Пошук

05.11.2024 10:19   Паводле: Ганна Шаўчэнка / ave-maria.by / Catholic.by
Фота: ave-maria.by

У 2025 годзе Пінская дыяцэзіі бдзе адзначаць 100-гадовы юбілей з часу яе заснавання, і з гэтай нагоды ў сталічным каталіцкім выдавецтве «Pro Christo» ўбачыла свет кніга «Каталіцкія святыні. Пінская дыяцэзія. Пружанскі дэканат. Пружанскі раён».

Як адзначаецца ў анонсе новай кнігі на сайце ave-maria.by, знаўцы каталіцкай літаратуры добра памятаюць грунтоўнае выданне «Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія», якое пабачыла свет у выдавецтве «Pro Christo» ўжо шмат гадоў таму і ў якім сабрана інфармацыя пра ўсе касцёлы, капліцы і кляштары Будслаўскага (цяпер — Мядзельскага), Вілейскага і Мінскага дэканатаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Кніга стала змястоўным і максімальна поўным даведнікам для ўсіх, хто цікавіцца архітэктурай, гісторыяй, сакральным мастацтвам роднага краю.

Чарговае выданне серыі «Каталіцкія святыні» выйшла на пачатку восені і прысвечана ўсім існуючым, разбураным і нават страчаным святыням Пружанскага раёна аднайменнага дэканата Пінскай дыяцэзіі — мясцінаў, з якімі быў асабліва звязаны святарскі шлях кардынала Казіміра Свёнтка.

Аўтар тэксту і фотаздымкаў (гэтак жа, як і ў першым выданні серыі) — архітэктар Аляксей Яроменка. Праехаўшы па дарогах Пружаншчыны і наведаўшы ўсе яе мясціны з багатаю і старадаўняю каталіцкаю гісторыяй, аўтар сабраў унікальную інфармацыю пра святыні, якія тут дзейнічаюць у наш час, якія былі разбураныя і стаяць у руінах, а таксама пра тыя, ад якіх не засталося нават рэшткаў. Аляксей Яроменка знайшоў і апрацаваў вялікую колькасць архіўных матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архівах і бібліятэках Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі. Дзякуючы гэтым пошукам яму ўдалося ўзнавіць гістарычную сетку мясцовых структураў Касцёла.

«У дадзеным выданні разглядаюцца парафіі ў межах Пружанскага раёна, — піша сам аўтар кнігі, — але цікава, што ў межы гэтага раёна трапляюць гістарычныя цэнтры ажно трох дэканатаў — дзеючага Пружанскага, былых Ружанскага і Шарашоўскага».

Як адзначае біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ва ўступным слове да выдання, Пружанскі раён адзіны на тэрыторыі Беларусі з такою асаблівасцю. Пастыр Пінскай дыяцэзіі таксама заўважае:

«Пададзеная аўтарам інфармацыя — унікальная і цікавая. Зазначу, што многія помнікі архітэктуры дагэтуль не згадваліся ў навуковай і даведачнай літаратуры, не даследаваліся і, магчыма, былі б незаслужана забытыя нашчадкамі, хоць руіны некаторых святыняў у хмызняках і зарасніках яшчэ нагадваюць нам пра тое, што каталіцкае жыццё на Пружаншчыне ў розныя часы было вельмі актыўным і плённым».

Кніга густоўна ілюстраваная гістарычнымі картамі, архіўнымі і сучаснымі фотаздымкамі святыняў, выявамі праектаў і чарцяжоў сакральных будынкаў — усё гэта суправаджаецца разгорнутымі подпісамі і тлумачэннямі на палях кніжных старонак, што дапамагае чытачу добра арыентавацца ў пададзеным матэрыяле, паслядоўна праводзіць яго ўнутраны позірк праз мінулыя стагоддзі і выразна паказвае, які адбітак на сакральных помніках — дый на чалавечых лёсах — пакінулі час, войны, дзесяцігоддзі атэізму і нявер’я.

Выданне прымеркавана да 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, у склад якой уваходзіць Пружанскі дэканат.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа