Пошук

02.12.2024 12:46   Catholic.by

30 лістапада ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Вішнева (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) адбыліся юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 600-годдзя мясцовай парафіяльнай супольнасці.

У гэты дзень, калі Касцёл адзначаў свята святога апостала Андрэя, урачыстую цэлебрацыю святой Імшы ў вішнеўскім касцёле ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Перад уваходам у старадаўнюю вішнеўскую святыню іерарха шчыра прывіталі хлебам-соллю тутэйшыя вернікі на чале са сваім пробашчам, ксяндзом Юзафам Мельдзюкам.

Першы касцёл, заснаваны у Вішневе ў 1424 годзе вялікім князем Вітаўтам, быў пабудаваны з дрэва на маляўнічым высокім пагорку над ракою Альшанкаю.

Пазней, у першай палове XVII стагоддзя, на яго месцы была пабудавана мураваная святыня па фундацыі ваяводы наваградскага Юрыя Літавора Храптовіча. Пасля смерці фундатар быў пахаваны ў крыпце правай капліцы, размешчанай акурат на месцы драўлянага касцёла часоў Вітаўта.

Мураваны касцёл быў пасвячаны ў 1675 годзе біскупам суфраганам Віленскім Мікалаем Слупскім у гонар Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Вішнеўская парафія славутая тым, што ўёй з 1953 года рэгулярна адбываюцца набажэнствы на беларускай мове.

Менавіта тут доўгія гады нёс служэнне легендарны святар, вялікі пядзвіжнік ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, які распачаў пераклады на беларускую мову Святога Пісання і адноўленых Другім Ватыканскім Саборам літургічных тэкстаў святой Імшы.

Ва ўрачыстым святкаванні 600-гадовага юбілею вішнеўскай парафіі ўзялі ўдзел ксяндзы салезіяне на чале з рэгіянальным настаяцелем салезіянскага таварыства ў Беларусі ксяндзом Паўлам Шчарбіцкім SDB, а таксама госці з розных мясцін, многія з якіх паходзяць з Вішнева, так, як пробашч парафіі святога Арханёла Міхала ў Смаргоні ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі павіншаваў пробашча парафіі і ўсіх вернікаў з вялікім гістарычным юбілеем, а пасля Імшы паразмаўляў з прысутнымі на ўрачыстасці дзецьмі і прадстаўнікамі старэйшага пакалення вішнеўскай парафіі, якія добра памятаюць ксяндза Чарняўскага.

 

Абноўлена 02.12.2024 14:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця