Пошук

02.06.2026 18:30   Тэкст: кс. кан. Віктар Мыслюк / Фота: з архіва парафіі / Catholic.by

31 мая, у апошнюю нядзелю месяца, падчас парафіяльнай урачыстасці ў гонар Найсвяцейшай Тройцы ў касцёле ў Росі (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат), святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Віцэ-старшыня ККББ.

У літургіі святой Імшы таксама прынялі ўдзел ксёндз канонік Чэслаў Паўлюкевіч, кусташ санктуарыя Хрыста Журботнага, і ксёндз канонік Віктар Мыслюк, які паходзіць з парафіі ў Росі. У гэты дзень ксёндз Віктар адзначаў срэбраны юбілей прэзбітэрскага пасвячэння. Падчас Імшы ён дзякаваў Богу за 25 гадоў святарскага служэння.

Святар з хваляваннем успомніў гады ўзрастання ў веры ў роднай парафіі, падзякаваўшы ўсім парафіянам і сваёй сям'і за прыклад веры, духоўную і матэрыяльную падтрымку.

У сваёй гаміліі біскуп Буткевіч, аднакурснік юбіляра з семінарыі, растлумачыў вернікам праўду веры пра Святую Тройцу. Ён таксама з вялікай павагай звярнуўся да спадарыні Аліны, маці ксяндза Віктара, падзякаваўшы ёй за выхаванне сына і сведчанне веры ў цяжкія для Касцёла часы.

Пасля заканчэння Імшы прадстаўнікі парафіі ў Росі і дэлегацый з іншых парафій, дзе некалі працаваў або актуальна служыць юбіляр, выказалі яму цёплыя пажаданні і падзяку за святарскае служэнне.

Ансамбль «Крэсавякі» з Ліды ўзбагаціў літургію сваім спевам, выканаўшы гімны ў гонар Святой Тройцы.

Пасля цырымоніі ў касцёле сям'я і сябры ксяндза Віктара сабраліся ў мясцовым доме пілігрыма «Голас Айца» на абед. Падчас сустрэчы зноў выступіў ансамбль «Крэсавякі», які прынёс радасць юбіляру і яго блізкім. Падчас абеду ксёндз Віктар з удзячнасцю звярнуўся да ксяндза Чэслава, дзякуючы яму за гасціннасць і магчымасць разам святкаваць юбілей святарства як за эўхарыстычным, так і за сямейным, сталом.

Напрыканцы Імшы кожны яе ўдзельнік атрымаў выяву цудатворнай статуі Пана Езуса з Росі. Юбіляр запэўніў усіх у сваёй малітве.

Абноўлена 02.06.2026 20:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця