Пошук

04.08.2026 15:35   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Артур Антушэвіч

1 жніўня ў санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат) адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, для пілігрымаў, якія сабраліся там у гэты дзень.

У старадаўнюю святыню, дзе знаходзіцца славутая ласкамі фігура Езуса Журботнага, прыйшлі пешыя пілігрымкі з Гродна (300 чалавек), Мастоў (200 чалавек) і Ваўкавыска (150 чалавек). Таксама ў індывідуальным парадку прыбылі пілігрымы з бліжэйшых мясцін, шмат людзей прыехала на ўласным транспарце.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч падчас Эўхарыстыі маліўся за ўсіх прысутных, найперш за тых, хто прыйшоў у пешых пілігрымках. Удзельнікі Імшы, якіх сёлета было вельмі шмат, маліліся ў сваіх інтэнцыях.

У гаміліі біскуп Аляксандр падкрэсліў, што ў Росі «стагоддзямі насустрач чалавечай слабасці і пакутам выходзіць наш Збаўца і робіць гэта ў вельмі красамоўным знаку у постаці, якая паказвае Яго як Журботнага».

Іерарх адзначыў, што прысутнасць шматлікіх паломнікаў у гэтым месцы, асвячоным малітвамі, пакутамі і ахвярай многіх пакаленняў хрысціян, «з’яўляецца сведчаннем нашай веры і жадання знаходзіцца побач з Хрыстом».

«Многія з вас пераадолелі дзясяткі кіламетраў, ідучы пешшу ў спякоту і дождж, церпячы нязручнасці і нягоды пілігрымкі, з ружанцам у руках, з малітвай і песняй на вуснах», дадаў першы ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі.

Біскуп заклікаў усіх прысутных трываць пры Хрысце, «бо толькі ў Ім наша надзея, толькі Ён наша дарога, праўда і жыццё, толькі ў Ім ёсць збаўленне вечнае».

«Як вучні Езуса Хрыста давайце пойдзем за Ім шляхам крыжа, памятаючы, што ў канцы гэтага шляху нас чакае не паражэнне, а найвялікшая і самая выдатная перамога — уваскрасенне»,

дадаў біскуп Аляксандр.

Ад імя біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя іерарх падзякаваў усім пілігрымам за сведчанне веры і любоў да Бога і Касцёла і пажадаў, каб гэтае пілігрымаванне прынесла шчодры плён у іх жыцці. Таксама біскуп выказаў кусташу санктуарыя ксяндзу каноніку Чэславу Паўлюкевічу падзяку за цёплы прыём і гасціннасць.

Пасля святой Імшы была магчымасць індывідуальнай малітвы, затым адбыліся адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і канферэнцыя.

Абноўлена 04.08.2026 15:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа