Пошук

20.04.2020 18:17   Тэкст і фота: Кс. Ігар Лашук / Catholic.by

19 красавіка, у свята Божай Міласэрнасці, у віцебскім касцёле святой Барбары Віцебскі біскуп Алег Буткевіч асвяціў абраз святой Барбары, які ў арыгінальнай тэхніцы выканаў вядомы брэсцкі мастак Мікалай Кузьміч, аўтар сучаснай рэплікі крыжа святой Еўфрасінні Полацкай.

Святая Барбара жыла напрыканцы трэцяга – на пачатку чацвёртага стагоддзя ад нараджэння Хрыста дзесьці на Блізкім Усходзе: дакладнае месца невядомае.

Патаемна прыняўшы хрысціянства, усім сваім сэрцам маладая дзяўчына старалася вызнаваць і праслаўляць Трыадзінага Бога, як навучаў Хрыстус.

Менавіта за гэта Барбару ўзненавідзеў родны бацька Дыяскар і выдаў яе кіраўніку горада Марцыяну. Як падае жыццярыс святой мучаніцы, пасля шматлікіх жорсткіх катаванняў яе родны бацька сам адсек ёй галаву.

Святая Барбара ўшаноўваецца як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве. Яе ўспамін адзначаецца 4 снежня. Праз заступніцтва святой Барбары людзі звяртаюцца да Усемагутнага і Міласэрнага Бога асабліва падчас розных эпідэмій і цяжкіх хваробаў, а таксама просяць аб захаванні ад раптоўнай і неспадзяванай смерці.

З новаасвячаным абразом біскуп Алег Буткевіч аб’ехаў усе гарадскія шпіталі Віцебска і благаславіў іх, праз заступніцтва святой мучаніцы Барбары ўзносячы свае малітвы за ўсіх цяжка хворых, просячы Пана Бога аб іх аздараўленні, а таксама каб усім паміраючым Хрыстус адчыніў брамы Нябеснага Валадарства.

Малітвы ўзносіліся і за медыкаў, каб Бог даў ім неабходныя сілы і захаваў ад хваробы, а таксама за Касцёл у Беларусі, каб трываў аднадушна ў малітве, просячы Божай Міласэрнасці для нашай краіны і яе жыхароў.

Абноўлена 21.04.2020 09:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця