Пошук

14.10.2024 00:00   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

12 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) з удзелам вялікай колькасці вернікаў прайшлі ўрачыстасці каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы засмучаных.

Папярэдняя каранацыя абраза Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ў Беларусі пятнаццаць гадоў таму: 22 жніўня 2009 года арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснэр усклаў папскія кароны на цудатворную ікону Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў.

Год таму тагачасны пастыр Гродзенскай дыяцэзіі, сёння — біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч прыняў рашэнне каранаваць старадаўні Барунскі абраз, які ўжо больш за тры стагоддзі слыне цудамі і карыстаецца вялікай пашанай вернікаў.

Гэтай без перабольшання гістарычнай падзеі папярэднічала малітоўная падрыхтоўка ў форме навэнны з дзевяці субот, калі ў санктуарыі збіраліся вернікі з розных дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі і іншыя пілігрымы.

Рыхтаваліся да каранацыі і мясцовыя вернікі на чале са сваім душпастырам ксяндзом Паўлам Паўлюкевічам, пробашчам барунскай парафіі і кусташам санктуарыя. Іх стараннямі з дапамогай дабрачынцаў у святыні была пакладзена новая падлога, адноўлены алтары ў прэзбітэрыі і зроблена шмат іншых прац у касцёле і на прыкасцёльнай тэрыторыі.

Каранацыйныя ўрачыстасці распачаліся вігіліяй увечары напярэдадні, а з раніцы Маці Божая сабрала ў сваім Барунскім санктуарыі больш за дзве тысячы ўдзельнікаў, якія прыбылі з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы, між іншым, з Літвы і Польшчы, дзе таксама распаўсюджаны культ Маці Божай Барунскай.

З Ашмянаў, цэнтра дэканата, у Баруны прыехала група пілігрымаў на роварах, але большасць пілігрымаў прыбылі на аўтобусах і на ўласным транспарце. Так, толькі з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) на каранацыю прыехалі каля дзвюх соцень асоб на чале з пробашчам, ксяндзом канонікам Аляксандрам Барылам.

У цэлебрацыі святой Імшы, падчас якой адбыўся абрад каранацыі абраза, бралі ўдзел іерарахі і больш за восем дзясяткаў святароў з усіх беларускіх дыяцэзій — як лацінскага абраду так і грэка-каталіцкіх на чале з Апостальскім адміністратарам для грэка-католікаў у Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.

Варта адзначыць, што абраз Маці Божай Барунскай асаблівым чынам ушаноўваецца грэка-католікамі. У Барунах некалі знаходзіўся грэка-каталіцкі кляштар айцоў базыльянаў, а напрыканцы 80-х – на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя тут нёс душпастырскае служэнне адзін з адраджэнцаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы айцец Ян Карповіч-Матусевіч.

Узначаліў цэлебрацыю Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Разам з арцыпастырам маліліся біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, які здзейсніў абрад каранацыі.

Ва ўрачыстай працэсіі залатыя кароны, зробленыя майстрам Даніэлем Бэднарчыкам па праекце Войцеха Вулкоўскага, у касцёл унеслі прадстаўнікі старэйшага пакалення вернікаў барунскай парафіі: сужэнства Лісоўскіх.

Фота Міколы Гракава

Велічная святыня не змясціла ўсіх сабраных, з-за чаго многія удзельнічалі ў Імшы, стоячы звонку. Маці Божая паклапацілася і пра іх, даўшы ў гэты дзень цудоўнае сонечнае надвор’е па-сапраўднаму залатой восені.

Напачатку да сабраных удзельнікаў каранацыйнай урачыстасці звярнуўся пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі, які перадусім прывітаў прысутных іерархаў, Часовага паверанага ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксяндза прэлата Кшыштафа Сэроку, прадстаўнікоў мясцовай улады, парафіянаў і пілігрымаў.

«Са шчырай радасцю вітаю вас у гэты асаблівы дзень, калі мы сабраліся разам, каб ушанаваць цудадзейны абраз Маці Божай Суцяшальніцы ў Барунах і ўдзельнічаць у яго каранацыі. Гэтая падзея — сімвал глыбокай удзячнасці вернікаў за незлічоныя ласкі, якія на працягу стагоддзяў праз заступніцтва Марыі дасягалі тых, хто шукаў у Яе дапамогі.

Маці Божая Суцяшэння заўсёды побач са сваімі дзецьмі, у хвіліны радасці і смутку. Яна як любячая Матуля дапамагае тым, хто пакутуе, хто знаходзіцца ў цяжкасцях ці згубіўся на жыццёвым шляху. Сёння мы карануем абраз Маці Божай як знак нашай вялікай пашаны і даверу да Яе няспыннай апекі», — адзначыў біскуп Гуляй. Ён выказаў пажаданне, каб каранацыйная ўрачыстасць стала моцным духоўным досведам для ўсіх удзельнікаў, а таксама нагодай для асабістага навяртання і паглыблення веры.

«Заклікаю вас адкрыць сэрцы для Езуса Хрыста праз заступніцтва Марыі, нашай Каралевы. Няхай Яе любоў і заступніцтва вядзе нас, нашыя сем’і, наш Касцёл і ўсю краіну шляхам міру, надзеі і Божай ласкі», — сказаў біскуп Уладзімір Гуляй.

Арцыбіскуп Станеўскі, распачынаючы Імшу, нагадаў пра пачатак культу Маці Божай Барунскай. Багародзіца, як гэта часта здаралася, выбрала для гэтага нічым не прыкметнае і да таго ж цяжкадаступнае ў XVII стагоддзі месца сярод глухой пушчы, паабяцаўшы, што «тут будуць штодзённа Мяне вітаць людзі. Учыню так, што <…> тут заўсёды будуць аказаны вялікія ласкі Маім людзям, якія будуць да Мяне маліцца».

Іерарх адзначыў, што ўжо ў першыя дзесяцігоддзі пасля пабудовы ў Барунах касцёла тут былі занатаваныя не менш 460 цудаў, атрыманых праз заступніцтва Панны Марыі перад Яе цудадзейным абразом.

«Сёння, як тады і на працягу вякоў, Марыя, Маці Божая Барунская, Суцяшальніца Засмучаных, чуе просьбу, выказаную вуснамі сыноў і дачок нашага народа: „Ратуй мяне, Маці Барунская“, а таксама: „Дзякуй Табе, Маці, што не пакідаеш сваіх дзяцей засмучанымі“», — адзначыў арцыбіскуп Станеўскі.

У прамоўленай гаміліі ён перадусім заўважыў, што праз цырымонію каранацыі абраза, здзейсненую ў 330-ю гадавіну з часу прызнання яго цудадзейным, «мы хочам выказаць нашу асаблівую падзяку і любоў да Маці Божай. Мы хочам яшчэ больш даверыць Ёй сваё жыццё, жыццё нашых сем’яў і нашу Радзіму.

Кароны, якія будуць ахвяраваныя Маці Божай і Яе Сыну, з’яўляюцца выразам любові вернікаў і падзякай біскупа Аляксандра за супольны шлях 33-х гадоў крочання да порту збаўлення.

У гэтых каронах — сэрцы вернікаў, у іх — вашая праца, намаганні і радасць, у гэтых каронах — удзячнасць за атрыманыя ласкі, дапамогу і суцяшэнне. У гэтым каштоўным матэрыяле — вашая любоў і сужэнская вернасць, клопат пра дзяцей і бацькоў, самотных і хворых. Гэтыя кароны маюць у сабе і пераадоленыя вамі выпрабаванні рэлігійнага пераследу, жудасці войнаў, слёзы сірот і ўдоваў», — падкрэсліў арцыпастыр. Ён дадаў, што «той, хто прыходзіць сюды, знаходзіць сябе, сваё жыццё, сваю штодзённасць, сваю слабасць і адначасова моц веры і надзеі — моц, якая вынікае з пераканання, што Маці не пакідае сваё дзіця ў няшчасці, але вядзе яго да Сына і выпрошвае Яго міласэрнасць».

Разам з тым іерарх адзначыў, што фундаментальнай праблемай сучаснага свету з’яўляецца «крызіс Бога», або адсутнасць Бога ў думках і дзеяннях чалавека.

«Многія людзі паводзяць сябе так, быццам Бог не існуе. І нават сярод вернікаў часта здараецца, што яны здзяйсняюць рэлігійныя практыкі без сувязі з жывым Богам.

Таму <…> трэба абудзіцца ад стомленага і пазбаўленага энтузіязму хрысціянства. Сённяшні свет патрабуе сведкаў веры: тых, хто дае свету надзею. Таму мы прыходзім сюды, да Марыі па дапамогу», — сказаў арцыбіскуп.

Далей ён засяродзіўся на незаменнай ролі сям’і — «хатняга Касцёла» — у перадачы веры наступным пакаленням і выхавання на традыцыйных хрысціянскіх і агульначалавечых каштоўнасцях, зазначыўшы, што для поспеху ў гэтай справе неабходна, каб «каб Касцёл і дзяржава, сям’я і школа гаварылі адным голасам».

«Марыя нас просіць і наказвае, каб мы абаранялі непарыўнасць сужэнства, абаранялі годнасць маці, годнасць жанчыны, адказнасць мужчыны», — падкрэсліў Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату, дадаўшы, што «Маці Божая Суцяшэння таксама заахвочвае нас любіць і шанаваць Маці-Айчыну».

«Сённяшняя прыгожая ўрачыстасць з’яўляецца гістарычнай падзеяй для санктуарыя ў Барунах, для Гродзенскай дыяцэзіі і для ўсіх нас. Даверым сябе і нашых блізкіх, сем’і і грамадства Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы Засмучаных, даверым Ёй нашу радзіму і ўсе яе клопаты з гарачай просьбай, каб мы ніколі не адлучаліся ад Хрыста і ўмелі жыць кожны дзень у еднасці з Богам і ў супакоі з людзьмі», — заахвоціў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пасля гэтага біскуп Кашкевіч узнёс малітву падзякі, благаславіў кароны і з дапамогай кусташа санктуарыя ўсклаў іх на цудудзейны абраз.

Паколькі старадаўняя ікона мае вялікую мастацкую каштоўнасць, кароны мацуюцца не да жывапіснай выявы на дрэве, а да металічнай рамы з элементамі шаты: німбаў і промняў вакол абліччаў Езуса і Марыі. Першай была замацавана меншая карона над абліччам Дзіцяткі, потым — над абліччам Маці.

Прыгожым спевам урачыстасць у Барунах аздобіў хор сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены «Голас душы», а пры алтары служылі студэнты, якія праходзяць падрыхтоўку да святарства ў Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Гродне.

На заканчэнне святой Імшы да прысутных звярнулася намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Ганна Язель, якая павіншавала вернікаў з радаснай падзеяй. Словы падзякі ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі і правядзення ўрачыстасці, выказаў таксама кусташ санктуарыя ксёндз Павел Паўлюкевіч.

Святар запэўніў, што дзверы Марыйнага санктуарыя ў Барунах заўсёды адчыненыя для тых, хто шукае суцяшэння ў смутку, заступніцтва і абароны нябеснай Матулі.

Больш фота з урачыстасці каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай — на старонках Catholic.by у сацыяльных сетках.

Абноўлена 14.10.2024 20:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа