Пошук

30.06.2026 10:56   Catholic.by

29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа.

Ва ўрачыстай цэлебрацыі прымалі ўдзел Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і дзяржаўных уладаў, шматлікія святары, кансэкраваныя асобы і вернікі.

На пачатку святой Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прывітаў усіх прысутных, асабліва Апостальскага нунцыя і дастойных іерархаў, а таксама прадстаўнікоў дыпкорпусу і дзяржаўных уладаў, у прыватнасці Сяргея Сяргеевіча Герасіменю, намесніка Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

«У дзень Папы — дзень Пантыфіка— прыходзім, каб дзякаваць за гэтых вялікіх Апосталаў, адзін з якіх “адказваў за дысцыпліну”, а другі быў місіянерам, і абодва любілі Хрыста»,

— адзначыў Старшыня Канферэнцыі Біскупаў.

З пастырскім словам да сабраных звярнуўся прадстаўнік Папы.

«У гэтай урачыстай цэлебрацыі мы пакліканыя звярнуць погляд на слупоў апостальскай веры, выбраных сведкамі Евангелля і служыцелямі еднасці. Яны не толькі важныя дзеячы ранняга хрысціянства, але два жыцці, да якіх дакранулася міласэрнасць Пана і якія сталі жывымі знакамі надзеі, якая не расчароўвае (Пар. Рым 5,5)», — адзначыў арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа.

Галоўны цэлебрант падкрэсліў, што Пётр быў пакліканы ўмацоўваць братоў у веры, а Павел  пасланы абвяшчаць Евангелле ўсім народам, «нагадваць нам, што Касцёл жыве верай, якую прымае, захоўвае і перадае, верай, якая засноўваецца не на чалавечай сіле і ініцыятывах, а на вернасці Богу, які кліча, прабачае, падтрымлівае і пасылае».

Прадстаўнік Святога Айца канстатаваў, што гісторыі, характары і шляхі Апосталаў былі розныя. Пётр — гэта рыбак з Галілеі, які ведаў спантаннасць любові і крохкасць страты. Павел быў адукаваным, гарачым і рашучым чалавекам, які ведаў моц сваіх перакананняў, але і таксама патрэбу быць прасветленым ласкай, якая перавышала яго самога. Абодва былі пакліканыя адным і тым жа Панам, падтрыманыя адным і тым жа Духам і пасланыя абвяшчаць адно і тое ж Евангелле.

«У іх мы сузіраем праўду, якая суцяшае і ўмацоўвае. Бог будуе свой Касцёл не з тых, чыё жыццё ідэальнае, а з тых, каму прабачана, каго ўзмацняюць і пасылаюць на служэнне. Пётр спазнаў слабасць адрачэння, Павел зразумеў, што пераследаваў тых, каго Бог любіў. Але ласка не пакінула іх вязнямі мінулага. Хрыстус паглядзеў на іх, паклікаў і зрабіў слугамі місіі, большай за іх саміх. Таму сённяшняя  ўрачыстасць — гэта не святкаванне чалавечай велічы, але Божай ласкі. Гэта свята Касцёла, які прызнае, што ўсё атрымаў ад Пана і можа абвяшчаць Евангелле толькі ў духу ўдзячнасці, пакоры і даверу»,

— падкрэсліў арцыбіскуп Іньяцыё.

Прамоўца звярнуў увагу прысутных таксама на тое, што ў  Цэзарэі Філіпавай Езус задае вучням пытанне, якое праходзіць праз усю гісторыю Касцёла: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» (Пар. Мц 16, 13) Яны адказваюць словамі, якія чулі ад іншых. Аднак Пан не спыняецца на меркаваннях іншых, Ён ставіць пытанне ў самы цэнтр жыцця і веры.

«”А вы кім лічыце Мяне?” Гэтае пытанне датычыць і нас, сабраных у гэтай мінскай архікатэдры. Недастаткова ведаць, што кажуць іншыя пра Хрыста, недастаткова захоўваць прынятую традыцыю, недастаткова прамаўляць прыгожыя словы. Вера пачынаецца тады, калі мы дазваляем Пану асабіста спытаць нас: “Хто Я для цябе? Толькі рэлігійны ўспамін, звычка, духоўны арыенцір або Я — жывы Пан, які асвятляе твой шлях, падтрымлівае тваю надзею і перамяняе тваё сэрца і жыццё?», — навучаў прадстаўнік Святога Айца.

Пётр адказвае: «Ты — Хрыстус, Сын Бога жывога» (Мц 16, 16). Па словах арцыбіскупа Іньяцыё, гэтае вызнанне не нараджаецца з выключна чалавечай упэўненасці, але з’яўляецца плёнам Аб’яўлення. Сам Езус кажа: « <…> не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах» (Пар. Мц 16,16). Такім чынам, вера гэта дар, атрыманае святло, ласка, якая дазваляе нам распазнаць у Езусе Сына Бога Жывога, а не проста прарока ці настаўніка мудрасці.

На гэтым вызнанні Хрыстус будуе свой Касцёл. «Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой» (Пар. Мц 16,18).

Пётр з’яўляецца скалой не таму, што ён бездакорны, але таму, што яго падтрымлівае Хрыстус. Яго служэнне — гэта не праява панавання, а служэнне на карысць умацавання братоў, захавання веры, падтрымання еднасці і адкрыцця шляхоў прымірэння і надзеі.

Прамоўца падкрэсліў, што дзякуючы гэтаму ва ўрачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла мы глыбей разумеем служэнне наступніка Пятра.

«Папа — гэта слуга еднасці. Яго місія — умацоўваць у веры, захоўваць адзінства, ажыўляць любоў і дапамагаць усяму Касцёлу заставацца верным Евангеллю. Таму еднасць са Святым Айцом — гэта не знешні абавязак, але бачны выраз нашай прыналежнасці да адзінага, святога, каталіцкага і апостальскага Касцёла. І менавіта гэта апостальская еднасць, якую захоўвае наступнік Пятра, падтрымлівае і накіроўвае місію Касцёла ў свеце», — апісаў ролю Святога Айца яго прадстаўнік.

Адзначыўшы, што вера расце, калі ёю дзеляцца, арцыбіскуп Чэффаліа спыніўся на значэнні і характары місіі Касцёла:

«Місія Касцёла — гэта не навязванне і не заваёўванне, але пакорнае сведчанне атрыманай радасці. Гэта абвяшчэнне Евангелля з павагай, лагоднасцю, паслядоўнасцю і блізкасцю. Таксама тут, на гэтай умілаванай зямлі, Касцёл пакліканы жыць сваёй місіяй з сэрцам спакойным, верным і поўным надзеі. І быць Касцёлам, які моліцца, служыць, захоўвае ў веры, суправаджае і сведчыць з далікатнасцю і евангельскай вытрываласцю пра святло Уваскрослага Хрыста».

Пётр і Павел таксама вучаць нас, што еднасць не сцірае разнастайнасці. Іх гісторыі, характары і місіі былі розныя. І ўсё ж хрысціянская традыцыя ўслаўляе іх разам, аб’яднаным адной верай, адзіным Панам і адной непадзельнай любоўю да Касцёла.

Спаслаўшыся на словы Папы Льва ХІV у гаміліі ад 29 чэрвеня 2025 года, прадстаўнік Святога Айца паразважаў аб суадносінах адзінства і разнастайнасці ў Касцёле:

«Касцёльная еднасць нараджаецца з натхнення Духа, аб’ядноўвае разнастайнасць і стварае масты адзінства ў багацці розных харызмаў, дароў і  служэнняў. Гэтыя словы глыбока асвятляюць сённяшнюю ўрачыстасць. Адзінства — гэта не аднастайнасць і не чыста чалавечая канструкцыя, але дар Духа Святога, які не знішчае адрозненняў, а ўпарадкоўвае іх у любові і пераўтварае ў багацце для місіі.

Такім чынам, калі Хрыстус у цэнтры, адрозненні не раздзяляюць, а ўзбагачаюць. Калі Дух вядзе Касцёл, харызмы не спаборнічаюць, а дапаўняюць адна адну. Калі еднасць сапраўдная, улада не пануе, а становіцца служэннем. Місія становіцца сустрэчай, а Касцёл домам, адкрытым для ўсіх, школай братэрства і пакорнай прысутнасці ў надзеі».

Завяршаючы прамову, Апостальскі нунцый заклікаў прысутных у гэтую ўрачыстасць аднавіць еднасць са Святым Айцом, наступнікам святога Пятра, і наноў выказаць удзячнасць за яго служэнне адзінству Касцёла, а таксама няспынна падтрымліваць яго малітвай. Прадстаўнік Папы заахвоціў таксама маліцца за Касцёл, які пілігрымуе ў Беларусі, за яго пастыраў і ўсіх вернікаў, каб ён заўсёды быў знакам суцяшэння і сапраўднага сведчання любові Уваскрослага.

Напрыканцы святой Імшы са словамі прывітання і падзякі звярнуўся намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей Сяргеевіч Герасіменя. Прадстаўнік дзяржаўнай улады павіншаваў прысутных з урачыстасцю святых Апосталаў Пятра і Паўла і першай гадавінай пантыфікату Яго Святасці Папы Льва ХІV. Намеснік Упаўнаважанага нагадаў, што Рыма-Каталіцкі касцёл стаў асновай сучаснай заходняй цывілізацыі і таксама з’яўляецца на працягу стагоддзяў неад’емнай часткай беларускай гісторыі.

Спадар Герасіменя адзначыў пазітыўныя бакі развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: за апошнія тры дзесяцігоддзі з’явілася шмат парафій і касцёлаў, робіцца ўсё магчымае для захавання знакавых святыняў, праводзяцца значныя для ўсяго каталіцкага свету мерапрыемствы. Таксама прадстаўнік улады падкрэсліў, што дзяржава імкнецца да канструктыўных і ўзаемапаважлівых адносін са Святым Пасадам і выказаў надзею на іх далейшае развіццё.

Апостальскі нунцый у сваю чаргу падзякаваў прысутным біскупам, святарам, кансэкраваным асобам за вернасць Евангеллю, а прадстаўнікам дзяржулады за увагу да духоўнага вымярэння жыцця грамадства і прызнанне ўнёску Каталіцкага Касцёла ў развіццё  дабрабыту і культуры беларускага грамадства.

Завяршылася ўрачыстая цэлебрацыя ўдзяленнем пастырскага благаслаўлення нунцыем і беларускімі іерархамі.

Абноўлена 30.06.2026 11:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа