў, якія служылі ў сцешыцкім касцёле: ксёндза Зыгмунта Абартуха, які сабраў сродкі на будаўніцтва святыні і ажыццявіў сваю мару, а таксама ксёндза Пятра Пятрага, які да свайго адыходу ў вечнасць прыязджаў у Сцешыцы з Касцяневіч.

Падчас перад ахвяраваннем дароў іерарх прамовіў малітву асвячэння новага келіха, які быў набыты спецыяльна на адпустовую ўрачыстасць. Літургічны посуд упрыгожаны камянямі розных колераў, якія пераліваюцца ў святле, ствараючы філігранныя ўзоры. Вытанчаны раслінны арнамент дапоўнены залачонымі элементамі, якія падкрэсліваюць святасць гэтага сасуда і надаюць яму ўрачыстасць і глыбокі сімвалічны сэнс. Менавіта гэты асвячаны келіх быў выкарыстаны падчас Эўхарыстыі.

Пасля Імшы вернікі на чале з біскупам і святарамі ўдзельнічалі ў Эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла.

«Захавайце гэтую традыцыю!»

У завяршэнне ўрачыстай Эўхарыстыі біскуп Юрый падзякаваў усім за супольную малітву, асобна адзначыўшы арганістку касцёла, якая разам з мужам і дзецьмі забяспечыла цудоўнае музычнае суправаджэнне — яе сям’я дапамагала ёй перагортваць ноты і трымала над імі ліхтарык. Іерарх таксама пахваліў выдатны спеў вернікаў, якіх ніхто не прымушаў да гэтага: «Абяцайце, што захаваеце гэтую традыцыю!».

На завяршэнні ўрачыстасці парафіяне выказалі шчырую падзяку біскупу за яго візіт, павіншавалі пробашча — айца Язафата Кунцэвіча — з юбілеем манаскага жыцця, а таксама ўдзячна прывіталі прысутных святароў і законных сясцёр, падараваўшы ім букеты чырвоных ружаў.

Біскуп Юрый Касабуцкі падкрэсліў, што ведае айца Язафата Кунцэвіча больш за 25 гадоў, і ахарактарызаваў яго як чалавека, што нясе ўсім дабро, праўду і Божае святло:

«Калі мы побач з ім, то быццам датыкаемся да дабрыні. Айцец Юзафат — добры, міласэрны, чулы чалавек. Заставайцеся такім і надалей, несіце людзям дабро, праўду, слова Божае і сваю ўсмешку. Няхай яна натхняе і даруе радасць»,

— дадаў іерарх.

Асаблівую ўвагу біскуп звярнуў на тых, хто дапамагаў у аднаўленні сцешыцкай святыні, якая нядаўна знаходзілася ў стане рамонту. Дзякуючы працавітасці і адказнасці майстроў Андрэя Шупенькі і Валерыя Ніжніка касцёл набыў абноўлены выгляд.

Цёплыя словы былі сказаны і ў бок міністрантаў. Каб служыць менавіта на гэтай урачыстай Імшы, хлопцы прыехалі з Гродна, Мінска і іншых куткоў Беларусі і адказна выконвалі свае абавязкі. Аднаму з самых малодшых — Адрыяну — не хапіла комжы (літургічнай вопраткі міністранта). Але прага хлопчыка да служэння была такой моцнай, што святарам прыйшлося тэрмінова шукаць для яго адпаведны міністранцкі знак.

Урачыстасць завяршылася агульным фотаздымкам біскупа з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і дзецьмі, якія дапамагалі падчас Імшы.

Пасля афіцыйнай часткі біскуп і запрошаныя святары наведалі вёсачку Спас — могілкі каля Сцешыцаў, дзе калісьці стаяў драўляны касцёл. 94 гады таму ў гэтай святыні прыняла сакрамэнт сужэнства бабуля біскупа Юрыя. Ад касцёла сёння захаваўся толькі каменны ганак пасярод могілак, дзе прысутныя памаліліся за спачылых вернікаў і былых пробашчаў сцешыцкай парафіі.

Абноўлена 08.08.2026 17:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця