Пошук

24.05.2021 13:34   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: з архіву парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах / Catholic.by

22 мая Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах (Пінская дыяцэзія), дзе падчас урачыстай святой Імшы здзейсніў асвячэнне абраза Маці Божай Апякункі лясоў.

Аўтарам унікальнага абраза стаў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Кузьміч, які, між іншым, зрабіў сучасную рэпліку каштоўнай рэліквіі, страчанай у гады Другой сусветнай вайны, — крыжа Еўфрасінні Полацкай.

З гэтай нагоды ў Пружаны быў дастаўлены таксама яшчэ адзін выкананы майстрам твор сакральнага мастацтва — асвячаны раней біскупам Алегам Буткевічам абраз святой Барбары. Духавенства і вернікі пранеслі яго ў працэсіі па вуліцах горада.

Перад помнікам спаленым вёскам працэсія затрымалася на Маёвае набажэнства і малітву за загінулых падчас Другой сусветнай вайны.

Праца над абразом Маці Божай Апякункі лясоў, выкананым у старадаўняй тэхніцы ў візантыйскім стылі, працягвалася сем месяцаў. Асноўнымі матэрыяламі іконы з’яўляюцца золата, срэбра, каштоўныя і паўкаштоўныя камяні. Блакітнымі літарамі падпісаны яе тытул на лаціне: Mater Dei Silvarum Patrona. На абразе — фігура Маці Божай на фоне лясоў, а таксама касцёла і шляхецкага палацыка ў Пружанах.

Гэты горад на мяжы Беларускага Палесся, размешчаны непадалёк ад славутай Белавежскай пушчы, у 1939 годзе стаў першым месцам служэння маладога святара Казіміра Свёнтка — будучага арцыбіскупа і першага ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынала. З гэтых мясцін паходзіць і каталіцкі мецэнат, які фундаваў стварэнне каштоўнай іконы, што цяпер будзе захоўвацца ў пружанскім касцёле.

Ікону Апякункі лясоў і ўсіх тых, чыя праца звязана з «зялёнымі лёгкімі планеты» ў святыню ўнёс галоўны ляснічы Пружанскага лясгасу Дзмітрый Козел.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Пружаны сталі першай парафіяй, у якой прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне цэлебраваў Імшу па-за Мінскам.

У прамоўленай гаміліі іерарх напачатку сказаў: «Сёння мы сабраліся разам, каб праславіць нашага Пана Езуса Хрыста і Яго Маці Марыю, якую мы называем і ўшаноўваем як нашу Маці і Каралеву супакою.

Месяц май асаблівым чынам прысвечаны Маці Божай, да якой мы часта звяртаемся, просячы ў Яе дапамогі і абароны ў нашым жыцці. З гэтай нагоды будзе асвячана ікона для ўшанавання вернікамі, з якой кожны хрысціянін зможа чэрпаць натхненне і сілы для сваёй веры і для свайго жыцця. <…>

Сёння нас збірае разам Маці Божая, прадстаўленая як Апякунка лясоў. Перад іконай, якая будзе асвячана, мы ўзнясём нашы гарачыя малітвы за нашыя сем’і, за наша грамадства, за тых, хто церпіць, хто шукае справядлівасці, суцяшэння, дапамогі і благаслаўлення», — падкрэсліў нунцый Ёзіч.

Прадстаўнік Святога Айца дадаў, што Найсвяцейшая Панна Марыя — Апякунка лясоў і наша Маці — дапаможа сустрэць Езуса.

«Магчыма, наша сітуацыя моцна не зменіцца, але можа і павінен змяніцца наш падыход да яе, каб мы маглі разгледзець тое, што знаходзіцца ў зародку», — падбадзёрыў вернікаў арцыбіскуп.

Ён выказаў падзяку мецэнату і мастаку іконы, «якія не толькі далі нам магчымасць сустрэцца сёння разам, але якія перадусім далі нам магчымасць ушанаваць нашу Маці і Апякунку лясоў тут, на Палессі — у гэтым лясным краі, які многія называюць „лёгкімі Еўропы“. Гэтая зямля дае жыццё чалавеку і дазваляе яму расці, падобна дрэву, каб дзень пры дні даваць кісларод і жыццё іншым.

Малю Пана Бога, каб гэтая зямля стала месцам сустрэчы і малітвы пад абаронаю нашай Найсвяцейшай Маці, Апякункі лясоў!» — такім малітоўным заклікам завяршыў сваю гамілію прадстаўнік Папы.

На заканчэнне святой Імшы пробашч пружанскай парафіі ксёндз Павел Ярашэвіч падаў інфармацыю пра абраз Маці Божай Апякункі лясоў, і Апостальскі нунцый асвяціў ікону.

Пасля ўрачыстасці ў Пружанах арцыбіскуп Антэ Ёзіч у прыватным парадку наведаў праваслаўны Свята-Успенскі манастыр у Жыровічах, дзе памаліўся перад адной з самых шанаваных хрысціянскіх рэліквій Беларусі — цудатворнай іконай Маці Божай Жыровіцкай.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.