
Біскупы ардынарыі персанальных ардынарыятаў для былых англікан вылучылі сем галоўных рыс, якія складаюць іх тоеснасць і могуць служыць узбагачэнню ўсяго Касцёла.
З 1 па 3 сакавіка 2026 года ў Дыкастэрыі веравучэння прайшла пленарная сустрэча біскупаў ардынарыяў персанальных ардынарыятаў, створаных на падставе Апостальскай канстытуцыі Anglicanorum сoetibus. Прэфект ватыканскага ведамства, кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, папрасіў іерархаў падзяліцца досведам таго, як у іх супольнасцях захоўваюцца і інтэгруюцца элементы англіканскай традыцыі. На падставе іх адказу быў падрыхтаваны адмысловы дакумент, апублікаваны на сайце Дыкастэрыі.
Каштоўны дар
Біскупы сцвердзілі, што, нягледзячы на вялікія геаграфічныя адлегласці паміж ардынарыятамі, у іх супольнасцях, дзе б яны ні знаходзіліся, выразна праяўляецца агульная тоеснасць.
«Гэтая агульная тоеснасць караніцца ў супольным шляху следавання за Хрыстом, які прывёў іх да поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам»,
— адзначылі іерархі, заўважыўшы, што, уступаючы ў гэту еднасць, яны прынеслі з сабой тое, што Павел VI назваў «каштоўнай спадчынай пабожнасці і звычаяў». Біскупы згадалі таксама, што Апостальская канстытуцыя Бэнэдыкта XVI Anglicanorum сoetibus, выдадзеная ў 2009 годзе, апісвае гэту спадчыну як «каштоўны дар [...] і скарб, якім трэба дзяліцца».
Сем рысаў тоеснасці
Іерархі вылучылі некалькі рысаў, якія яны лічаць характэрнымі для духоўнай і пастырскай спадчыны ардынарыятаў. Першай яны назвалі «эклезіяльны этас», які характарызуецца актыўным удзелам духавенства і свецкіх вернікаў у жыцці і кіраванні Касцёлам, а таксама адкрытасцю на прыняцце новых вернікаў.
Другая рыса — евангелізацыя праз прыгажосць. Яна прадугледжвае ўвагу да літургіі, сакральнай музыкі і мастацтва, якія разглядаюцца як сродкі для ўвядзення ў еднасць з Богам і як місіянерскія інструменты.
Трэцяя рыса спадчыны ардынарыятаў — канкрэтнае служэнне патрабуючым як неад’емная частка духоўнага жыцця. «У ардынарыятах прыгажосць літургіі і святасць жыцця выяўляюцца ў канкрэтных рэаліях месцаў пражывання», — напісалі біскупы.
Чацвёртай рысай іерархі назвалі пастырскую культуру, якая прадугледжвае цесную сувязь паміж літургіяй і штодзённым жыццём.
«Адметнасцю тут з’яўляецца літургічны, амаль манаскі рытм, уласцівы англіканскай духоўнай традыцыі. Важным элементам з’яўляецца супольная малітва Літургіі гадзін як малітва ўсяго Божага народу»,
— гаворыцца ў тэксце.
Пятая рыса — сям’я як «хатні Касцёл». «Дом лічыцца першым месцам, дзе вучацца веры і жывуць ёй. Асаблівая ўвага надаецца сакрамэнту сужэнства і ролі бацькоў як галоўных выхавацеляў іх дзяцей у веры», — напісалі ардынарыі.
Шостая характарыстыка — моцная традыцыя прапаведавання, заснаванага на Святым Пісанні, увага да інтэлектуальнага сілкавання вернікаў як неад’емнай часткі сілкавання іх душаў.
«Тут зноў з’яўляецца тэма прыгажосці: сустрэча з Хрыстом у бляску літургіі і абвяшчэнні Божага слова не разумеюцца як асобныя рэальнасці, а як два вымярэнні адной і той жа сустрэчы. У супольнасцях ардынарыяту гэта рэалізуецца на моцным падмурку Традыцыі (асабліва вучэння Айцоў Касцёла) і з прызнаннем ролі розуму ў гармоніі з верай і служэнні ёй»,
— падкрэслілі біскупы.
Сёмая рыса — важнае значэнне духоўнага кіраўніцтва і сакрамэнту пакаяння, асабістая ўвага да кожнага верніка і яго суправаджэнне на шляху да сустрэчы з Хрыстом, Добрым Пастырам.






