
«Што мушу рабіць, каб нічога не згубілася?»
У пачатку гаміліі Папа спаслаўся на пытанне з кнігі Мудрасці Саламона, якое прачытаў падчас Імшы Мікеле Акуціс, брат Карло. Гэта пытанне, як і два новыя святыя, задаў юнак — кароль Саламон: «Хто б спазнаў Твой намер, калі б Ты не даў мудрасці і не спаслаў Святога Духа звыш?».
Пантыфік нагадаў, што пасля смерці Давіда, свайго бацькі, Саламон меў амаль усё: уладу, багацце, здароўе, маладосць, прыгажосць, валадарства. Але менавіта гэты дастатак выклікаў у ім пытанне: «Што мушу рабіць, каб нічога не згубілася?». І так ён зразумеў, што трэба прасіць аб яшчэ большым дары – Божай мудрасці, неабходнай, каб распазнаваць і спаўняць Яго задумы.
«Ён усвядоміў, на самой справе, што толькі так зможа знайсці сваё месца ў вялікай задуме Пана. Так, бо самая вялікая рызыка ў жыцці — гэта змарнаваць яго па-за задумай Бога», — падкрэсліў Папа.
Кінуцца без ваганняў у прыгоду, якую прапануе нам Езус
Леў XIV заўважыў, што пра гэта кажа таксама Езус, калі папярэджвае: «Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем» (Лк 14, 27) і «Ніхто з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем» (Лк 14, 33).
«Ён заклікае нас кінуцца без ваганняў у прыгоду, якую прапануе нам, з розумам і мужнасцю, што прыходзяць ад Яго Духа і якія мы можам прыняць настолькі, наколькі вызваляем сябе ад рэчаў і ідэй, да якіх прывязаныя, каб прыслухоўвацца да Яго слова»,
— сказаў Папа.
Пантыфік прапанаваў згадаць таксама святога Францішка Асізскага: як Саламон, ён таксама быў маладым і багатым, прагнучым славы і вядомасці. Але сустрэча з Езусам прымусіла яго задумацца над уласным жыццём і задаць Богу простае пытанне: «Пане, што Ты хочаш, каб я рабіў?».
Пасля гэтага Францішак «пачаў пісаць іншую гісторыю: цудоўную гісторыю святасці, якую ўсе мы ведаем, вызваляючыся ад усяго, каб ісці за Панам, жывучы ў беднасці і аддаючы перавагу не золату, серабру і каштоўным тканінам свайго бацькі, а любові да братоў, асабліва найслабейшых і найменшых», — сказаў Леў XIV.
Пантыфік заўважыў, што часта мы ўяўляем святых вялікімі постацямі, але забываем, што «для іх усё пачалося тады, калі яны, яшчэ маладыя, адказалі “так” Богу і аддалі сябе Яму цалкам, нічога не пакінуўшы для сябе». Гэты досвед перажыў і святы Аўгустын, які адказаў на голас Бога, якога чуў ў глыбіні душы і які даў яму «новы напрамак, новую дарогу, новую логіку, у якой нішто з яго існавання не было страчана».
Закаханыя ў Езуса і гатовыя адмовіцца ад усяго дзеля Яго
Леў XIV заўважыў, што новыя святыя былі «закаханыя ў Езуса і гатовыя адмовіцца ад усяго дзеля Яго». П’ер Джорджа сустрэў Пана праз школу і касцёльныя групы і «сведчыў пра Яго сваёй радасцю жыцця і быцця хрысціянінам у малітве, сяброўстве і любові» да такой ступені, што, убачыўшы яго на вуліцах Турына з каляскай, напоўненай дапамогай для бедных, сябры назвалі яго «Транспартная кампанія Фрасаці».
«І сёння жыццё П’ера Джорджа з’яўляецца святлом для свецкай духоўнасці. Для яго вера не была прыватнай пабожнасцю: натхнёны сілай Евангелля і прыналежнасцю да касцельных асацыяцый, ён велікадушна ўдзельнічаў у жыцці грамадства, унёс свой уклад у палітыку, цалкам аддаваў сябе служэнню бедным»,
— падкрэсліў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што Карло Акуціс сустрэў Езуса ў сям’і, затым у школе і асабліва ў сакрамэнтах. «Ён рос, натуральна спалучаючы ў сваім дзіцячым і юнацкім жыцці малітву, спорт, вучобу і міласэрнасць», — дадаў Пантыфік.
Простыя сродкі, якія ўмацоўваюць любоў да Бога
«П’ер Джорджа і Карло ўмацоўвалі любоў да Бога і братоў праз простыя сродкі, даступныя для ўсіх: штодзённую святую Імшу, малітву, асабліва эўхарыстычную адарацыю. Карло казаў: “Перад сонцам чалавек загарае. Перад Эўхарыстыяй — становіцца святым!”, і яшчэ: “Сум — гэта позірк, накіраваны на сябе; шчасце — гэта позірк, накіраваны на Бога. Навяртанне — гэта не што іншае, як перавесці позірк знізу ўверх, дастаткова простага руху вачэй», — нагадаў Папа.
Яшчэ адным істотным элементам для іх, дадаў Пантыфік, была частая споведзь. Карло пісаў: «Адзінае, чаго мы павінны сапраўды баяцца, гэта граху». Ён таксама дзівіўся, што «людзі так турбуюцца пра прыгажосць свайго цела і не дбаюць пра прыгажосць сваёй душы».
Абодва мелі вялікую пашану да святых і да Панны Марыі і, як сцвердзіў Леў XIV, шчодра практыкавалі міласэрнасць. П’ер Джорджа казаў: «Сярод бедных і хворых я бачу святло, якога ў нас няма». Ён называў міласэрнасць «фундаментам нашай рэлігіі» і, як Карло, практыкаваў яе пераважна праз малыя канкрэтныя жэсты, часта схаваныя, жывучы тым, што Папа Францішак назваў «святасцю па суседству».
Неба чакае нас заўсёды
Пантыфік падкрэсліў, што нават хвароба не перашкодзіла новым святым любіць, прыносіць сябе ў дар Богу, славіць Яго і маліцца за сябе і за ўсіх. «Аднойчы П’ер Джорджа сказаў: “Дзень смерці будзе самым прыгожым днём майго жыцця”; а на апошнім фотаздымку, дзе ён уздымаўся на гару Вал-дзі-Ланца, з тварам, скіраваным да мэты, ён напісаў: “Угару”. Карло, яшчэ маладзейшы, любіў казаць, што Неба чакае нас заўсёды, і што любіць заўтра — значыць ужо сёння даваць найлепшае», — нагадаў Папа.
Не змарнаваць жыццё, а зрабіць з яго шэдэўр
На заканчэнне гаміліі Леў XIV адзначыў:
«Святыя П’ер Джорджа Фрасаці і Карла Акуціс — гэта заклік, скіраваны да нас усіх, асабліва да маладых: не марнаваць жыццё, але накіраваць яго ўгару і зрабіць з яго шэдэўр».
«Яны падбадзёрваюць нас сваімі словамі: “Не я, але Бог”, — казаў Карло. А П’ер Джорджа: “Калі Бог будзе цэнтрам кожнага твайго дзеяння, тады ты дойдзеш да канца”. Гэта простая, але пераможная формула іх святасці. І гэта таксама сведчанне, якому мы пакліканыя следаваць, каб пражыць жыццё да канца і ісці насустрач Пану на свяце Неба», — сказаў Святы Айцец.






