
З 24 па 26 красавіка ў рэкалекцыйным доме пры парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) прайшоў V Кангрэс вядучых руху «Сужэнскія сустрэчы».
Удзельнікамі сталі 7 духоўных асобаў і 14 сужэнскіх параў з трох дыяцэзіяльных асяродкаў: Віцебска, Гродна і Мінска, а таксама прадстаўнікі асяродка «Сужэнскіх сустрэч» у Праваслаўнай Царкве.
На працягу трох дзён удзельнікі рэкалекцый паглыблялі сваю духоўнасць і харызмат і разважалі пра магчымасці развіцця місіі руху.
У суботу літургію святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Вельмі кранальнымі словамі ў казанні былі асабістыя ўспаміны іерарха, звязаныя з канкрэтнымі асобамі і падзеямі ў гісторыі руху.
Біскуп Юрый падкрэсліў, што дзейнасць «Сужэнскіх сустрэч» — гэта канкрэтны адказ Касцёла на выклікі часу, і канчатковым бенефецыярам дзейнасці руху з'яўляецца ўсё грамадства.
Праз умацаванне стасункаў паміж сужонкамі ўмацоўваюцца сем’і, а, як вядома, сям’я з'яўляецца падмуркам кожнага грамадства.

Падчас Кангрэсу прайшлі выбары ў Нацыянальнае кіраўніцтва, якое будзе каардынаваць дзейнасць руху бліжэйшыя 4 гады.
Былі абраныя лідары Дар’я і Яўген Горбачы з вескі Копішча, намеснікі Ганна і Павел Баярчукі з Мінска, скарбнік Марыя Акулік з Бараўлянаў, сябры кіраўніцтва Аляксандр Акулік з Бараўлянаў і Ганна і Віталь Пацэнкі з Гродна.

















