Пошук

02.06.2026 08:33   Тэкст: Кс. Аляксандр Амяльчэня / Паводле: Vatican News BY / Catholic.by
Ксёндз Яўген Вінтоў

Інтэрв’ю з ксяндзом доктарам Яўгенам Вінтовым пра працэсы беатыфікацыі, развіццё каталіцкай думкі, марыялогію і выхад айчыннай тэалогіі служэння на міжнародную навуковую арэну.

Тэалагічная думка ў Беларусі часцей за ўсё выяўляецца ў штодзённым душпастырстве або захаванні традыцый. Аднак існуе і іншы бок жыцця Касцёла — навуковы, які патрабуе сістэмнасці, працы з архівамі і ўдзелу ў міжнародным інтэлектуальным дыялогу. Наш суразмоўца, ксёндз доктар Яўген Вінтоў, сумяшчае душпастырскае служэнне з сур’ёзнай акадэмічнай дзейнасцю.

Ягоная праца дазваляе беларускаму кантэксту прысутнічаць у еўрапейскай навуковай прасторы, а важным для нашай веры і гісторыі працэсам беатыфікацыі — набываць неабходную тэалагічную і прававую экспертызу.

Пра «павольнасць» святасці

— Ксёндз Яўген, беатыфікацыйныя працэсы біскупа Зыгмунта Лазінскага і Эдварда Вайніловіча вымяраюцца дзесяцігоддзямі. У свеце, які патрабуе імгненных вынікаў, такая працягласць многім падаецца анахранізмам. Як вы лічыце, ці ёсць у гэтым марудным тэмпе свая духоўная логіка? Ці гэта хутчэй сведчанне складанасці нашага ХХ стагоддзя, якое пакінула пасля сябе больш пытанняў, чым архіўных адказаў?

— Дзякую за гэтае пытанне. Мне здаецца, што тут важна ўбачыць два аспекты.

З аднаго боку, кожны беатыфікацыйны ці кананізацыйны працэс у Каталіцкім Касцёле — гэта вельмі сур’ёзная і дакладна вызначаная працэдура, якая не церпіць паспеху. Касцёл не імкнецца «хутка абвясціць святога», а стараецца ўважліва даследаваць жыццё чалавека, яго святасць, сведчанне веры, а таксама гістарычны кантэкст. Таму неабходна старанна сабраць дакументы, сведчанні, праверыць факты і прайсці ўсе этапы працэсу вельмі адказна. У гэтым сэнсе пэўная «маруднасць» мае сваю духоўную логіку — гаворка ідзе не пра хуткасць, а пра праўду і распазнанне Божага дзеяння.

З другога боку, трэба памятаць, што значная частка беатыфікацыйных працэсаў у Беларусі і на тэрыторыі былога Савецкага Саюза актыўна пачала развівацца толькі пасля 1990-х гадоў. ХХ стагоддзе пакінула пасля сябе вельмі складаны гістарычны досвед: войны, рэпрэсіі, закрытыя архівы, знішчаныя дакументы, перапыненую памяць многіх супольнасцяў. Таму даследчыкам і ўдзельнікам працэсаў часта даводзіцца літаральна аднаўляць гісторыю па фрагментах. Не заўсёды ёсць магчымасць хутка атрымаць доступ да ўсіх архіўных матэрыялаў ці сведчанняў.

Ксёндз Яўген Вінтоў

Трэба таксама адзначыць, што гэтыя два працэсы, якія былі згаданыя, знаходзяцца на розных этапах. У выпадку біскупа Зыгмунта Лазінскага працэс фактычна ўжо падрыхтаваны — Касцёл чакае прызнання цуду, неабходнага для беатыфікацыі. Гэтая справа вядзецца ўжо з 1952 года, і была праведзена вялікая праца па зборы дакументаў і сведчанняў.

Працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча знаходзіцца яшчэ на першым этапе. Тут гаворка ідзе перадусім пра гістарычнае і дакументальнае даследаванне жыцця і дзейнасці кандыдата. Пэўнай складанасцю застаецца таксама недахоп спецыялістаў, якія маюць адпаведную падрыхтоўку і досвед вядзення беатыфікацыйных працэсаў.

Таму працягласць такіх працэсаў — гэта не толькі пытанне кананічнай працэдуры, але і адлюстраванне складанасці самога ХХ стагоддзя.

Біскуп Лазінскі: пасля кардынала Свёнтка 

— Пры жыцці кардынала Казіміра Свёнтка постаць біскупа Зыгмунта Лазінскага была ў цэнтры духоўнага жыцця Беларусі, ён быў сімвалам незламанасці. Аднак сёння складваецца ўражанне, што пасля смерці кардынала гэтая тэма крыху знікла з публічнай і нават духоўнай прасторы. Чаму так адбылося? Ці не падаецца вам, што Касцёлу ў Беларусі не хапае новага імпульсу для папулярызацыі гэтай постаці?

— Безумоўна, вельмі важную ролю ў папулярызацыі постаці Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага адыграў кардынал Казімір Свёнтэк. Менавіта кардынал быў адным з тых, хто не толькі захоўваў памяць пра біскупа Лазінскага, але і актыўна сведчыў пра святасць яго жыцця. Дзякуючы гэтаму постаць біскупа Лазінскага стала вядомай не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Варта памятаць, што падчас падрыхтоўкі так званага «Positio» — галоўнага дакумента для ватыканскага этапу працэсу — былі выкарыстаныя сведчанні людзей з дзясяткаў краін Еўропы і свету. Гэта паказвае, што слава святасці біскупа Лазінскага сапраўды выйшла па-за межы лакальнага Касцёла.

Аднак кожны беатыфікацыйны працэс патрабуе не толькі гістарычнай працы, але і жывой духоўнай памяці народа Божага. У кананізацыйным праве вельмі важнымі з’яўляюцца два элементы: «fama sanctitatis» — слава святасці, і «fama signorum» — слава знакаў і ласкаў, атрыманых праз заступніцтва кандыдата.

Слава святасці азначае перакананне вернікаў, што чалавек жыў паводле Евангелля ў гераічнай ступені і можа быць прыкладам хрысціянскага жыцця. Гэтая слава павінна існаваць пры жыцці чалавека, у момант яго смерці і пасля смерці. Яна праяўляецца ў тым, што вернікі моляцца праз яго заступніцтва, наведваюць магілу, просяць дапамогі ў сваіх патрэбах, распавядаюць іншым пра прыклад яго жыцця.

Слава знакаў, у сваю чаргу, — гэта сведчанні пра ласкі і магчымыя цуды, атрыманыя праз малітву да Бога за заступніцтвам Слугі Божага. Для Касцёла гэта вельмі істотны элемент, бо беатыфікацыйны працэс не можа існаваць толькі ў архівах — ён павінен жыць у веры народа Божага.

Таму, падсумоўваючы, можна сказаць, што сёння сапраўды не хапае новага імпульсу для папулярызацыі постаці біскупа Лазінскага. Вялікае значэнне мае асоба пастулятара і ўсяго асяроддзя, якое працуе над працэсам. Патрэбныя людзі, якія будуць сістэматычна займацца гэтай справай, папулярызаваць спадчыну Слугі Божага, арганізоўваць малітоўныя ініцыятывы і распаўсюджваць веды пра яго жыццё.

Магчыма, добрай ініцыятывай магло б стаць стварэнне, напрыклад, «Кола сяброў Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага» — супольнасці людзей, якія не толькі вывучалі б яго спадчыну, але і маліліся аб яго беатыфікацыі. Асабліва на апошнім этапе працэсу вельмі важна, каб усё больш вернікаў звярталіся да Бога праз заступніцтва біскупа Лазінскага і сведчылі пра атрыманыя ласкі.

Феномен «свецкай святасці» Вайніловіча

— Постаць Эдварда Вайніловіча ўнікальная: палітык, фундатар, чалавек вялікіх спраў. Ці не ў гэтым галоўны выклік для беатыфікацыйнага працэсу — даказаць «heroicitas virtutum» (гераічнасць цнотаў) асобы, чыё жыццё праходзіла не ў цішыні кляштара, а ў віры палітычных і грамадскіх бураў? Як Касцёл сёння падыходзіць да святасці чалавека, які быў настолькі моцна ўкаранёны ў «зямныя» справы?

— Святасць часта асацыюецца з кляштарам, цішынёй малітвы і аддаленасцю ад свету. Але жыццё Эдварда Вайніловіча разбурае гэты стэрэатып.

Ягоная постаць паказвае, што шлях да Бога можа праходзіць не толькі праз манаскую келлю, але і праз залы пасяджэнняў, палітычныя дыскусіі, дабрачыннасць і адказнасць за грамадства. Менавіта таму сёння Касцёл усё часцей гаворыць пра яго як пра чалавека, чыё жыццё можа стаць сучасным сведчаннем так званай «свецкай святасці».

Пасля Другога Ватыканскага сабору Каталіцкі Касцёл асабліва выразна падкрэсліў: кожны ахрышчаны чалавек пакліканы да святасці. Не толькі святары ці законнікі, але і бацькі сямей, настаўнікі, лекары, палітыкі, прадпрымальнікі.

Гэтая думка кардынальна змяняе ўяўленне пра хрысціянскае жыццё. Святасць — гэта не ўцёкі ад рэчаіснасці, а здольнасць жыць паводле Евангелля менавіта там, куды чалавека паставіў Бог.

Для Эдварда Вайніловіча такой прасторай сталі грамадская дзейнасць, палітыка і мецэнацтва. Ён не раздзяляў веру і штодзённае жыццё. Наадварот — лічыў, што сапраўдная вера павінна ўплываць на канкрэтныя рашэнні, адносіны да людзей і спосаб выкарыстання ўлады або багацця.

Сёння слова «палітыка» часта выклікае расчараванне або недавер. Але ў хрысціянскай традыцыі грамадская дзейнасць можа быць формай любові да бліжняга. Менавіта так успрымаў яе Вайніловіч.

Для яго палітыка не была барацьбой за асабістую выгаду. Яна станавілася служэннем чалавеку і адказнасцю за агульнае дабро. У гэтым Касцёл бачыць праяву таго, што ў працэсах беатыфікацыі называецца «heroicitas virtutum» — гераічнасць цнотаў.

Слуга Божы Эдвард Вайніловіч

Гаворка не пра бездакорнасць або адсутнасць памылак. Гераічнасць цнотаў азначае здольнасць жыць паводле хрысціянскіх прынцыпаў нават тады, калі гэта патрабуе мужнасці, унутранай свабоды і ахвярнасці.

У жыцці Вайніловіча праяўляліся розныя цноты, сярод якіх: справядлівасць — павага да годнасці кожнага чалавека; мужнасць — вернасць сваім перакананням у складаныя гістарычныя часы і іншыя.

Менавіта таму яго дзейнасць выходзіла далёка за межы звычайнай дабрачыннасці. Гэта быў спосаб рэалізацыі веры ў грамадскім жыцці.

Пытанне цудаў: рэальнасць і геаграфія

— Мы ведаем, што для беатыфікацыі біскупа Лазінскага неабходны пацверджаны цуд праз яго заступніцтва. На якім этапе цяпер знаходзіцца працэс? Ці паступалі ў апошні час паведамленні аб незвычайных аздараўленнях або ласках, і ці можна акрэсліць іх «геаграфію» — з якіх рэгіёнаў Беларусі або замежжа прыходзяць такія сведчанні?

— На сённяшні дзень працэс беатыфікацыі Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага знаходзіцца фактычна на завяршальным этапе адносна даследавання яго жыцця і гераічнасці цнотаў. Яшчэ ў 1993 годзе святы Ян Павел ІІ падпісаў дэкрэт аб гераічнасці яго цнотаў, і з гэтага моманту Касцёл афіцыйна прызнае яго як Шаноўнага Слугу Божага.

Для беатыфікацыі сёння неабходна прызнанне цуду, атрыманага праз яго заступніцтва. У гісторыі працэсу ўжо была справа меркаванага цудоўнага аздараўлення маленькай дзяўчынкі Мілены Чарноцкай у 1993 годзе. Гэтая справа вельмі сур’ёзна даследавалася: быў праведзены асобны дыяцэзіяльны працэс, сабрана амаль тысяча старонак матэрыялаў і вялікая медыцынская дакументацыя. Аднак пасля экспертнага аналізу Кангрэгацыя па справах кананізацыі не пацвердзіла цуд у кананічным разуменні гэтага слова. У 2005 годзе справа была закрыта і перададзена ў архіў.

Шаноўны Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі

Вельмі важна, што ў 2010 годзе Кангрэгацыя па справах кананізацыі афіцыйна паведаміла пра сваю гатоўнасць разгледзець новы выпадак меркаванага цуду, калі такі будзе прадстаўлены. Гэта азначае, што сам працэс не спынены — Касцёл працягвае чакаць новага пацверджанага знаку праз заступніцтва біскупа Лазінскага.

Калі казаць пра сведчанні ласкаў і аздараўленняў, то яны час ад часу з’яўляюцца, але трэба разумець, што паміж асабістым сведчаннем чалавека і афіцыйна прызнаным цудам існуе вельмі вялікая розніца. Касцёл патрабуе надзвычай дакладнай медыцынскай і тэалагічнай экспертызы.

Што датычыцца «геаграфіі» такіх сведчанняў, то гістарычна постаць біскупа Лазінскага была вядомая не толькі ў Беларусі. Яшчэ падчас працэсу ў Рыме сведчанні збіраліся ў розных краінах — у Польшчы, Італіі, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі. Гэта сведчыць аб тым, што памяць пра яго і малітва праз яго заступніцтва выходзілі далёка па-за межы Беларусі.

Сёння асабліва важна, каб культ прыватнай малітвы праз заступніцтва Слугі Божага працягваў развівацца. Бо вельмі часта менавіта жывое сведчанне вернікаў і становіцца той духоўнай глебай, на якой Касцёл можа пазней распазнаць сапраўдны цуд.

Беатыфікацыя — гэта не толькі духоўнасць, але і права

Шмат хто ўспрымае працэс беатыфікацыі выключна як духоўную або маральную ацэнку жыцця чалавека. Насамрэч гэта яшчэ і вельмі складаная юрыдычная працэдура, якая рэгулюецца адмысловым правам Апостальскай Сталіцы.

Кожны этап працэсу патрабуе дакладнасці, ведання кананічнага права і строгіх працэдур. Усе дакументы, сведчанні і гістарычныя матэрыялы павінны быць аформлены паводле нормаў Дыкастэрыі па справах кананізацыі. Менавіта таму ў працэсах існуюць вельмі канкрэтныя патрабаванні да членаў камісій і экспертаў.

Касцёл не даручае такія справы выпадковым людзям. Асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, павінны валодаць не толькі адукацыяй, але і прафесійнай кампетэнцыяй, маральным аўтарытэтам і разуменнем касцёльнай адказнасці.

Напрыклад:

  • гістарычныя эксперты павінны мець досвед навуковай і архіўнай працы;
  • кананісты мусяць добра ведаць адмысловае права кананізацыйных працэсаў;
  • прамотар справядлівасці (promotor iustitiae) абавязаны крытычна аналізаваць усе дакументы і сачыць за аб’ектыўнасцю працэсу;
  • тэалагічныя кансультанты павінны ацэньваць адпаведнасць вучэння і жыцця кандыдата каталіцкай веры.

Фактычна гаворка ідзе пра вузкую спецыялізацыю асобы, якая патрабуе добрай падрыхтоўкі. І вось тут становіцца бачнай адна з галоўных цяжкасцей Касцёла ў Беларусі. Нягледзячы на наяўнасць адукаваных святароў і юрыстаў, спецыялістаў, асоб, здольных цалкам прысвяціць сябе кананізацыйным працэсам, пакуль вельмі мала.

Большасць з іх адначасова выконвае душпастырскія, выкладчыцкія або адміністрацыйныя абавязкі. А працэсы беатыфікацыі патрабуюць амаль штодзённай і шматгадовай працы: аналізу архіваў, падрыхтоўкі дакументаў, кантактаў з Апостальскай Сталіцай і юрыдычнай каардынацыі. У выніку Касцёл у Беларусі часта вымушаны разлічваць на дапамогу замежных спецыялістаў.

Марыялогія: паміж догматам і містыкай

— Ксёндз Яўген, марыялогія — адна з магістральных тэм вашай навуковай працы. У Беларусі мы бачым вельмі багатую і шчырую марыйную пабожнасць, якая ў санктуарыях Будслава, Браслава, Тракеляў, Лагішына ці Бялынічаў выяўляецца праз прыгожую абраднасць і глыбокае пачуццё. Як ваша даследчыцкая дзейнасць дапамагае спалучаць гэтую народную любоў з патрабаваннямі дагматычнай строгасці? Ці можа тэалогія стаць тым інтэлектуальным падмуркам, які дапаможа пачуццю верніка стаць яшчэ больш свядомым і трывалым?

— Беларусь цяжка ўявіць без марыйнай духоўнасці. Для тысяч вернікаў Нацыянальны санктуарый у Будславе, а таксама санктуарыі ў Бялынічах, Тракелях, Браславе або Гудагаі — гэта не проста месцы пілігрымак. Гэта прастора памяці, надзеі і духоўнага ўзмацнення народа.

Менавіта праз марыйную пабожнасць многія беларусы захоўвалі веру ў часы пераследу, атэізму і гістарычных трагедый. І таму марыялогія ў Беларусі — гэта значна больш, чым вузкая тэалагічная дысцыпліна. Гэта своеасаблівы мост паміж сэрцам народа і інтэлектуальнай традыцыяй Касцёла.

Аднак сёння перад беларускім Касцёлам паўстае важнае пытанне: як захаваць жывую народную любоў да Маці Божай і адначасова дапамагчы гэтай пабожнасці стаць больш свядомай, глыбокай і тэалагічна сталай?

Падчас урачыстасці Маці Божай Будслаўскай

Даследаванне развіцця марыйнага культу ў Беларусі пасля 1991 года паказвае, што адраджэнне Касцёла фактычна ішло праз адраджэнне марыйнай пабожнасці. Пілігрымкі, каранацыі цудадзейных абразоў, ружанцовыя рухі, фацімская духоўнасць, марыйныя фэсты і нават каталіцкія медыя — усё гэта стала часткай новага рэлігійнага ландшафту Беларусі. Асаблівую ролю ў гэтым адыгралі каталіцкія выданні: «Наша вера», «Ave Maria», «Каталіцкі веснік», «Слова жыцця».

Менавіта праз гэтыя медыя фарміравалася сучасная беларуская марыйная культура — ад тэалагічных артыкулаў да сведчанняў простых пілігрымаў. І тут узнікае вельмі цікавы феномен: беларуская пабожнасць да Маці Божай аказалася не толькі эмацыйнай, але і глыбока культурнай. Яна праявілася ў літаратуры, паэзіі, музыцы, мастацтве, гербах гарадоў і нават у грамадскай памяці народа.

Феномен Будслаўскага фэсту добра паказвае, як у Беларусі пераплятаюцца вера, культура і тэалогія. Для адных Будслаў — гэта пешая пілігрымка і малітва. Для іншых — сімвал беларускай каталіцкай ідэнтычнасці. Для даследчыкаў — унікальны прыклад таго, як народная пабожнасць здольная захоўваць веру нават пасля дзесяцігоддзяў атэізму.

І менавіта тут марыялогія атрымлівае асаблівае значэнне. Яна дапамагае не проста апісваць рэлігійныя эмоцыі, але інтэрпрэтаваць іх у святле Евангелля і вучэння Касцёла.

Фота: Віктар Ведзень

Сёння беларуская марыйная духоўнасць уваходзіць у новую эпоху. Маладое пакаленне ўжо не чытае доўгія тэалагічныя трактаты. Яно жыве ў свеце Instagram, YouTube і TikTok. І тут перад Касцёлам паўстае вельмі сур’ёзны выклік: як перакласці багатую марыйную традыцыю Беларусі на сучасную мову?

Магчыма, будучыня беларускай марыялогіі — гэта:

  • кароткія адукацыйныя відэа пра беларускія санктуарыі;
  • падкасты пра гісторыю цудадзейных абразоў;
  • папулярна-навуковыя праекты пра марыйную сімволіку ў беларускай культуры;
  • сучасныя медыяпраекты пра санктуарыі і беларускія пілігрымкі;
  • дыялог тэалогіі з мастацтвам, музыкай і моладзевай культурай.

Бо калі Касцёл не будзе гаварыць сучаснай мовай, прастору духоўнасці запоўняць павярхоўныя інтэрнэт-міфы і псеўдарэлігійнасць.

Галоўная каштоўнасць беларускай марыялогіі — у яе здольнасці аб’ядноўваць сэрца і розум. Народная пабожнасць без тэалогіі можа стаць эмацыйнай і нестабільнай. Але тэалогія без жывой веры рызыкуе ператварыцца ў сухую акадэмічную сістэму. Беларускі досвед паказвае нешта вельмі важнае: вера народа становіцца па-сапраўдную моцнай тады, калі прыгожая малітва сустракаецца з глыбокім разуменнем.

І, магчыма, менавіта ў гэтым заключаецца адна з галоўных місій марыялогіі ў Беларусі — зрабіць веру не толькі шчырай і прыгожай, але таксама свядомай, інтэлектуальна сталай і здольнай адказваць на выклікі сучаснага свету.

Марыя як інтэлектуальны адказ на выклікі часу

— Сёння ў свеце шмат дыскутуецца пра ролю жанчыны і мацярынства. Ці бачыце вы ў марыялогіі ключ да асэнсавання гэтых тэм у сучасным грамадстве? Наколькі вучэнне аб Маці Божай можа быць актуальным не толькі для «ўнутранага карыстання» ў Касцёле, але і як голас у шырокай грамадскай дыскусіі?

— Сёння ў свеце сапраўды вядзецца шмат дыскусій пра ролю жанчыны, мацярынства, сям’ю і чалавечую годнасць. Пры гэтым нярэдка гэтыя дыскусіі адбываюцца ў вельмі палярызаванай форме: з аднаго боку — імкненне цалкам сцерці розніцу паміж мужчынам і жанчынай, а з другога — спробы звесці ролю жанчыны выключна да сацыяльных або біялагічных функцый. І менавіта тут, на маю думку, марыялогія можа стаць вельмі важным інтэлектуальным і духоўным адказам на выклікі сучаснасці.

Марыя ў хрысціянскай традыцыі — гэта не вобраз пасіўнасці або «маўклівай пабожнасці», як часам спрабуюць яе прадставіць. Наадварот, Касцёл бачыць у ёй моцную, свабодную і духоўна сталую асобу, якая свядома прымае адказнасць за свой выбар. Яе «fiat» — «няхай так станецца» — гэта не знак слабасці, а прыклад унутранай свабоды і даверу Богу.

Таму марыялогія сёння можа прапанаваць вельмі важны погляд на жанчыну і мацярынства. Яна паказвае, што сапраўдная годнасць жанчыны не вымяраецца выключна прафесійным поспехам, сацыяльным статусам або ступенню незалежнасці. У постаці Марыі жанчына адкрываецца як асоба, здольная любіць, захоўваць вернасць, прымаць жыццё і быць крыніцай надзеі для іншых.

Фота: Віктар Ведзень

Асабліва актуальнай гэтая тэма становіцца ў кантэксце крызісу мацярынства. Сёння мацярынства часта падаецца як цяжар або перашкода для самарэалізацыі. Марыялогія прапануе зусім іншы погляд: мацярынства — гэта не абмежаванне, а вялікі дар і форма ўдзелу чалавека ў Божым плане жыцця. Пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра фізічнае мацярынства, але і пра духоўную здольнасць жанчыны клапаціцца, падтрымліваць, захоўваць чалавечнасць у грамадстве.

У беларускім кантэксце асаблівую ролю мае тытул Маці Міласэрнасці, вельмі блізкі нашай духоўнай традыцыі праз гісторыю і шматлікія марыйныя санктуарыі Беларусі. У свеце, які становіцца ўсё больш і больш жорсткім, стомленым і агрэсіўным, вобраз Маці Міласэрнасці нагадвае пра каштоўнасць спачування, прабачэння і клопату пра чалавека. І гэта ўжо не толькі «ўнутрыкасцёльная» тэма, але важны голас у грамадскай дыскусіі пра тое, якім павінна быць сучаснае грамадства.

Мне здаецца, што сёння свет мае патрэбу ў марыялогіі менавіта таму, што яна вяртае чалавеку цэласны погляд на асобу. Марыя вучыць, што чалавек — гэта не толькі функцыя, не толькі спажывец і не толькі ўдзельнік эканамічных працэсаў. Чалавек — гэта асоба, пакліканая да любові, адносін і адказнасці.

Таму вучэнне аб Маці Божай можа быць вельмі актуальным і па-за межамі Касцёла. Яно дапамагае весці размову пра чалавечую годнасць, ролю жанчыны, абарону жыцця, культуру міласэрнасці і будучыню сям’і. І, магчыма, менавіта ў гэтым заключаецца адна з галоўных місій сучаснай марыялогіі — быць не толькі тэалогіяй пра Марыю, але і важным словам пра чалавека ў эпоху глыбокага антрапалагічнага крызісу.

Значэнне памяці

— Калі б працэсы беатыфікацыі біскупа Лазінскага і Эдварда Вайніловіча завяршыліся ў бліжэйшай перспектыве, які імпульс гэта магло б даць усяму беларускаму грамадству ў справе асэнсавання ўласнай гісторыі і ідэнтычнасці?

— Калі працэсы беатыфікацыі біскупа Зыгмунта Лазінскага і Эдварда Вайніловіча завяршыліся б у бліжэйшай перспектыве, гэта мела б значэнне значна шырэйшае, чым толькі ўнутрыкасцёльная падзея. Насамрэч гаворка ішла б пра вельмі важны імпульс для ўсяго беларускага грамадства — у справе асэнсавання ўласнай гісторыі, ідэнтычнасці і духоўных каранёў.

Бо беатыфікацыя — гэта не проста «ўшанаванне мінулага». Гэта заўсёды пытанне пра тое, каго грамадства лічыць сваімі сапраўднымі героямі і на якіх каштоўнасцях хоча будаваць будучыню.

Беларуская гістарычная памяць вельмі часта канцэнтруецца вакол трагедый: войнаў, рэпрэсій, страт, падзелаў і пераследу. І гэта натуральна, бо наша гісторыя сапраўды была драматычнай.

Але беатыфікацыя такіх асоб, як біскуп Зыгмунт Лазінскі або Эдвард Вайніловіч, дазволіла б убачыць у беларускай гісторыі нешта не менш важнае — перамогу духу, вернасці і адказнасці.

Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі — гэта прыклад пастыра, які заставаўся верным Касцёлу нават у часы пераследу і палітычнай нестабільнасці. Ён будаваў Касцёл не праз канфрантацыю, а праз служэнне, адукацыю і вернасць чалавеку.

У сваю чаргу свецкі вернік Слуга Божы Эдвард Вайніловіч паказвае зусім іншы, але не менш важны тып святасці — святасць свецкага чалавека, які спалучаў веру, патрыятызм, сацыяльную адказнасць і культуру служэння грамадству. І гэта вельмі важны сігнал для сучаснай Беларусі.

У грамадскай свядомасці святыя часта ўспрымаюцца выключна як людзі малітвы або кляштарнай цішыні. Але гісторыя Лазінскага і Вайніловіча паказвае, што святасць можа праяўляцца таксама ў палітыцы, культуры, адукацыі і грамадскай адказнасці. Менавіта таму іх беатыфікацыя магла б стаць важным маральным арыенцірам для сучаснага грамадства.

Копіі марыйных абразоў з Беларусі падчас выстаўлення ў Ватыкане

Сёння Беларусь, як і ўся Еўропа, перажывае крызіс аўтарытэтаў. У гэтым кантэксце прыклад асоб, якія жылі не дзеля асабістай выгады, а дзеля служэння іншым, выглядае асабліва актуальным. Бо святыя — гэта не толькі «людзі алтара». Гэта яшчэ і людзі, якія паказваюць, што маральнасць і адказнасць магчымыя нават у вельмі складаных гістарычных умовах.

Вельмі важна і тое, што самі працэсы беатыфікацыі ўжо сёння ўплываюць на развіццё беларускай гістарычнай навукі і культуры. Кожны такі працэс патрабуе архіўных даследаванняў, вывучэння дакументаў, навуковых канферэнцый, працы гісторыкаў, тэалагічнага аналізу, публікацыі крыніц. Фактычна Касцёл стварае цэлую культуру працы з памяццю.

І гэта мае вялікае значэнне для Беларусі, дзе многія старонкі гісторыі доўгі час заставаліся забытымі або скажонымі.

Абноўлена 02.06.2026 08:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.