Невялікая група вернікаў гродзенскай катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя на чале з сястрой Марленай з Шанштацкага Інстытута Сясцёр Марыі ў індывідуфальным парадку здзейсніла пілігрымку на роварах з Мастоў у парафію Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах, што на Магілёўшчыне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Бялынічы славутыя тым, што тут калісьці ўшаноўваўся цудадзейны абраз Маці Божай Бялыніцкай — адна з першых на тэрыторыі Беларусі ікон Багародзцы, каранаваных папскімі каронамі.
Каб трапіць сюды, пілігрымы пераадолелі на роварах каля 500 кіламетраў.
Сваімі ўражаннямі яны падзяліліся на сайце Grodnensis.by.
Ірына:
— Сэрца перапоўнена ўдзячнасцю Богу за гэты цудоўны і неверагодны час, удзячнасцю сястры Марлене і нашаму пробашчу Яну Кучынскаму за арганізацыю гэтай пілігрымкі, усім удзельнікам — за цяпло і падтрымку, усім людзям добрай волі — за тое, што дапамагалі нам на гэтым шляху ў нашых патрэбах, адчынялі нам дзверы сваіх дамоў, дзяліліся ежай і цяплом сваіх сэрцаў, духоўна падтрымлівалі ў малітве.
У гэтай пілігрымцы я яшчэ раз пераканалася, які вялікі, які ўсемагутны, які міласэрны наш Бог і як клапоціцца пра нас Маці Божая, і захапілася гэтым.
Вельмі ўразіў мяне Бялыніцкі абраз, які знаходзіцца ў сціплай, але вельмі ўтульнай каплічцы. І цешылася душа, што на яе парозе нас сустракаў святар з адкрытым на людзей сэрцам.
Аксана:
— У жыцці ёсць такія моманты, калі, сутыкаючыся са сваім болем, не маеш сіл нават на малітву… У гэты раз у дарозе я судакранулася з такой сваёй ранай. Але маёй малітвай сталі слёзы, пераадоленне сябе, каб рухацца наперад, і барацьба ўнутры свайго фізічнага і духоўнага.
Злучаючы ўсё гэта з Езусам, я ведаю, што абавязкова будзе плён і будзе душэўнае аздараўленне. А яшчэ ў дарозе было шмат цудаў і такой відавочнай, для мяне проста адчувальнай прысутнасці Пана, што нават боль не змог заглушыць ува мне дзіцячую радасць…
Яшчэ адзін адрэзак шляху, які застанецца ў сэрцы.
Алена:
— Для многіх словы „500 кіламетраў на ровары“ гучаць жахліва. Для мяне гэта словы, якія прынеслі радасць і задавальненне. Не было практычна ніякай фізічнай стомленасці, таму што быў палёт душы.
Пілігрымка Масты–Бялынічы — гэта маленькі рай на зямлі. Гэта месца, дзе мне было так добра, як мала дзе бывае. У пілігрымцы спаўняліся абсалютна ўсе жаданні.
Сястра Марлена:
— Жнівень — гэта перыяд, калі ўся Польшча пілігрымуе на Ясную Гару. Далучыцца да гэтага кірунку пілігрымавання было для мяне вельмі важнай справай. І зусім другараднае значэнне мае тое, іду я гэтыя кіламетры пяшком ці еду на ровары: галоўнае, што я ў дарозе да Бога. Галоўнае, што я прыкладваю намаганні і прыношу ахвяру, пераадольваю сябе, як фізічна, так і духоўна, каб перамяніцца, каб навярнуцца. Хто хоць раз пілігрымаваў, той ведае, што такія намаганні не пазбаўлены радасці. <…>
Мы ўжо тры разы былі ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях, а затым падарожнічалі па іншых санктуарыях Беларусі. Ездзілі на роварах у Будслаў, Лагішын, Браслаў, Рось, Гудагай, Адэльск, Жыровічы, Шуміліна, Брэст, Баруны. І вось цяпер прыйшла чарга Бялынічаў.
Гэта была найбольш доўгая з нашых пілігрымак. Яе арганізацыя заняла шмат часу. <…>
Саміх удзельнікаў пілігрымкі было толькі пяць, але каб гэтая пяцёрка шчасліва дабралася да месца прызначэння, працаваў цэлы штаб розных людзей. За кожнага з іх я асабіста дзякавала Богу.
Нягледзячы на тое, што працягласць шляху гэтай пілігрымкі была вельмі вялікай, для мяне яна была найбольш лёгкай у фізічным сэнсе. Надвор’е было ідэальнае. Нават у дажджлівыя дні дождж быў наперадзе нас, быў ззаду, быў побач з намі, але ніводнага разу нас не нагнаў. Таксама ўпершыню ў нас была святая Імша ў дарозе. Ксёндз Віктар Ханька прыехаў да нас і цэлебраваў Імшу побач з шашой. <…>
Было вельмі дзіўна, што ўпершыню, нібыта выпадкова, у Доме малітвы нам аказаў гасціннасць пратэстанцкі святар. Гэта была вельмі цікавая сустрэча: я б назвала яе «Евангеллем у дзеянні». <…>
Хачу выразіць вялікую ўдзячнасць усім удзельнікам гэтай пілігрымкі за дух цішыні і дух малітвы.
Так атрымоўвалася, што кожны вечар у нас была магчымасць супольнай малітвы, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ці супольнага пятнічнага Крыжовага шляху. Дзякую за гэтыя хвіліны засяроджання і задуменнасці, адкрытасці на Божае дзеянне ў нас. А таксама дзякую за выключнае пачуццё гумару і радасць, нягледзячы на розныя нязручнасці і цяжкасці.