1 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшло пасяджэнне круглага стала на тэму «Беларускія пераклады Бібліі».
Мерапрыемства было прымеркавана да 95-годдзя выдання першай кнігі Святога Пісання на сучаснай беларускай мове і сабрала прадстаўнікоў Цэркваў і духавенства розных канфесій Беларусі, багасловаў, гісторыкаў, выкладчыкаў, перакладчыкаў і філолагаў.
Ад Каталіцкага Касцёла ўдзел у круглым стале ўзялі ксёндз канонік доктар Ян Крэміс, ксёндз канонік Францішак Рудзь і доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук.
Удзельнікі абмеркавалі методыку біблейскіх перакладаў на нацыянальную мову, развіццё тэксталогіі, суадносіны паміж традыцыйнымі і сучаснымі перакладамі. Асабліва была падкрэслена роля перакладаў Бібліі ў павышэнні прэстыжу ў развіцці граматычнай структуры і слоўнікавага запасу роднай мовы.
Прадстаўнікі навуковага свету сцвердзілі важнасць выкарыстання перакладных тэкстаў для даследаванняў. Было падкрэслена, што ў сучаснай беларускай мове ўжо сфармаваўся «канфесійны стыль», які ўзвысіў мову на новы ўзровень, у чым ёсць бясспрэчная заслуга і Каталіцкага Касцёла.
Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў выклікала пытанне аб выкарыстанні ілюстрацый і мультымедыйных сродкаў як спосабаў папулярызацыі Бібліі. Разам з тым у дыскусіі было падкрэслена, што Біблія і так з’яўляецца самай перакладанай кнігай на нацыянальныя мовы ў гісторыі чалавецтва, нягледзячы на рознасць меркаванняў, падыходаў і адрозненняў у традыцыях перакладу. Святары адзначылі, што на працягу стагоддзяў пераклады біблейскіх тэкстаў спрыялі ўзнікненню алфавітаў, стварэнню граматык і слоўнікаў, узнікненню і ўмацаванню нацыянальных моў, літаратурных традыцый, уплывалі на развіццё нацый.
Сёння Касцёл у Беларусі мае багаты досвед перакладу тэкстаў Бібліі на родную мову. Гэтая праца заўважана беларускім грамадствам і вучонымі. За пераклад Новага Запавету прадстаўнікі Касцёла ў 2018 годзе былі ўдастоены прэміі «За духоўнае адраджэнне».
Падчас пасяджэння круглага стала адбылася перадача рукапісаў перакладу Бібліі на беларускую мову, зробленага ў другой палове мінулага стагоддзя ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім, у фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Прадстаўнікі Касцёла падаравалі Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі кнігу «Мяне заўсёды ратавала вера…» У выданні прадстаўлены ўспаміны святароў, свецкіх асоб і дзеячаў культуры аб жыцці кардынала Казіміра Свёнтка, які адышоў у дом Нябеснага Айца 21 ліпеня 2011 года. Кардынал зрабіў значны ўнёсак у развіццё літургіі на нацыянальнай мове, пакінуўшы заўважны след у гісторыі Касцёла ў Беларусі і ўсёй нашай краіны.
У межах круглага стала адбыліся таксама дзве прэзентацыі. Удзельнікам было прадстаўлена факсімільнае выданне першага перакладу кнігі Святога Пісання на сучасную беларускую мову («Святое Евангелле Паводле Лукі»), якое выйшла ў 2021 годзе ў выдавецтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Акрамя таго, быў прэзентаваны пераклад Евангелля, зроблены братам Якуба Коласа Міхаілам Міцкевічам. Яго першае выданне ўбачыла свет таксама ў 2021 годзе.