У 265‑ю гадавіну каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі Мітрапаліт Мінска‑Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звярнуўся да вернікаў з пастырскім словам і абвясціў аб заснаванні Магілёўскага калегіяльнага капітула пры конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
У сваёй прамове арцыпастыр назваў Бялынічы «гістарычнай мясцовасцю Магілёўскай зямлі, дзе Найсвяцейшая Панна Марыя паставіла свой трон і дзе на працягу стагоддзяў адбываліся шматлікія цуды праз Яе заступніцтва». Ён нагадаў, што святкаванне марыйнай урачыстасці адбываецца ў 265‑ю гадавіну каранацыі папскімі каронамі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай, а таксама ў 35-годдзе адраджэння касцёльных структур у Беларусі.
Іерарх працытаваў гімн да Маці Божай Бялыніцкай, у якім «сонцам ззяе надзеі знак» над Магілёўскім краем — размова тут ідзе пра Яе абраз. Магілёўская зямля, паводле яго слоў, «здаўна славілася як цэнтр духоўнага жыцця, бо Найсвяцейшая Панна выбрала яе для праслаўлення Бога і Яго дабрадзействаў». А дзякуючы шматлікім цудам, якія адбываліся праз заступніцтва Багародзіцы, Бялынічы называлі «скарбніцаю Божых ласкаў», пра што сведчыў брат капуцын Вацлаў Навакоўскі, які пісаў, што позірк Марыі з цудадзейнага абраза «пранікаў у душу, уліваючы веру, надзею і любоў».
Гісторыя абраза і яго каранацыі натхняла не толькі вернікаў, але і паэтаў. Габрыэля Пузыня называла Бялынічы «тронам Марыі», а сучасная паэтка Данута Бічэль прасіла: «Маці з Божых Бялынічаў, Беларусь яснотай Тваёй асвятлі!»

«Найсвяцейшая Панна выбрала наш край і пажадала застацца з намі ў сваіх абразах, каб суцяшаць сэрцы, загойваць раны, дапамагаць у пілігрымаванні зямнога жыцця і весці нас да свайго Сына Езуса Хрыста», — зазначыў арцыпастыр. Канстытуцыя ІІ Ватыканскага Сабору Lumen Gentium вучыць, што Марыя «свеціць пілігрымуючаму Божаму народу як знак пэўнай надзеі і суцяшэння». А святы Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор пісаў: «Менавіта праз Марыю пачалося збаўленне свету, менавіта праз Яе яно павінна завяршыцца». «Таму сёння мы аднаўляем нашае "так" Богу — як Марыя аднаўляла сваё fiat у кожны момант жыцця», — падкрэсліў прамоўца.
Напрыканцы ўрачыстасці арцыбіскуп Юзаф Станеўскі сардэчна падзякаваў Апостальскаму Нунцыю арцыбіскупу Іньяцыё Чэффаліа за яго прысутнасць, за яго малітву і за яго сведчанне любові да Касцёла ў Беларусі. Ён таксама выказаў удзячнасць біскупам, святарам, кансэкраваным асобам, пілігрымам, хору, валанцёрам і ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі ўрачыстасці. Асаблівая падзяка была адрасавана пробашчу ксяндзу Юзафу Сярпейку і парафіянам Бялыніч за іх адданасць і любоў да Маці Божай.
У прысутнасці Маці Божай Бялыніцкай — Каралевы Беларусі — арцыбіскуп Юзаф Станеўскі абвясціў важную падзею ў жыцці архідыяцэзіі: стварэнне Магілёўскага калегіяльнага капітула пры Магілёўскай конкатэдры, прысвечанай Унебаўзяццю Найсвяцейшай Панны Марыі.
Апекунамі новаўтворанага капітула з’яўляюцца: Найсвяцейшая Панна Марыя Бялыніцкая, Каралева Беларусі, якая з XVI стагоддзя апякуе жыхароў Магілёўшчыны; і святы Антоній Падуанскі, які з XVI стагоддзя з’яўляецца апекуном горада Магілёва. Гэтыя два вялікія апекуны будуць духоўнымі слупамі капітула, яго абаронай і натхненнем у служэнні Богу і людзям.
Арцыбіскуп Станеўскі абвясціў, што біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прызначаецца грэміяльным канонікам Магілёўскага калегіяльнага капітула і ўступае ў служэнне дзекана капітула. Гэта прызначэнне з’яўляецца прызнаннем яго шматгадовай пастырскай працы, яго клопату пра Магілёўскую зямлю і яго адданасці культу Маці Божай Бялыніцкай.
Іншыя члены Магілёўскага калегіяльнага капітула — як грэміяльныя, так і ганаровыя канонікі — будуць прызначаныя пазней, пасля адпаведнай падрыхтоўкі і кансультацый, каб гэтае служэнне развівалася ў духу годнасці, адказнасці і вернасці традыцыі Касцёла.
Арцыбіскуп Станеўскі заклікаў вернікаў даверыць сябе Маці Божай Бялыніцкай, якая паставіла свой трон на нашай зямлі, каб шчодра выпрошваць Божыя ласкі для ўсіх, хто з даверам аддаецца Яе матчынаму заступніцтву. Ён папрасіў Яе аб моцнай і непахіснай веры для сем’яў, асабліва для моладзі, і аб мужнасці для беларускіх жанчын у Год беларускай жанчыны:
«О Бялыніцкая Дзева Марыя!
Беларусі Каралева, Марыя!
Вядзі нас шляхам Твайго Сына».
У завяршэнні арцыбіскуп даручыў Магілёўскую зямлю матчынай апецы Маці Божай Бялыніцкай.



























































