Паводле падання, Барбара жыла ў ІІІ ст. у Нікамідыі (Малая Азія, на тэрыторыі сучаснай Турцыі) і была выхавана ў паганскай традыцыі. Шмат маладых людзей шукалі рукі прыгажуні Барбары, але яна адхіліла ўсе прапановы. Прычынаю яе нежадання выходзіць замуж было тое, што яна належала да групы хрысціянаў, якія былі вымушаны хаваць сваё веравызнанне з-за жорсткага пераследу падчас панавання цэзара Максіміна.
Калі гэта стала вядома бацьку Барбары, ён вырашыў зачыніць дзяўчынуў вежы, і тады яна прызналася яму, што прыняла хрост. Раз’юшаны бацька прывёў дачку да намесніка — заўзятага ворага хрысціянаў, які аддаў Барбару на катаванне: яе жорстка бічавалі, прыпальвалі цела агнём паходні, адсеклі грудзі. Нязломная маладая хрысціянка загінула ў 306 г. Святую Барбару ўшаноўваюць як заступніцу вязняў, архітэктараў і будаўнікоў, а таксама як апякунку добрай смерці. У яе просяць паратунку ад агню і бураў.