
З 15 па 18 кастрычніка ў Росі прайшоў «Малы курс хрысціянскага жыцця» (Cursillo). У Беларусі ён праводзіўся ў пяты раз.
На працягу трох дзён у рэкалекцыйным доме «Голас Айца» пятнаццаць удзельнікаў пад кіраўніцтвам дзесяці супрацоўнікаў і двух духоўных кіраўнікоў руху Cursillo, засяродзіўшы ўвагу на адзінаццаці тэмах, звязаных з хрысціянскай верай і жыццём, разважалі, вялі дыялог і дзяліліся асабістым вопытам.
У цэнтры праграмы кожнага дня была Імша, таксама быў час для супольнага разважання над Божым словам, адарацыі і асабістай малітвы.
У нядзелю 18 кастрычніка ў санктуарыі Езуса Журботнага адбылося рассыланне выпускнікоў курса. Цырымонію ўзначаліў біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч.
У прысутнасці выпускнікоў мінулых гадоў ён уручыў сёлетнім выпускнікам крыжы і звярнуўся да іх з пастырскім словам.
Паколькі 18 кастрычніка адзначалася 100-я Місійная нядзеля, біскуп назваў рассыланне выпускнікоў у гэты дзень знакам Божага Провіду. Іерарх сказаў, што пасля трохдзённага курса яны распачынаюць чацвёрты дзень Cursillo — шлях, які працягнецца ўсё іх жыццё, і што як сведкі Хрыста і Яго Евангелля, а таксама ў адпаведнасці з дэвізам руху «Любоў, радасць, свабода» яны пакліканы весці многіх іншых да крыніц збаўлення.
Удзельнікам сёлетняга Cursillo ў Росі адрасавалі словы адзінства і падтрымкі, а таксама запэўнілі ў малітве прадстаўнікі руху з Харватыі, Венгрыі, Украіны, Гібралтара і іншых краін.
Гэтай вясной рух Cursillo у Беларусі быў афіцыйна ўключаны ў структуры сусветнага Cursillo (OMCC) і стаў часткай Усходне- і Цэнтральнаеўрапейскай правінцыі руху.
Папа Леў XIV, калі быў біскупам у Перу, удзельнічаў у Cursillo, потым быў яго супрацоўнікам, у далейшым спрыяў развіццю руху.











































