Пачатак снежня ў парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) быў плённы на разнастайныя дабрачынныя і душпастырскія акцыі, якія мелі таксама евангелізацыйную мэту.
Валанцёры парафіяльнай суполкі Caritas падтрымліваюць сувязь з дзецьмі-інвалідамі і маладымі інвалідамі Стаўбцоўшчыны.
З нагоды Дня інвалідаў, які на міжнародным і нацыянальным узроўні адзначаўся 3 снежня, валанцёры запрасілі ў касцёл на святую Імшу маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія наведваюць аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі ў Стаўбцоўскім фізкультурна-аздараўленчым комплексе.
Пробашч парафіі ксёндз канонік Ігар Лашук арганізаваў падвоз на Імшу жыхароў навакольных вёсак на аўтобусе.
Падчас Імшы святар маліўся ў інтэнцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, каб яны заўсёды былі ў цэнтры ўвагі грамадства, каб і яны самі, і іх сем’і атрымлівалі неабходную апеку і суправаджэнне як з медыцынскага, так і з чалавечага пункту гледжання.
У малітвах пробашч успомніў таксама і валанцёраў — людзей, якія гатовыя прысвяціць сябе іншым, прыйсці на дапамогу бліжняму, каб у іх заўсёды было здароўе, хапала цярплівасці і жадання ісці Божым шляхам.
Пасля благаслаўлення ксёндз Ігар Лашук расказаў удзельнікам Імшы пра слугу Божага айца Фабіяна Малішоўскага ОР, святара, які заснаваў парафію ў Стоўбцах, пасля чаго прысутныя мелі магчымасць дакрануцца да рэлікварыя з яго парэшткамі, а валанцёры запрасілі гасцей на салодкі пачастунак, падрыхтаваны ў дольным касцёле.
Удзельнікі руху «Легіён Марыі» таксама ўзялі ўдзел у сустрэчы. Яны пагутарылі з маладымі людзьмі, прапанавалі медалікі Найсвяцейшай Панны Марыі і часопісы «Ave Maria». Маладыя асобы з абмежаванымі магчымасцямі былі ўдзячныя легіянерам за ўвагу і нечаканы сюрпрыз, а валанцёрам — за клопат і спагаду.
6 снежня, у дзень успаміну святога Мікалая, сапраўдны святы Мікалай разам з валанцёрамі стаўбцоўскай парафіяльнай суполкі Caritas завітаў у карэкцыйна-развіваючы цэнтр для дзяцей-інвалідаў, які месціцца ў гарадскім дзіцячым садку № 7.
З’яўленне незвычайнага госця стала нечаканасцю для малых, для іх бацькоў і нават для выхавацеляў і вельмі здзівіла іх і парадавала.
Не толькі цацкі і салодкія пачастункі атрымалі дзеці з яго прыходам. Святы Мікалай расказаў ім пра тое, што ён — сын заможных людзей, які рана застаўся сіратою, вырас добрым чалавекам, меў глыбокую веру, часта дапамагаў бедным і радаваўся, гледзячы на іх радасць. Ён шчыра выконваў свае абавязкі перад Богам, быў сапраўдным хрысціянінам і такім чынам дасягнуў святасці.
Святы вельмі спадабаўся і дзецям, і дарослым, таму ўсе запэўнілі яго, што зноў будуць чакаць яго прыходу ў наступным годзе.
Малодшыя парафіяне сустракалі святога Мікалая ў касцёле.
Да іх у госці ён завітаў пасля ранішняй Імшы ў нядзелю, і не адзін, а з памочнікамі: вядучай, анёламі і нават жывым мехам з цукеркамі.
Загадкі, конкурсы і гульні з вядучай, якой была валанцёрка Рэгіна з Жацерава, згуртавалі і аб’ядналі дзяцей, заахвоцілі іх праявіць вынаходлівасць і таленты: пачытаць вершыкі і паспяваць песні святому Мікалаю.
Працягам свята стаў салодкі пачастунак, які арганізавалі валанцёры парафіяльнай суполкі Сaritas для малодшых парафіянаў.