
19 кастрычніка на ватыканскай Плошчы Святога Пятра адбылася ўрачыстая Імша, падчас якой Леў XIV кананізаваў сем благаслаўлёных: Ігнацыя Шукралаха Малаяна, Пітэра То Рота, Вінчэнцу Марыю Палоні, Марыю дэль Монтэ Кармэла Рэндылес Марцінэс, Марыю Транкаці, Хасэ Грэгорыа Эрнандэса Сіснэраса і Бартала Лонга.
Паводле інфармацыі Беларускай рэдакцыі Vatican News, у гаміліі Святы Айцец спаслаўся на евангельскі ўрывак, у якім гучыць пытанне: «Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?» (Лк 18, 8). Ён нагадаў, што вера, як сувязь любові паміж Богам і чалавекам, з'яўляецца найвялікшай каштоўнасцю ў вачах Пана. Сем новых святых трымалі лампаду веры запаленай і самі сталі светачамі, здольнымі выпраменьваць святло Хрыста.
Вера пераўзыходзіць любыя даброты не таму, што імі трэба пагарджаць, а таму, што без веры яны губляюць сэнс. Адносіны з Богам маюць найвышэйшае значэнне, бо Ён стварыў усё з нічога на пачатку часоў і збаўляе ўсё, што ў часе канчаецца. Без веры ў Бога мы не можам спадзявацца на збаўленне — дар вечнага жыцця, які мы атрымліваем ад Айца, праз Сына, моцаю Святога Духа, — падкрэсліў Леў XIV.
Папа заклікаў вернікаў не стамляцца маліцца, як мы не стамляемся дыхаць. Хрыстус вучыць сваіх вучняў «заўсёды маліцца і не падаць духам» (Лк 18, 1).
«Як дыханне падтрымлівае жыццё цела, так малітва падтрымлівае жыццё душы»,
— нагадаў ён.
У прыпавесці пра несправядлівага суддзю і ўдаву Езус паказвае сувязь паміж верай і нястомнай малітвай. Леў XIV перасцярог слухачоў ад дзвюх спакус: сумнявацца ў тым, што Бог чуе плач прыгнечаных, і дыктаваць Богу, як Ён павінен дзейнічаць. Езус сваім прыкладам даверу да Айца вызваляе нас ад абедзвюх спакус. Ён, нявінны, падчас сваёй Мукі маліўся: «Ойча, няхай станецца воля Твая», вучачы і нас цалкам давяраць Богу і заўсёды дзякаваць Яму.
Паводле слоў Святога Айца, малітва нагадвае нам, што Бог абараняе справядлівасць для ўсіх, аддаючы сваё жыццё за ўсіх. Калі мы заклікаем да Пана: «Дзе Ты?», мы пераўтвараем гэты заклік у малітву, і прызнаем, што Бог там, дзе пакутуе нявінны. «Калі мы ўкрыжаваныя болем і гвалтам, нянавісцю і вайной, Хрыстус ужо там, на крыжы за нас і з намі. Няма плачу, якога Бог не суцешыў бы, няма слязы, далёкай ад Яго сэрца. Пан чуе нас, абдымае такімі, якія мы ёсць, каб перамяніць нас паводле свайго вобразу», — сцвердзіў Пантыфік.
«Мы разумеем, што пытанні Езуса — гэта моцны заклік да надзеі і дзеяння: Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру ў Божы Провід? Менавіта гэтая вера падтрымлівае наша імкненне да справядлівасці, бо мы верым, што Бог ратуе свет праз любоў, вызваляючы нас ад фаталізму. Таму спытаем сябе: калі мы чуем голас таго, хто ў патрэбе, ці становімся мы сведкамі любові Айца, як Хрыстус быў сведкам для ўсіх?» — заклікаў Папа.
Леў XIV заахвоціў вернікаў быць сведкамі любові і справядлівасці, як новыя святыя, «не героі і не змагары за ідэалы, а сапраўдныя людзі».
«Гэтыя верныя сябры Хрыста — мучанікі за веру, як біскуп Ігнацый Шукралах Малаян і катэхет Пітэр То Рот, евангелізатары і місіянеркі, як сястра Марыя Транкаці, заснавальніцы ордэнаў, як сястра Вінчэнца Марыя Палоні і сястра Кармэн Рэндылес Марцінэс, і дабрачынцы, як Бартала Лонга і Хасэ Грэгорыа Эрнандэс Сіснэрас. Няхай іх заступніцтва дапамагае нам у выпрабаваннях, а іх прыклад натхняе нас на агульнае пакліканне да святасці», — пажадаў Леў XIV, заклікаючы вернікаў настойліва маліцца і цвёрда трымацца веры, каб вера на зямлі падтрымлівала надзею на неба.







