
17 чэрвеня 1995 года ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя тагачасны біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў святарскае пасвячэнне першым ў гісторыі Гродзенскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі яе выпускнікам.
Сярод іх быў сённяшні Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім святарскае пасвячэнне прыняў ксёндз канонік Юзаф Ганьчыц, які 13 кастрычніка 2020 года адышоў у вечнасць.
Арцыбіскуп Станеўскі з нагоды 30-й гадавіны святарскага пасвячэння 17 чэрвеня будзе цэлебраваць дзве святыя Імшы падзякі ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску і запрашае ўсіх ахвотных да супольнай малітвы падзякі за яго пастырскае служэнне, а таксама аб новых пакліканнях да святарскага служэння з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсёй Беларусі.
Памаліцца за арцыпастыра можна падчас святых Імшаў а 15.00 і 18.30.
Рэдакцыя партала catholic.by сардэчна віншуе Глыбокапаважанага Мітрапаліта з юбілеем святарскага пасвячэння і жадае Божага благаслаўлення, моцнага здароўя і плённага служэння Божаму народу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Таксама заахвочваем памаліцца аб жыцці вечным для спачылага ксяндза каноніка Юзафа Ганьчыца.




