У нядзелю 19 студзеня, у другі дзень Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, у касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі (Мінска-Магілёўская архідяцэзія, дэканат Мінск-Захад) адбылася святая Імша і экуменічнае набажэнства.
Цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі адзінства хрысціянаў перад экуменічным набажэнствам узначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх, зыходзячы з Евангелля аб цудзе ў Кане Галілейскай, дзе Хрыстус перамяніў ваду ў віно, заклікаў вернікаў запрасіць Езуса і Марыю ў сваё жыццё і ў свае сем’і, каб адбыўся цуд іх перамены. Напрыканцы Эўхарыстыі былі благаслаўлёныя і ўстаноўленые па прыватнай ініцыятыве памятныя знакі надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці, які праходзіў у Касцёле ў 2016 годзе, а таксама звычайнага Юбілею 2025 Святога года.
Тэма сёлетняга Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, які штогод праводзіца з 18 па 25 студзеня, была ўзятая з Евангелля паводле Яна: «Ці верыш у гэта?» (Ян 11, 26).
Нядзеля, другі дзень гэтага тыдня, быў прысвечаны разважанню над стварэннем як справай Бога.
У экуменічным набажэнстве, цэлебрацыю якога ў заслаўскім касцёле ўзначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч, бралі ўдзел прадстаўнікі і вернікі розных канфесій Беларусі: рыма- і грэка-католікі, праваслаўныя, лютэране і евангелісты.
Сабраныя сумесна маліліся аб дары адзінства і супрацоўніцтва, каб быць разам перад сучаснымі выклікамі свету і несці дух салідарнасці і надзеі ўсяму беларускаму грамадству.
Пасля ўступных малітваў і чытання Евангелля кожны з іх выступіў са сваім словам.
Канцлер Курыі Апостальскай адміністратуры для грэка-католікаў у Беларусі айцец Яўген Усошын закрануў тэму радасці, якая не атаясамліваецца са звычайнай весялосцю, але чэрпае сваю моц з факту ўваскрасення Хрыста.
Святар заклікаў дзяліцца гэтаю радасцю надзеі з усімі сустрэтымі людзьмі, бо яна аб’ядноўвае.
Прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, клірык кафедральнага сабора Перамянення Пана ў Заслаў’і іерэй Вячаслаў Шафарэнка засяродзіўся на каштоўнасцях, якія аб’ядноўваюць вернікаў розных канфесій, і заклікаў «будаваць масты» паміж хрысціянамі, адкідваючы ўсё, што іх падзяляе.
Прадстаўнік лютэранскай супольнасці з Мінска лектар Ігар Несцяровіч звярнуў увагу на тое, што памылкі мінулага, якія прывялі да падзелаў сярод хрысціянаў, не могуць стаць перашкодай у плённым супрацоўніцтве і сумесным сведчанні аб Хрысце.
Са словам ды прысутных звярнуўся таксама арцыбіскуп Кандрусевіч, які перадусім нагадаў, што ў 2025 годзе Каталіцкі Касцёл адзначае Юбілей пад дэвізам «Пілігрымы надзеі».
«Мы ўсе з’яўляемся пілігрымамі ў дом нябеснага Айца. Мы розныя, але ў нас аднолькавы „хрысціянскі ДНК“, які заклікае да адзінства, для чаго трэба дазволіць Святому Духу дзейнічаць у нас.
Мы павінны супольна сведчыць пра хрысціянскія каштоўнасці, каб свет будаваўся на агульных і вечных прынцыпах Евангелля і маральнасці», — падкрэсліў заслужаны іерарх. Звяртаючыся да дэвізу сёлетняга тыдня малітваў аб адзінстве, ён дадаў, што падобна таму, як Езус спытаўся сястру памерлага Лазара, ці яна верыць ва ўваскрашэнне цела, так сёння Збаўца пытаецца ў сучасных хрысціянаў, ці яны вераць у магчымасць уваскрашэнне адзінства? «Езус можа ўваскрасіць хрысціянскае адзінства, для чаго трэба маліцца і дазволіць Духу Святому дзейнічаць», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён звярнуў увагу на сімвалічнасць таго, што сёлета прыпадае юбілей 1700-годдзя з часу Нікейскага Сабору, які абарніў адзінства хрысціянства і прыняў агульны для ўсіх хрысціянаў Сімвал веры, а таксама што супадае дата Пасхі для ўсіх хрысціянскіх канфесій — 20 красавіка.
«Ці гэта не знакі, якія павінны нас натхняць на больш руплівую працу для дасягнення адзінства ўсіх веравызнанняў?!» — усклікнуў з надзеяй заслужаны беларускі іерарх на заканчэнне прамовы.
Напрыканцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім удзельнікам малітвы і асабліва яе арганізатару, пробашчу заслаўскай парафіі ксяндзу каноніку Антонію Клімантовічу.