Пошук

25.11.2024 10:59   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Віталія Палінеўскага

Увечары 22 лістапада ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшай Імя Марыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы за ўсіх, хто сваімі музычнымі і вакальнымі талентамі праслаўляе Бога.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі нагадаў жыццярыс святой Цэцыліі — апякункі касцёльнай музыкі і спеваў, якая жыла на мяжы ІІ і ІІІ стагоддзяў у Рыме. Лічыцца, што яна праслаўляла Бога на музычных інструментах, але найпрыгажэйшым хваласпевам святой стала ахвяра яе дзявочага жыцці і чысціні за веру ў Хрыста.

Іерарх зазначыў, што ў гісторыі гэтай маладой рымскай мучаніцы спалучаюцца тры элементы: прыгажосць, любоў і смерць. Традыцыя дадала яшчэ адно: музыку на хвалу Бога.

«Святая Цэцылія сваім жыццём спявала найпрыгажэйшую песню, песню на хвалу Бога. Той, хто хоча стварыць шматгалосы музычны твор, павінен валодаць мастацтвам кантрапункта, гэта значыць уменнем дырыжыраваць адначасова рознымі меладычнымі лініямі, каб усё разам гучала прыгожа і гарманічна. Каб зрабіць жыццё песняй для Пана, патрэбна таксама мастацтва кантрапункта. Так любіць, так верыць, так працаваць, так радавацца і смуткаваць, так сталець і, нарэшце, так памерці, каб не было дысгармоніі, але каб усе элементы, з якіх складаецца чалавечае жыццё, гучалі разам — еднасць у разнастайнасці — на хвалу Найвышэйшаму Богу», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі.

«Таму няхай льецца песня, гучаць галасы: жыццё працягваецца, важна трапіць у лад, падабраць адпаведную ноту: міру, дабра і еднасці. Усе мы — гэта адзін вялікі хор; заспаваем жа новую песню на хвалу Богу!» — заахвоціў сабраных у святыні іерарх.

Паводле яго, ў касцёльным мастацтве ў Беларусі выявы святой Цэцыліі сустракаюцца нячаста.

«Аднак мы верым, што нашыя падзеі духоўнай, касцёльнай, рэлігійнай музыкі цэлебруюцца пад апекай святой Цэцыліі, таму просім сёння і на кожны дзень для нашых музыкантаў, арганістаў, касцёльных спевакоў, кантараў, удзельнікаў гуртоў і хораў, і не толькі, Божую ласку і дапамогу праз заступніцтва святой Цэцыліі», — заахвоціў прысутных да малітвы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пасля святой Імшы адбылася музычная вечарына, падчас якой сваёй ігрой на аргане сабраных парадаваў дацэнт Беларускай акадэміі музыкі, галоўны арганіст мінскай архікатэдры Уладзімр Неўдах.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.