Пошук

30.04.2024 11:49   Тэкст і фота: vdsgrodna / Instagram / Catholic.by

У суботу 27 красавіка вечар у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне быў асаблівым, не падобным на звычайныя суботы ў адмысловай навучальнай установе, дзе рыхтуюць будучых святароў для трох дыяцэзій у Беларусі.

Як паведамляецца на старонцы Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў сацыяльнай сетцы Instagram, увечары семінарыйная капліца была поўная людзей: семінарыстаў і свецкіх — у большасці, маладых хлопцаў і дзяўчат, — якія прыйшлі сюды на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Людзі былі не толькі з Гродна: некаторые прыехалі са сваімі душпастырамі з наваколля.

У супольнай малітве адчувалася еднасць і моц Касцёла.

Многім асабліва запамяталася маладая сем’я, якая прыйшла на адарацыю з малым дзіцём. Размясціўшыся ў канцы капліцы, яны правялі ўвесь час на каленях перад Езусам. І дзіцятка, як падалося, адчувала сябе ўтульна.

Адарацыя распачалася а 19-й гадзіне і пацягвалася да 20-й. Гадзіна з Езусам прайшла ў імгненне вока. Семінарысты падрыхтавалі разважанні на тэму паклікання, суправаджалі разважанні песнямі, але былі таксама хвіліны цішыні для асабістай размовы з Богам.

Пасля адарацыі ў аўлі Яна Паўла ІІ адбыўся канцэрт семінарыйнага музычнага гурта AVE.

Падчас выступу ўсе прысутныя разам з музыкамі маглі спяваць і праслаўляць Бога, а нават крыху патанчыць.

Семінарысты ўдзячныя Нябеснаму Айцу за Яго дабрыню, што праявілася ў гэтай асаблівай падзеі, якую Ён даў ім перажыць.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця