Пошук

15.07.2024 15:58   Тэкст і фота: Лаліта Арлоўская / jezuity.by

13 ліпеня ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вішневе (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) адбылося благаслаўленне новага помніка айцу Станіславу Міхальскаму, езуіту які загінуў мучаніцкай смерцю.

Як паведамляецца на сайце Таварыства Езуса ў Беларусі jezuity.by, айцец Станіслаў служыў у Вішневе з 1944 года. Тут ён прыняў мучаніцкую смерць ад рук камсамольцаў у 1950 годзе, напярэдадні свята Божага Нараджэння. Святар належаў да Таварыства Езуса і вызваўся быць скіраваным на тэрыторыі, дзе ў той час не хапала святароў, у межах так званай «Усходняй місіі» Віленскай дыяцэзіі неўзабаве пасля свайго святарскага пасвячэння.

На благаслаўленне помніка былі запрошаныя сабраты айца Станіслава Міхальскага: пробашч парафіі святога Уладзіслава ў Віцебску айцец Віктар Жук SІ і айцец Рышард Матэюк SІ з Польшчы. На цырымоніі таксама прысутнічалі святары: ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB, які быў ініцыятарам вывучэння жыцця айца Станіслава Міхальскага, Рэгіянальны настаяцель місіі салезіянаў у Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB, ксёндз Вадзім Сурвіла з Войстама (Гродзенская дыяцэзія), а таксама пробашч Вішнеўскай парафіі ксёндз Юзаф Мельдзюк.

Благаслаўленню помніка папярэднічала святая Імша, на пачатку якой сваім сведчаннем падзяліўся ксёндз Артур Ляшнеўскі.

«Дзякуючы айцу Станіславу нарадзілася маё святарскае пакліканне. Памятаю з дзяцінства, як бабуля прыводзіла мяне на яго магілу, і мы разам з ёй маліліся аб новых пакліканнях. Таксама яна распавядала аб тым, якім чалавекам быў айцец Міхальскі, таму ён стаў для мяне прыкладам добрага святара. Бабуля расказала, як айцец Станіслаў, каб дапамагчы маёй прабабулі з дзецьмі, якая засталася ўдавой, калі яе мужа забілі камуністы, падклаў пад абрус падчас адведзінаў усе грошы, якія сабраў на рамонт касцёла. Дзякуючы гэтаму мая сям’я выжыла», — падкрэсліў ксёндз Артур.

Айцец Віктар Жук прамовищ гамілію, асаблівую ўвагу ў якой звярнуў на вернасць айца Станіслава свайму пакліканню.

«Ён мог, як мноства іншых, вярнуцца туды, дзе было значна бяспечней, але выбраў застацца ў Вішневе, бо людзям быў патрэбны святар. Ён жадаў наследаваць Боскага Настаўніка да канца, ведаючы, што сустрэнецца з пераследам; быць добрым пастырам, які аддае жыццё за авечак. Ён выбраў быць слабым, не стаў бараніцца ад насілля, але праявіў сілу ў вернасці свайму пакліканню як езуіт і святар, каб Евангелле магло дасягнуць кожнага чалавека і дзеля большай хвалы Божай», — адзначыў айцец Віктар.

Напрыканцы святой Імшы ксёндз Артур зноў звярнуўся да вернікаў, просячы не забывацца пра добрую традыцыю, якая склалася ў Вішневе, «каб магіла айца Станіслава заўсёды была месцам малітвы аб святых пакліканнях». Салезіянін падзякаваў прысутным святарам і ўсім тым, хто дапамагаў на працягу апошніх некалькіх гадоў збіраць звесткі пра жыццё і мучаніцтва айца Станіслава Міхальскага, і асаблівую падзяку выказаў гісторыку Тэрэзе Бітэль.

Пасля святой Імшы адбылося благаслаўленне помніка на магіле айца Станіслава Міхальскага на прыкасцёльным цвінтары, якое здзейсніў яго сабрат айцец Віктар Жук.

Сабраныя памаліліся на магіле святара і мучаніка аб новых пакліканнях, працягваючы шматгадовую добрую традыцыю.

 

Абноўлена 17.07.2024 16:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа