Пошук

11.11.2024 13:30   Фота: Аляксей Абрамаў / Catholic.by

9 лістапада арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч правёў традыцыйнае набажэнства для паляўнічых у касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Захад).

Такое набажэнства мае багатую гісторыю і праводзіцца з Сярэднявечча 3 лістапада, у літургічны ўспамін святога Губерта. Узяць у ім удзел заслужанага іерарха запрасіў пробашч заслаўскай парафіі і душпастыр паляўнічых ксёндз канонік Антоній Клімантовіч.

Сёлета з душпастырскіх меркаванняў набажэнства ў гонар святога Губерта адбылося ў суботу 9 лістапада, у свята гадавіны пасвячэння рымскай Латэранскай базылікі. На пачатку літургіі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што гэта катэдра Папы як біскупа Рыма і святыня, якую называюць «маці ўсіх касцёлаў».

«Традыцыйна кожны касцёл пасля яго пабудовы пасвячаецца, каб быць не проста будынкам, а Божым домам — месцам сустрэчы чалавека з Богам. Гэтая сустрэча адбываецца праз абвяшчэнне вечна жывога і дзейснага Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў і служэнне міласэрнасці.

У касцёле таксама адбываюцца іншыя падзеі, як, напрыклад, сённяшняе набажэнства для паляўнічых. Таму касцёл з’яўляецца сэрцам рэлігійнай супольнасці», — заўважыў іерарх.

У прамоўленай гаміліі ён нагадаў, што святы Губерт нарадзіўся ў VII стагоддзі на тэрыторыі сучаснай Францыі. У юнацтве трапіў на каралеўскі двор, аднак яго галоўным захапленнем было паляванне, чаму ён прысвячаў амаль увесь свой час.

Паводле легенды, у Вялікую пятніцу замест таго, каб прыняць удзел у набажэнстве збаўчай Мукі Пана, Губерт пайшоў на паляванне.

Калі ён гнаўся за вялікім і прыгожым аленем, звер раптам павярнуўся да паляўнічага, і той паміж яго рагамі ўбачыў крыж. Пры гэтым Губерт пачуў голас, які сказаў яму, што ён павінен звярнуцца да Бога і весці святое жыццё.

Алень таксама настаўляў яго паляваць з захаваннем прынцыпаў этыкі, бо жывёлы з’яўляюцца Божымі стварэннямі і да іх неабходна ставіцца належным чынам.

Сустрэча на паляванні з незвычайным аленем так кранула Губерта, што ён звярнуўся па духоўнае кіраўніцтва да біскупа Льежа ў Бельгіі, адмовіўся ад тытулаў, раздаў багацце бедным і прыняў святарскае пасвячэнне. У той час, калі Губерт знаходзіўся на пілігрымцы ў Рыме, быў забіты біскуп Льежа. Яго наступнікам быў прызначаны святы Губерт.

Губерт працягваў весці пабожны лад жыцця ў якасці біскупа. Навярнуў да Бога шмат язычнікаў, пабудаваў вялікую катэдру, праводзіў набажэнствы для паляўнічых. Святы з’яўляецца нябесным заступнікам паляўнічых і леснікоў, а таксама горада Гродна, на гербе якога змешчаны алень з крыжам паміж рагамі.

«Паляўнічыя і леснікі праводзяць шмат часу на прыродзе, якая ў апошнія часы перажывае экалагічную катастрофу. Між тым прырода — гэта наш супольны дом, аб якім мы павінны клапаціцца, як вучыць Папа Францішак. Святы Аўгустын казаў, што Бог даў нам дзве кнігі: Біблію і прыроду, і іх трэба чытаць, каб пазнаваць праўду. Таму прырода таксама павінна нас весці да Бога.

Менавіта дзякуючы прыродзе святы Губерт змяніў сваё жыццё і навярнуўся да Бога: перастаў паляваць на звяроў і стаў служыць людзям», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён дадаў, што ўсе хрысціяне пакліканыя быць місіянерамі, і заахвоціў паляўнічых быць імі ў сваім асяроддзі, «каб як мага больш людзей праз прыклад іх хрысціянскага жыцця і пашаны да прыроды пазналі Бога і, жывучы Яго праўдай, будавалі цывілізацыю жыцця, любові і міру».

Падчас набажэнства ў заслаўскім касцёле арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў пасвячэнне абраза святога Губерта.

 

Абноўлена 11.11.2024 13:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця