Турэцкія СМІ пішуць, што археолагі знайшлі грабніцу святога Мікалая, біскупа Мір Лікійскіх і філантропа, асобаю якога натхнёны папулярны на Захадзе каляднага вобраза Санта-Клаўса.
Як паведаміла 6 снежня, ва ўспамін папулярнага хрысціянскага святога, турэцкае інтэрнэт-выданне Türkiye Today, знаходка была зроблена ў двухпавярховай прыбудове царквы святога Мікалая ў Дэмрэ, у турэцкай Анталіі.
Археолагі знайшлі вапняковы саркафаг даўжынёй амаль 2 метры, які знаходзіўся на такой жа глыбіні.
Раскопкі тут вядуцца з 1989 года, бо гэтае месца лічыцца апошнім прытулкам святога.
На думку Эбру Фатмы Фіндык, дацэнта ўніверсітэта Хатай Кемаль, якая ўзначальвае праект «Спадчына для будучыні», апошняя знаходка — найбольш інтрыгуючая.
«Той факт, што мы знайшлі саркафаг побач з царквой, у якой, як лічыцца, знаходзіцца яго грабніца, можа ўказваць на тое, што мы знайшлі тое, што шукалі, — гаворыць Фіндык. — Гэта важнае археалагічнае пацвярджэнне гістарычных крыніц аб месцы пахавання святога Мікалая».
Акрамя самога месцазнаходжання грабніцы, даследчая група спадзяецца знайсці надпіс, які мог бы раскрыць больш дэталяў аб тым, хто знаходзіцца ўнутры.
У гутарцы з Türkiye Today Фіндык удакладніла, што «надпіс на саркафагу дапаможа вызначыць, хто менавіта ў пахаванні, а таксама дакладны перыяд, да якога яно адносіцца».
На цяперашні момант цалкам расчышчана толькі вечка грабніцы, бачная невялікая частка пахавальнай камеры. Каманда археолагаў плануе працягнуць раскопкі ў бліжэйшыя месяцы.
Кім быў Святы Мікалай?
Святы Мікалай нарадзіўся каля 270 года ў Мірах, Лікія (цяпер Дэмрэ ў Анталіі) і быў раннехрысціянскім біскупам. Ва ўсходняй традыцыі ён лічыцца апекуном падарожных, зняволеных і сіротаў, у заходняй — апекуном практычна ўсіх слаёў грамадства, але пераважна дзяцей.
І на Усходзе, і на Захадзе святога ўшаноўваюць як цудатворцу. Да нашых часоў захавалася памяць пра яго надзвычайную дабрыню і шчодрасць.
Надзвычайная папулярнасць святога Мікалая прывяла да з’яўлення вобразу Санта-Клаўса — вясёлага барадатага старога, які прыносіць дзецям падарункі на Каляды. Імя Санта-Клаўс утворана ад галандскай формы назову святога Мікалая — Сінтэр Клаас.
Аб сапраўдным святым Мікалаю вядома зусім няшмат, за выключэннем таго, што ён быў пахаваны ў царкве, названай у яго гонар, пасля смерці ў 345 годзе.
Аднак месцазнаходжанне яго парэшткаў заўсёды заставалася таямніцай, хоць лічылася, што яны былі выкрадзены ў 1087 годзе і таемна перавезены ў базыліку святога Мікалая ў Бары, Італія, дзе і знаходзіцца да сённяшняга часу.
Нягледзячы на праведзеныя навуковыя даследаванні рэліквій у Бары, пераканаўчых доказаў таго, што яны сапраўды належалі святому Мікалаю, вельмі мала, адзначаюць спецыялісты.