Пошук

05.04.2024 10:59   Тэкст і фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

3 красавіка ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску адкрылася выстава, прысвечаная выдатным каталіцкім святарам ХХ стагоддзя. Яе мэта — узгадаць тых асоб, хто ў свой час усе свае сілы і намаганні прыклалі дзеля таго, каб Божая слова гучала ў Беларусі на роднай мове.

На пачатку да сабраных звярнуўся ксёндз Аляксандр Шамрыцкі, духоўны апякун сацыяльнага центру. Вітаючы прысутных, асаблівым чынам ён прывітаў старшыню Канферэнцыі Біскупаў на Беларусі біскупа Алега Буткевіча, арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча і Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.

Дзеля таго каб, выстава прынесла шматлікі духоўны плён і прычынілася да пашырэння ведаў аб нашай спадчыны, адкрыццё распачалося благаслаўленнем, якое разам з прысутнымі іерархамі Касцёла ўдзяліў біскуп Буткевіч.

«Усемагутны вечны Божа, просім Цябе, спашлі ласкава сваё благаслаўленне на гэтае месца, месца сведчання тых людзей, якія ў сваім жыцці вызнавалі веру ў Цябе і дзеля гэтай веры прысвяцілі сваё жыццё. Учыні, каб тыя, хто будзе наведваць гэтую выставу і ўглядацца ў прыклад святога жыцця святароў, адчувалі іх заступніцтва і адкрывалі для сябе веліч і прыгажосць хрысціянскай веры, якая нараджае такіх вялікіх людзей для Божага Валадарства», — сказаў іерарх.

Звяртаючыся да прысутных пасля благаслаўлення, біскуп заўважыў, што сведчанне, якое дае гэтае выстава, кажа таксама аб тым, наколькі людзі цанілі прысутнасць святароў сярод іх: магчымасць быць штонедзелі ў касцёле.

Узгадываючы сваё ўласнае дзяцінства, іерарх адзначыў наколькі вялікая была духоўнасць і моц тых святароў, якія ў тых вельмі складаных умовах змаглі проста збіраць гэтых людзей, цэлебрававаць Эўхарыстыю, весці душпастырства. «Гледзячы на фотаздымкі з тых часоў, можна здзівіцца прысутным натоўпам, дзецям да Першай Камуніі, нават нягледзячы на ўсе пазнейшыя пераследы у сувязі з гэтым», — сказаў біскуп Буткевіч.

«Вельмі цудоўна, што ёсць гэтая выстава — зусім маленечкая частка той спадчыны: сведчання тых, можа не такіх шматлікіх, але мужных вызаўцаў веры таго часу. І для нас няхай яна служыць прыкладам, няхай абуджае свядомасць нашай прыналежнасці Хрысту. Свядомасць таго, наколькі важныя сведкі Бога на гэтай зямлі, знакі Яго прысутнасці сярод нас і тым больш тых людзей, якіх Ён кліча і якіх у нас час таксама надалей не хапае. Таму няхай гэтая выстава таксама абудзіць нас да малітвы аб святых пакліканнях. Каб тыя, каго Бог кліча, цяпер былі годнымі нашчадкамі тых, хто годна прайшоў праз тыя цяжкія часы выпрабаванняў, каб далей будаваць Божае Валалдарства», — сказаў біскуп Алег Буткевіч.

Пасля да прысутных таксама скіраваў сваё слова арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які гаворачы пра свой уласны досвед працы ў Расіі, казаў пра «сведкаў веры», якія сведчылі аб сваёй веры не толькі служачы сярод вернікаў, але таксама будучы ў вязніцах ці ссылках у Сібіры. Нават будучы ў вельмі складаных, нялюдзкіх умовах турмаў, яны і надалей вялі пастыркую дзейнасць. Яны цэлебравалі святыя Імшы, спавядалі, яны адчувалі сябе патрэбнымі.

«Кожны, хто сюды прыходзіць, дакранецца да гэтага сведчання людзей, якія ў вельмі складаных умовах не здрадзілі сваёй веры, сведчылі аб сваёй веры і  перадавалі яе іншым людзям, каб тыя маглі ў тых умовах жыць з Богам. Ва ўмовах, калі здавалася, што ўсё страчана, што няма ніякай надзеі. Гэтыя святары неслі ім надзею», — свердзіў заслужагны іерарх

Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімадрыт Гаек Сяргей Гаек, адзначыў, што, «гледзячы з пашанай на собаў, прадстаўленых на гэтай выставе, разумеем, што мы з’яўляемся іх спадкаемцамі. Што гэта не нейкія артэфакты мёртвага музея, але жывая рака міжканфесійнага сведчання», — сувердзіў святар.

Арганізатары сардэчна запрашаюць усіх ахвотных наведаць выставу па адрасуе:

г. Мінск, вул. Серафімовіча, д. 19

Даведацца аб часе працы можна па нумару тэлефона Хрысціянскага Сацыяльнага цэнтра:

 
Абноўлена 06.04.2024 10:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа