Ці ёсць месца штучнаму інтэлекту ў манаскім жыцці? Адказаць на гэта пытанне паспрабавалі італьянскія святары і прадстаўніцы жаночых манаскіх супольнасцяў падчас сустрэчы, якая прайшла ў Рыме 27–28 кастрычніка. Суразмоўцы імкнуліся высветліць, як ШІ можа служыць чалавеку, не замяняючы міжасабовых адносін і духоўнага жыцця.
Сустрэча прайшла пад назвай «Жаночыя кляштары ў эпоху штучнага інтэлекту» і стала першай ініцыятывай Фонду «Ad Bonum Facere ETS», заснаванага ў 2025 годзе кляўзуровымі супольнасцямі капуцынак, кларысак, бэнэдыктынак і кармэлітак босых. Па свайму фармату гэта быў курс разважанняў пра чалавека, камунікацыю і новыя тэхналогіі ў святле энцыклікі Льва XIV Magnifica humanitas з практычным навучаннем у галіне кананічнай, юрыдычнай, фінансавай і адміністрацыйнай адказнасці манаскіх супольнасцей.
Карэспандэнт Vatican News Дэбара Кастэлана Любоў узяла інтэрв’ю у аднаго з удзельнікаў мерапрыемства — айца Філіпа Ларэя.
Доктар Філіп Ларэй — святар, філосаф і эксперт у пытаннях штучнага інтэлекту і этыкі. Раней ён выкладаў ў Папскім Латэранскім універсітэце ў Рыме, а сёння ён працуе ў Бостанскім каледжы, у тым ліку выкладае курсы пра штучны інтэлект, веру і розум.
На пытанне, чаму важна абмяркоўваць пытанні ШІ у кантэксце кляўзуровых кляштараў, ксёндз Ларэй адказаў, што новыя тэхналогіі карэнным чынам змяняюць грамадства і ахопліваюць увесь свет, таму законніцам неабходна асэнсаваць, як выкарыстоўваць іх у сваім жыцці і пакліканні ў святле энцыклікі Льва XIV.
Манаскае жыццё і ШІ

Манахіні, якія жывуць у кляўзуры, большую частку дня не маюць патрэбы ў штучным інтэлекце. Таму айцец Ларэй прызнаў, што спачатку і сам меў падобныя сумневы: навошта штучны інтэлект манаскім супольнасцям, жыццё якіх заснавана на малітве, маўчанні і сузіранні?
«Штучны інтэлект не можа замяніць непасрэдных адносін чалавека з Богам і іншымі людзьмі»,
— падкрэсліў ксёндз Ларэй.
Аднак гэта не азначае, што манаскае жыццё цалкам павінна заставацца па-за тэхналагічнымі зменамі. Пры больш уважлівым разглядзе стала відавочна, што ШІ можа мець практычнае прымяненне. Акрамя духоўнага жыцця манахіні выконваюць адміністрацыйныя абавязкі і вырашаюць розныя практычныя пытанні: размаўляюць з рыэлтарамі і юрыстамі, займаюцца закупкай прадуктаў і неабходных рэчаў для кляштара.
Менавіта ў такіх сітуацыях, на думку айца Ларэя, штучны інтэлект можа быць карысным.
Ён можа дапамагчы атрымаць неабходную інфармацыю, падрыхтавацца да перамоў і іншых паўсядзённых спраў. Таму манаскім супольнасцям важна разумець магчымасці новых тэхналогій і ўмець карыстацца імі, не перашкаджаючы іх малітоўнаму і сузіральнаму жыццю.
Пры гэтым айцец Ларэй звяртае ўвагу на рызыкі выкарыстання штучнага інтэлекту.
Адна з іх — так званыя «галюцынацыі» ШІ, калі сістэма фантазуе і выдае выдуманую інфармацыю за сапраўдную. Таму любую інфармацыю, атрыманую з дапамогай штучнага інтэлекту, неабходна правяраць і ставіцца да яе крытычна.
Сярод інструментаў, якія могуць выкарыстоўвацца для пошуку інфармацыі, ён называе ChatGPT, які цяпер дае спасылкі на крыніцы, а таксама каталіцкі ШІ-дадатак Magisterium AI, распрацаваны Мэцью Сандэрсам. Аднак і ў гэтым выпадку неабходна правяраць прапанаваныя сістэмай крыніцы.
Два папы — дзве рэвалюцыі
Размова пра штучны інтэлект закранае не толькі практычныя пытанні манаскага жыцця, але і больш шырокі выклік, перад якім сёння стаіць чалавецтва. Сваю прэзентацыю на мерапрыемстве ксёндз Ларэй прысвяціў сувязі сацыяльнага вучэння Касцёла і ШІ. Ён звярнуў увагу на тое, што большасць раздзелаў энцыклікі Magnifica humanitas тычыцца менавіта сацыяльнага вучэння Касцёла, а апублікаваная яна была ў 135-ю гадавіну дакумента Льва XIII, які паклаў пачатак гэтаму вучэнню.

Айцец Ларэй невыпадкова праводзіць паралель паміж сучаснай тэхналагічнай рэвалюцыяй і прамысловай рэвалюцыяй XIX стагоддзя. Гэтую паралель можна ўбачыць і ў выбары імя цяперашняга Папы.
Леў XIV узяў імя свайго папярэдніка Льва XIII, які ў свой час дапамагаў Касцёлу асэнсаваць наступствы прамысловай рэвалюцыі. Сёння перад чалавецтвам стаіць новая рэвалюцыя — тэхналагічная, звязаная са штучным інтэлектам.
Паводе словаў ксяндза Ларэя, як Леў XIII дапамагаў чалавецтву асэнсаваць змены, выкліканыя прамысловай рэвалюцыяй, так і Леў XIV імкнецца дапамагчы чалавецтву прайсці праз выклікі сучаснай тэхналагічнай рэвалюцыі.
«Усё будзе мяняцца. Ужо мяняецца. Як вы можаце бачыць кожны дзень, у галіне штучнага інтэлекту з'яўляюцца новыя распрацоўкі»,
— адзначае ксёндз Ларэй. Таму важна, каб сёстры заставаліся ў курсе гэтых змен і разумелі, як прымяніць іх у сваім жыцці.




