Пошук

09.09.2025 11:24   Тэкст: Кс. Юзаф Сярпейка / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У Бялынічах прайшло святкаванне традыцыйнай ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню Маці Божай Бялыніцкай. Гэтая падзея штогод збірае вернікаў з розных куткоў Беларусі, каб разам узняць малітвы да Найсвяцейшай Панны, Апякункі і Заступніцы нашага краю.

Святкаванне распачалося ў пятніцу 5 верасня ўрачыстай святой Імшой, якую ўзначаліў пробашч мясцовай парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка. Гэтая Імша распачала саракагадзіннае набажэнства, якое доўжылася тры дні і ночы. Вернікі няспынна адаравалі Хрыста, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, давяраючы Яму свае асабістыя і супольныя інтэнцыі.

На працягу ўсяго набажэнства асаблівая ўвага надавалася дзвюм інтэнцыям: малітве аб глыбокай веры ў рэальную прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі і просьбе аб умацаванні сем’яў. Гэта стала галоўным духоўным акцэнтам адарацыі, а супольная малітва вернікаў сведчыла пра жывую веру і моцнае жаданне будаваць жыццё на падмурку Божай любові.

У пятніцу і суботу падчас Імшаў бялыніцкі душпастыр звярнуўся да вернікаў з духоўнымі канферэнцыямі на тэму Эўхарыстыі. Асновай для разважанняў сталі містычныя аб’яўленні балівійкі Каталіны Рывас, якія дапамагаюць глыбей асэнсаваць таямніцу прысутнасці Езуса ў святой Камуніі. Гэтыя сведчанні з’яўляюцца моцным напамінам аб тым, што Эўхарыстыя — гэта не толькі абрад, але жывая сустрэча з Хрыстом, які чакае нашай любові і ўдзячнасці.

У нядзелю 7 верасня адбыўся кульмінацыйны момант усяго святкавання — урачыстая святая Імша ў гонар Маці Божай Бялыніцкай, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Гэтая галоўная літургічная падзея сабрала асабліва вялікую колькасць вернікаў і пілігрымаў. З Магілёва, між іншым, у дзясятай юбілейнай пешай пілігрымцы прыйшло больш за 80 пілігрымаў.

На пачатку ўрачыстай Эўхарыстыі ўсіх прысутных: Мітрапаліта, святароў, законных сясцёр, пілігрымаў і ўсіх, хто прычыніўся да арганізацыі фэсту, сардэчна прывітаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, адказны за Магілёўскі рэгіён. Ён падкрэсліў, што гэтая ўрачыстасць — не проста сустрэча, але духоўнае пілігрымаванне, якое яднае ўсіх у веры, надзеі і любові да Маці Божай Бялыніцкай. Асобна Ён звярнуўся да пілігрымаў, адзначыўшы іх ахвярнасць і сведчанне жывой веры і назваўшы іх шлях «Евангеллем у дзеянні». Біскуп заклікаў усіх прысутных адкрыць сэрцы на Божую ласку, каб гэтая Эўхарыстыя стала для іх часам глыбокага духоўнага абнаўлення і еднасці з Хрыстом праз заступніцтва Маці Божай Бялыніцкай.

Арцыбіскуп Станеўскі, вітаючы прысутных, звярнуў увагу на значэнне Маці Божай як Маці і Настаўніцы веры, якая вядзе сваіх дзяцей да Езуса. Ён падкрэсліў, што ў Эўхарыстыі мы злучаемся з самім Панам, а праз заступніцтва Марыі можам лепш адкрыць сэрца на Божую ласку.

Асаблівую прыгажосць і ўзнёсласць імшальнай літургіі надаў хор з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, які сваімі пранікнёнамі спевамі аздабляў урачыстасць і дапамагаў усім прысутным глыбей перажыць сакрамэнтальную таямніцу.

У прамоўленай гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі параўнаў Маці Божую з Зоркай, што заўсёды свеціць чалавеку і паказвае дарогу. «Марыя — гэта наша асаблівая Зорка, якая нясе ў сабе бязмежную любоў і міласэрнасць. Яна — наша Нябесная Маці, якая заўсёды побач, якая чуе нашыя малітвы і суцяшае нас у скрусе», — адзначыў ён.

Разважаючы над Евангеллем пра вяселле ў Кане Галілейскай, пастыр нагадаў словы Марыі: «Не маюць віна» (Ян 2, 3), тлумачачы, што яны «адлюстроўваюць глыбіню чалавечай патрэбы». Ён падкрэсліў, што Найсвяцейшая Панна заўсёды прыходзіць у момант, калі чалавеку здаецца, што ўсё страчана, і вядзе яго да свайго Сына. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на заклік Марыі: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2, 5). Гэта «не загад, а запрашэнне; не патрабаванне, а давер», які адкрывае шлях да цуду.

«Маці Божая Бялыніцкая — гэта не Каралева з тронам і каронай, а Каралева з адкрытым сэрцам. Яе каралеўская годнасць — у пакоры. Яе ўлада — у любові. Яе слава — у служэнні», — дадаў біскуп, падмацоўваючы свае словы прыкладамі святых — святой Тэрэзы з Лізьё, Яна Паўла ІІ і Максіміліяна Кольбэ, якія асабліва моцна перажывалі заступніцтва Марыі.

Ён падзяліўся таксама асабістым сведчаннем:

«У цяжкі момант жыцця я звярнуўся ў малітве да Маці Божай Бялыніцкай, і адчуў, што сілы вяртаюцца, а сэрца напаўняецца надзеяй».

У завяршэнне сваёй гаміліі біскуп Яшэўскі заклікаў вернікаў заўсёды давяраць сваё жыццё Марыі і прымаць Яе словы як кірунак руху: «Няхай Яна накіроўвае нас да Езуса, нашага Збаўцы, які з’яўляецца крыніцай усякай ласкі і нашай найвялікшай надзеі».

Асаблівай радасцю падчас урачыстай Імшы стала прысутнасць групы людзей, якія ў кастрычніку прымуць удзел у аўтобуснай пілігрымцы ў Рым. Мітрапаліт Юзаф Станеўскі разам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім уручылі ім пілігрымскія хусты — знак распазнання шляху і духоўнай еднасці, які будзе суправаджаць іх на дарозе да святыняў Вечнага горада.

Пасля святой Імшы арцыпастыр таксама ўручыў юбілейныя медалі прадстаўнікам парафій Магілёўскага рэгіёну і гасцям з іншых парафіяльных супольнасцяў архідыяцэзіі. Гэта быў знак удзячнасці і прызнання за іх працу на карысць Касцёла, за вернасць і сведчанне веры ў розных абставінах жыцця.

На заканчэнне арцыбіскуп Станеўскі нагадаў словы Папы Францішка, што «мы ўсе — “пілігрымы надзеі”, пакліканыя несці святло веры нават у цемру няпэўнасці». У той жа час, цытуючы Папу Льва XIV, ён падкрэсліў, што хрысціяне з’яўляюцца «апосталамі надзеі», бо праз іх жыццё, малітву і сведчанне Божая надзея становіцца бачнай і дзейснай у свеце.

Завяршаючы Імшу, арцыбіскуп шчыра падзякаваў усім прысутным на бялыніцкіх урачыстасцях: святарам, кансэкраваным асобам, парафіянам, пілігрымам і ўсім, хто сваім удзелам і служэннем надаў святу асаблівую глыбіню і прыгажосць.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі да слоў арцыпастыра дадаў словы падзякі мясцовым уладам, службе парадку і аховы здароўя: «Ужо цяпер выказваю шчырую ўдзячнасць прадстаўнікам свецкіх уладаў Магілёўскай вобласці і Бялыніцкага раёна, а таксама тым, хто забяспечваў суправаджэнне з боку ДАІ і хуткай дапамогі. Ваша падтрымка і супрацоўніцтва сведчаць пра павагу да духоўнай спадчыны Каталіцкага Касцёла на нашых землях і клопат пра духоўнае дабро людзей. Няхай Бог адорыць вас мудрасцю і сілай у служэнні супольнаму дабру».

Гэтая ўрачыстасць стала асаблівым знакам адзінства Касцёла: разам маліліся святары, кансэкраваныя асобы, вернікі розных пакаленняў і госцi, якія прыбылі ў Бялынічы. Святло веры, дух братэрства і пяшчота малітвы, узнесенай праз рукі Марыі, зрабілі гэтую падзею сапраўдным духоўным святам усяго рэгіёна.

Вялікай падзякі заслугоўваюць таксама бялыніцкія парафіяне, якія прыклалі шмат высілкаў дзеля прыгожай падрыхтоўкі гэтай урачыстасці: прыбралі святыню і тэрыторыю вакол яе, упрыгожылі алтар і касцёл кветкамі, а таксама прыгатавалі ежу і ўсю неабходную дапамогу для пілігрымаў і гасцей. Іх самаадданасць і гасціннасць стварылі асаблівую атмасферу сямейнага свята, дзе кожны адчуваў сябе чаканым і любым.

Абноўлена 09.09.2025 12:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця