Пошук

09.08.2021 12:20   Фота: Кс. Аўгуст Калясінскі / Catholic.by

У суботу 7 жніўня ў Сцешыцах (Вілейскі дэканат) адзначылі парафіяльную ўрачыстасць Перамянення Пана. З нагоды 25-годдзя пабудовы мясцовага касцёла у ёй узяў удзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ганаровага іерарха віталі вернікі сцешыцкай парафіі на чале з нядаўна прызначаным пробашчам ксяндзом Віталіем Маргуновым, які змяніў на гэтай пасадзе памерлага ксяндза Пятра Пятрагу. Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел ксёндз канонік Юрый Санько, які суправаджаў арцыпастыра, куратар першага курсу духоўных семінарый у Гродне і Пінску ксёндз Павел Эйсмант, а таксама ксёндз Павел Лемех OMI з законніцкай супольнасці місіянераў аблатаў, які паходзіць са сцешыцкай парафіі.

У прамоўленым Божым слове арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што раней вёска Сцешыцы называлася Спас, або Збаўца.

«Збаўца ў сваім касцёле тут прабываў амаль што два стагоддзі: з 1786 па 1957 год, пакуль атэістычныя ўлады не знішчылі Божы дом.

Дзякуй Богу, пасля грамадска-палітычных перамен канца 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, у 1993 годзе тут была адноўлена парафія, а яшчэ праз тры гады быў пабудаваны новы касцёл», — нагадаў іерарх.

«Доўгія дзесяцігоддзі вернікі ў Сцешыцах заставаліся без касцёла і без паслугі святара, аднак іх малітвы былі выслуханы, і Бог пакіраваў лёсам парафіі так, што 25 гадоў таму тут быў пабудаваны новы касцёл як месца сустрэчы чалавека з Богам і месца яго духоўнага перамянення», — падкрэсліў арцыбіскуп, дадаўшы, што на сваім зямным шляху хрысціянін перажывае тры перамяненні.

«Першае адбываецца ў сакрамэнце хросту, які змывае першародны грэх, перамяняе нас у Божых дзяцей, робіць святынямі Духа Святога і спадкаемцамі неба. Другое адбываецца праз перамогу над жыццёвымі выпрабаваннямі. Кожны выклік, кожная цяжкасць, кожная хвіліна цярпенняў — гэта магчымасць для перамены і духоўнага росту. <…> Трэцяе адбываецца ў хвіліну смерці. Вечнае жыццё на нябёсах, магчыма, пасля перыяду ачышчэння ў чысцы, атрымліваюць тыя, каго Хрыстус прызнае годным, для чаго неабходна імкнуцца жыць у Божай ласцы», — зазначыў іерарх.

«Сёння, адзначаючы срэбраны юбілей касцёла ў Сцешыцах, мы дзякум Богу за ўсё тое, што тут здзяйснялася і здзяйсняецца цяпер. <…> Калі б сцены касцёла маглі гаварыць, то яны распавялі б шмат гісторый асабістага перамянення духоўнага жыцця чалавека», — заўважыў арцыбіскуп.

Ён дадаў, што ва ўмовах грамадска-палітычнага і маральнага крызісу «нам патрэбна перамяненне ў хрысціянскім жыцці, каб мы маглі шукаць прымірэння замест помсты, любілі непрыяцеляў і маліся за іх, дапамагалі патрабуючым, не асуджалі іншых.

Гэтае перамяненне дазволіць нам будаваць цывілізацыю любові, міра і жыцця; дазволіць пераменяць нашае жыццё на лепшае», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на заканчэнне гаміліі.

 

Абноўлена 09.08.2021 14:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.