15 снежня, у трэцюю нядзелю Адвэнта, у парафіі Маці Божай Ружанцовай у мястэчку Ракаў (Валожынскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) ўшанавалі памяць ксяндза Яна Такарскага SDB, які нёс душпастырскае служэнне на Міншчыне ў цяжкія часы атэізму і пераследу Касцёла, а таксама цярпеў за веру.
Святую Імшу ў 50-ю гадавіну з дня смерці ксяндза Яна цэлебраваў у ракаўскім касцёле яго сабрат па салезіянскім таварыстве, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У цэлебрацыі таксама ўзялі ўдзел рэгіянальны настаяцель салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB і пробашч парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB.
На пачатку Эўхарыстыі біскуп Яшэўскі прывітаў пробашча ракаўскай парафіі ксяндза Дзмітрыя Чупрына і парафіянаў словамі падзякі за памяць пра ксяндза Яна Такарскага.
У прамоўленай гаміліі ксёндз Павел Шчарбіцкі напачатку нагадаў, што Трэцяя нядзеля Адвэнту ў Касцёле называецца нядзеляй Gaudеte, у перакладзе — «радуйцеся», і прапанаваў паразважаць над пытаннем адносна таго, што сёння сталася з нашай радасцю, куды яна падзелася.
«Сучасны чалавек мае мала прычын для радасці. Жыццё напаўняецца клопатам, смуткам, штодзённымі цяжкасцямі. Нам не хапае сапраўднай радасці, радасці ў Хрысце», — заўважыў настаяцель салезіянаў, пасля чаго коратка расказаў пра няпростае святарскае жыццё ксяндза Яна Такарскага.
«Пасля атрымання святарскага сану ксёндз Ян застаўся працаваць у Вільні, дапамагаючы пры салезіянскім касцёле святога Стэфана. Атрымаўшы дазвол ад манаскіх уладаў, ксёндз Такарскі накіроўваецца на Міншчыну, а дакладна ў Гарадзею Нясвіжскага раёна. Пасля вызвалення ў 1944 годзе Маладзечаншчыны Чырвонай арміяй, ксёндз Ян едзе ў асірацелую парафію ў вёсцы Дубрава.
З Дубравы святар таксама прыязджаў у парафіі святога Юрыя ў Пяршаях і Маці Божай Ружанцовай у Ракаве.
20 лістапада 1948 года ксяндза Яна Такарскага асудзілі на 10 гадоў турмы і вывезлі ў Віцебск. Адтуль салезіянін быў вывезены ў савецкі лагер у мясцовасці Інта, што ў двухстах кіламетрах ад Варкуты. У 1949 годзе яго перавозяць у мясцовасць Обіс, дзе змяшчаюць у турэмную камеру з 30-ю іншымі вязнямі. Там ксёндз Ян прабываў да 1951 года, калі яму трэба было вярнуцца ў Маладзечна на паўторны суд. Прысуд быў наступным: „Вышэйшая мера пакарання заменена на 25 гадоў заключэння ў лагеры“. Прычына такога жорсткага прысуду гучала наступным чынам: „Упарты ў веры: вучыў дзяцей рэлігіі, а, не змогшы пераканаць, прывабліваў іх цукеркамі“.
Усяго ксёндз Такарскі адседзеў 6 гадоў і 8 месяцаў. У лагерах пагоршылася яго здароўе, ён захварэў на цукровы дыябет, які прыносіў вялікае цярпенне ажно да смерці. У 1954 годзе па амністыі ксяндза Яна вызваляюць, і ён адразу прыязджае ў Беларусь.
Касцёл у Дубраве за час прабывання ксяндза Такарскага ў лагеры быў зачынены. Не маючы куды вяртацца, ксёндз Ян цэлы год жыў у плябаніі ксяндза Юзафа Марсангера, пробашча парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным, Маладзечанскі раён. Ксёндз Такарскі патаемна цэлебраваў Імшы, бо яшчэ не меў дазволу ад уладаў, у ваколіцах Краснага і Валожына. Пазней едзе ў Ракаў, Валожынскі раён, дзе атуляе апекай могілкавую капліцу святой Ганны.
Праз пэўны час ксёндз Ян пачынае цяжка хварэць. Вялікія высілкі душпастырскай працы, гады сібірскіх лагераў, барацьба з камуністычнымі ўладамі зрабілі сваё. Настаяцелі прапануюць яму выехаць у Польшчу, дзе ён у спакоі змог бы падлячыцца. Ксёндз Такарскі адказвае ў лісце:
„Як я магу пакінуць маю аўчарню? Працы і хлеба мне хапае, кавалак неба гэтым заслужу“.
Дыябет, сардэчныя недамаганні і проста ператамленне „з’ядалі“ ксяндза Такарскага. 29 лістапада 1974 года ксёндз Ян накіроўваўся да капліцы, каб адправіць набажэнства. Да святыні не дайшоў: страціў прытомнасць па дарозе. На машыне хуткай дапамогі святара вязуць у мінскі шпіталь, дзе адразу робяць яму аперацыю. Аперацыя прайшла добра, ксёндз Ян крыху ачуняў.
8 снежня ў шпіталь прыехаў ксёндз Ян Адамовіч, які ўдзяліў ракаўскаму пастыру намашчэнне хворых. Ксёндз Ян Такарскі адышоў у вечнасць 15 снежня 1974 года».
Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп Яшэўскі выказаў словы падзякі ксяндзу Дзмітрыю Чупрыну за тое, што працягвае традыцыю малітвы за спачылых святароў, якія раней неслі служэнне ў ракаўскай парафіі, за клопат аб месцах іх пахавання.
Пасля Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі, святары і вернікі памаліліся на магіле ксяндза Яна, дзе да юбілейнай гадавіны з дня смерці быў адноўлены помнік.
Святары з цікавасцю паразмаўлялі з парафіянамі, якія былі асабіста знаёмыя з ксяндзом Янам Такарскім і расказалі шмат гісторый з жыцця і служэння руплівага святара.