Пошук

07.02.2024 11:07   Vatican News
Фота: Vatican News

5–6 лютага 2024 года ў Ватыкане праходзіла сустрэча Рады кардыналаў. У пасяджэнні бралі ўдзел усе кардыналы-дарадчыкі на чале з Папам.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, раніца 5 лютага была прысвечана паглыбленню разважанняў пра ролю жанчын у Касцёле. З дакладамі выступілі сястра Лінда Почар з Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, выкладчыца хрысталогіі і марыялогіі Папскага факультэта адукацыйных навук Auxilium у Рыме, Джуліва дзі Бэрардзіна, кансэкраваная свецкая верніца з дыяцэзіі Вероны, выкладчыца і кіраўніца курсаў духоўнасці і духоўных практыкаванняў, а таксама доктар Джо Бэйлі Уэлс, біскуп Англіканскай царквы і намесніца Генеральнага сакратара Англіканскай супольнасці. У далейшым ходзе сустрэчы, якая працягнулася 6 лютага, Рада засяродзілася на іншых пытаннях.

На мінулым снежаньскім пасяджэнні асноўная ўвага была ўдзелена такім тэмам, як роля жанчын у Касцёле, канфлікты ва Украіне і на Святой Зямлі, канферэнцыя па клімаце COP28, якая ў той час праходзіла ў Дубаі, ініцыятывы па прадухіленні злоўжыванняў дзецьмі і ўразлівымі людзьмі, Сінод і рэалізацыя апостальскай канстытуцыі Prædicate Evangelium у дыяцэзіяльных курыях.

Рада кардыналаў была створана Папам Францішкам 28 верасня 2013 года. Яе задача — дапамагаць Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і ў правядзенні рэформы Рымскай курыі.

Першае пасяджэнне Рады адбылося ў Ватыкане 1 кастрычніка 2013 года.

7 сакавіка 2023 года Святы Айцец абнавіў склад Рады кардыналаў. У яе склад цяпер уваходзяць Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы кардынал П’етро Паралін, старшыня Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан і Губернатарата Дзяржавы Ватыкан кардынал Фэрнандо Вэргэс Альсага, арцыбіскуп Кіншасы з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга кардынал Фрыдалін Амбонга Бэсунгу, арцыбіскуп Мумбая з Індыі кардынал Освальд Грасіяс, арцыбіскуп Бостана з ЗША кардынал Шон Патрык О’Мэлі, арцыбіскуп Барселоны з Іспаніі кардынал Хуан Хасэ Амэлья-і-Амэлья, арцыбіскуп Квебека з Канады кардынал Жэрар Лакруа, арцыбіскуп Люксембурга кардынал Жан-Клод Ольрыш, арцыбіскуп Сан-Салвадора-да-Бая з Бразіліі кардынал Серджыу да Роша. Сакратаром Рады з’яўляецца італьянскі біскуп Марко Мэліна. Першая сустрэча абноўленай структуры адбылася 24–25 красавіка 2023 года.

Абноўлена 07.02.2024 11:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця