Пошук

28.01.2025 14:40   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

25 студзеня ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылося экуменічнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў духавенства і вернікаў розных хрысціянскіх канфесій.

Набажэнства адбывалася ў свята Навяртання святога апостала Паўла, на заканчэнне Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, які штогод праводзіцца з 18 па 25 студзеня.

Сёлета ён праходзіў пад дэвізам «Ці верыш у гэта?» (Ян 11, 26) і быў прысвечаны 1700-годдзю з часу Нікейскага Сабору, на якім зацвердзілі першы Сімвал хрысціянскай веры.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у экуменічным набажэнстве ў Гродне, якое ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, удзельнічалі прадстаўнікі Рыма-Каталіцкага Касцёла, Апостальскай адміністратуры для грэка-католікаў у Беларусі, Беларускай Праваслаўнай Царквы, евангелічна-лютэранскай супольнасці, супольнасці «Царква поўнага Евангелля „Жывое Слова“».

Вітаючы прысутных, біскуп Гуляй нагадаў, што ідэя правядзення Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў нарадзілася з усведамлення таго, што падзелы паміж хрысціянамі «з’яўляюцца вялікім няшчасцем і спакусай, супярэчаць волі Хрыста, які хацеў, каб усе Яго вызнаўцы „былі адно“».

«Мы павінны рабіць усё, што ў нашых сілах, каб знайсці страчанае адзінства», — дадаў іерарх.

У ходзе малітоўнай сустрэчы прадстаўнікі канфесій па чарзе звярнуліся да ўдзельнікаў.

Перадусім было зачытана прывітальнае слова, з якім звярнуўся да ўдзельнікаў набажэнства праваслаўны епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній.

«Шчыра перакананы, што запаведзі аб любові да Бога і бліжніх павінны быць альфай і амегай пошукаў хрысціянскага адзінства ў ХХІ стагоддзі. <…> Пустым звонам будуць разважанні на тэму духоўнасці, пазбаўленыя любові. І наадварот: любоў, якая выяўляецца ў добрых справах, здольная стаць нашай агульнай мовай», — падкрэсліў праваслаўны іерарх.

Ён дадаў, што «не павінна быць месца спробам навязаць штучнае „адзінства“ як нейкі глабальны кампраміс»: «гісторыя паказвае, што такія палітычна-рэлігійныя праекты заўсёды цягнулі за сабой сумныя наступствы». Епіскап Антоній падкрэсліў, што праваслаўным і католікам важна «навучыцца ўспрымаць адзін аднаго ў якасці не канкурэнтаў, а саюзнікаў», і выказвае меркаванне, што «жыццё ў Гродзенскім рэгіёне з яго адмысловым культурным кодам дае шанц пацвердзіць праўду гэтых словаў».

Прадстаўнік Апостальскай адміністратуры для грэка-католікаў у Беларусі айцец Андрэй Крот у звароце да прысутных прызнаўся, што яго ўзрушвае традыцыя збірацца разам на экуменічным набажэнстве ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў. «Калі мы молімся так ужо каторы раз, то значыць, гэта справа Божая, якая сапраўды ляжыць у нас на сэрцы, якая нас хвалюе і якой мы гатовы прысвячаць свой час і малітву», — сказаў грэка-каталіцкі святар.

«Нас яднаюць не чалавечыя рашэнні, прынцыпы, правілы — нас яднае Збаўца», — дадаў айцец Андрэй і заахвоціў працягваць «шукаць тое, што яднае».

Прадстаўнік евангелічна-лютэранскай супольнасці пастар Уладзімір Татарнікаў заўважыў, што «ў Касцёл мы прыходзім не за ведамі, не за эмоцыямі, а за жыццём, за надзеяй». Ён дадаў, што зямныя надзеі не спраўджваюцца, але «Касцёл — месца, дзе жыццё і надзея прабываюць дзякуючы Слову, вестцы аб Божай любові».

Па словах пастара, канфесіі могуць адрознівацца ведамі, каштоўнасцямі, элементамі веравучэння, «але самае галоўнае, што нас аб’ядноўвае, — гэта жыццё, надзея, сакрамэнт хросту і Слова Бога: тое, што мы павінны зберагаць і над чым павінны разам, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці, працаваць».

Пастар Уладзімір падкрэсліў: «Езус Хрыстус сярод нас быў, ёсць і будзе вечна».

Пастар Віктар Сцяпко з супольнасці «Царква поўнага Евангелля „Жывое Слова“» адзначыў: «Сёння Пан задае нам пытанне: „Хто Я для вас?“ І кожны з нас павінен на гэтае пытанне адказаць».

Пастар нагадаў словы Пана: «Я стварыў Касцёл, і брамы пекла яго не перамогуць», і дадаў, што, як відаць з гэтых словаў, «калі Касцёл будзе ўзносіцца, то будзе ў адным „экземпляры“».

З заключным словам выступіў біскуп Уладзімір Гуляй. Іерарх перадусім нагадаў, што свет быў створаны Богам як месца, «дзе чалавек павінен быў быць шчаслівым і рэалізоўваць сябе ва ўсёй паўнаце ў любові і гармоніі жыцця з Панам», але чалавек не захаваў вернасці Богу, таму свет страціў першапачатковую дасканаласць.

Біскуп звярнуў увагу на тое, як важна разумець, што «Езус — маё ўваскрасенне і жыццё», давярацца Яму і дазваляць «дзейнічаць паводле Яго, а не нашай мудрасці». Разважаючы над чытаннем Евангелля пра ўваскрашэнне Езусам Лазара, іерарх заўважыў: «Нярэдка нам здаецца, што Пан Езус рэагуе занадта позна ці няправільна на нашы пакуты або наогул не прыходзіць на дапамогу. <…> Мы найперш павінны ўсвядоміць, што Езус — праўдзівы Бог, а Божыя думкі — не нашы думкі.

Ён бачыць больш і далей, чым мы; бачыць, што нам патрэбна, хоча нам дапамагчы і дапамагае найлепшым чынам з усіх магчымых і найбольш адпаведным, хоць і не заўсёды менавіта так, як мы чакаем», — падкрэсліў біскуп Гуляй.

Пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі заахвоціў удзельнікаў набажэнства паверыць у тое, што Езус хоча пастаянна выводзіць чалавека «з магілы малавер’я, пыхі, эгаізму, грахоў, залежнасцяў і слабасцяў», як вывеў з магілы Лазара, каб чалавек «перастаў засяроджвацца на сабе, зірнуў на Езуса, на Яго Крыж і ішоў за Ім да збаўлення дарогай любові».

Напрыканцы набажэнства біскуп Уладзімір Гуляй падзякаваў прысутным вернікам розных канфесій, якія разам са сваімі духоўнымі кіраўнікамі прыйшлі на гэтую малітоўную сустрэчу.

 

Абноўлена 28.01.2025 14:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця